Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Аналітычная тыднёвая справаздача па выніках назірання: 2-8 ліпеня

ВЫБАРЫ ДЭПУТАТАЎ ПАЛАТЫ ПРАДСТАЎНІКОЎ
НАЦЫЯНАЛЬНАГА СХОДУ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ ПЯТАГА СКЛІКАННЯ

Аналітычная тыднёвая справаздача па выніках назірання №3
2-
8 ліпеня

Агульныя высновы

  • 6 ліпеня скончыўся прыём дакументаў для вылучэння ў склад акруговых выбарчых камісіяў. Рашэнні па фармаванні камісіяў будуць прынятыя 9 ліпеня прэзідыумамі абласных, Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў і абласнымі, Мінскім гарадскім выканаўчымі камітэтамі.
  • У інфармацыйнай прасторы краіны тэма парламенцкіх выбараў асвятляецца неактыўна. Дзяржаўныя СМІ ігнаруюць перадвыбарчаю актыўнасць апазіцыйных сіл, але публікуюць матэрыялы пра дзеючых дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і патэнцыйных кандыдатаў ад улады.
  • Адбылося пасяджэнне Цэнтрвыбаркама, на якім Дзмітрыю Вусу было адмоўлена ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па змяненні выбарчага заканадаўства. Прыняты шэраг пастаноў, у тым ліку, пра прадастаўленне кандыдатам эфірнага часу.
  • Рада ААН па правах чалавека прагаласавала за ўвядзенне мандата спецдакладчыка па Беларусі. Гэта справакавала рэзкую рэакцыю афіцыйнага Мінска, які заявіў пра непрызнанне мандату спецдакладчыка і адмовіўся з ім супрацоўнічаць.
  • Фіксуюцца факты ціску на актывістаў, структуры апазіцыі і грамадзянскай супольнасці.

 

СМІ пра выбары

Дзяржаўныя тэлеканалы практычна не асвятляюць выбарчую актыўнасць апазіцыйных палітычных партый. Пры гэтым у шэрагу выбарчых акругаў зафіксаваны матэрыялы ў падтрымку патэнцыйных праўладных кандыдатаў. У сталічнай і рэгіянальнай прэсе выходзяць інтэрв'ю з дэпутатамі дзеючага парламента. З’явіліся агітацыйныя друкаваныя матэрыялы з заклікам да байкатавання парламенцкіх выбараў.

 

Пасяджэнне Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў

5 ліпеня адбылося пасяджэнне Цэнтрвыбаркаму, на якім прынята рашэнне адмовіць у рэгістрацыі ініцыятыўнай групе Дзмітрыя Вуса па змяненні выбарчага заканадаўства. Адмова матываваная недакладнасцямі ў падрыхтаваных дакументах і парушэннямі падчас сходу ініцыятыўнай групы.

Усяго на пасяджэнні ЦВК прынята шэсць пастановаў, у тым ліку:

Пастанова № 33 "Аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку выкарыстання сродкаў масавай інфармацыі пры падрыхтоўцы і правядзенні выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання". Згодна з палажэннем кандыдат мае права апублікаваць сваю праграму ў адной з нацыянальных дзяржаўных газет ці ў дзяржаўнай газеце, што выдаецца на тэрыторыі выбарчай акругі. Кандыдатам прадастаўляецца 5 хвілін для выступу на дзяржаўным радыё, 5 хвілін на дзяржаўным тэлебачанні, а таксама 5 хвілін для выступу ў межах дэбатаў. Пастановай замацавана, што трансляцыя выступаў і дэбатаў будзе адбывацца ў запісу. Упершыню на парламенцкіх выбарах з’яўляецца магчымасць размяшчэння палітычнай рэклямы ў СМІ за кошт прыватных выбарчых фондаў кандыдатаў. Парадак выкарыстання гэтага механізму замацаваны ў пастанове. Аднак мінулыя прэзідэнцкія выбары, пасля якіх з-за рэкламы, аплочанай апазыцыйнымі кандыдатамі ў прэзідэнты, недзяржаўная радыёстанцыя «Аўтарадыё» была пазбаўлена эфірнай частаты, даюць падставы сумнявацца, што палітычная рэкляма будзе масавай з’явай.

Пастанова № 34 "Аб Наглядальнай радзе па кантролю за выкананнем парадку і правілаў правядзення перадвыбарчай агітацыі ў сродках масавай інфармацыі”. У склад рады ўвайшлі прадстаўнікі дзяржаўных СМІ і Міністэрства інфармацыі. Грамадзянскую супольнасць у ёй рэпрэзентуюць два члены праўладнага Саюза журналістаў. Прадстаўнікоў БАЖ, недзяржаўных СМІ ў Наглядальнай радзе няма. 


Міжнародны кантэкст і рэакцыя ўладаў

5 ліпеня Рада ААН па правах чалавека прагаласавала за ўвядзенне скасаванага ў 2007 г. мандата спецдакладчыка па Беларусі. Паводле новага мандату спецыяльны дакладчык будзе прадстаўляць сваю справаздачу не толькі Савету па правах чалавека ААН, але і Генеральнай Асамблеі ААН. Гэта справакавала рэзкую рэакцыю афіцыйнага Мінска, які заявіў пра непрызнанне мандату спецдакладчыка і адмовіўся з ім супрацоўнічаць. Адначасова Еўрапарламент прыняў чарговую рэзалюцыю па Беларусі, у якой асудзіў парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, заклікаў да рэфармавання заканадаўчай базы, у тым ліку, і выбарчага заканадаўства. Краіны-сябры ЕС закліканы разгледзець магчымасць пашырэння санкцыяў адносна беларускага кіраўніцтва. Гэтыя дзве падзеі зноў прыцягнулі ўвагу міжнароднай супольнасці да Беларусі. Яны могуць мець негатыўныя наступствы для ўнутрыпалітычнай сітуацыі – выклікаць меры з боку беларускага кіраўніцтва, як гэта было са спісам невыязных, уведзеным у адказ на пашырэнне санкцыяў з боку ЕС.

6 ліпеня Палата прадстаўнікоў разам з МЗС Беларусі накіравала запрашэнні міжнародным арганізацыям, а таксама АБСЕ, прыняць удзел у назіранні за парламенцкімі выбарамі. Выбарчая кампанія 2012 г. не стане выключэннем і пройдзе пад наглядам міжнародных назіральнікаў.


Ціск на грамадскіх актывістаў

4 ліпеня суд Партызанскага раёна г. Мінска ў межах справы Алеся Бяляцкага прыняў рашэнне канфіскаваць офіс Праваабарончага цэнтру «Вясна». Гэта стварае істотныя перашкоды незалежнаму назіранню за выбарамі ў Палату прадстаўнікоў.

4 ліпеня актывіст кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Моўчан асуджаны да штрафу за “незаконнае пікетаванне”.

5 ліпеня віцебская актывістка кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Алена Семенчукова асуджаная да 10 сутак арышту за распаўсюджванне ўлётак з заклікам да байкоту выбараў.

4 ліпеня Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 295 «Аб спрашчэнні парадку выезду з Рэспублікі Беларусь». Указам унесеныя змены ў палажэнне аб банку дадзеных асобаў, якім абмежавана права выезду з краіны. Фактычна палажэнне дае права КДБ уносіць у спіс невыязных тых грамадзян, якія стаяць на прафілактычным уліку ў КДБ. Такім чынам адбылася легалізацыя спісаў невыязных грамадзян, у якія патрапілі вядомыя грамадскія дзеячы і апазіцыянеры.

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма