Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Бабруйск: Пікеты ў лесапарках і на стадыёнах, агітацыйныя матэрыялы – на прыпынках і каля ЖЭУ

На тэрыторыі Першамайскага раёна для правядзення сустрэч кандыдатаў у дэпутаты і іх давераных асобаў выдзелена актавая зала Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Гэтае ж памяшканне прадастаўлялася кандыдатам і на мінулых выбарах. Гэтае памяшканне - не самы горшы варыянт, побач прыпынак гарамадскага транспарту, гэта фактычна цэнтр гораду, негледзячы на тое, што насупраць знаходзяцца гарадскія могілкі.

Для масавых мерапрыемстваў – мітынгаў, пікетаванняў, на тэрыторыі раёна вызначылі тэрыторыю спартовай базы ФК “Белшына” (мякка кажучы, няўдалае месца, знаходзіцца на ўскрайку лесапарку) і адкрытая пляцоўка перад спартовай залай вучэльні алімпійскага рэзерву (не менш няўдалае месца, знаходзіцца на тэрыторыі былога вайсковага гарадка).

Для размяшчэння агітацыйных матэрыялаў мясцовыя ўлады таксама вызначылі нешматлюдныя месцы: інфармацыйныя стэнды на ўчастках для галасавання, інфармацыйныя шчыты каля сямі ЖЭУ, рэкламныя шчыты на скрыжаванні вуліц Батава і Будаўнікоў, на канечнай аўтобуса №18, прыпынак на скрыжаванні вуліц Ульянаўская і Арджанікідзэ, прыпынак на вуліцы Ракасоўскага (аўтакааператыў), прыпынак Кісялевічы.

Сачыць за тым, каб кандыдаты прытрымліваліся адведзеных месцаў і складаць пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях будуць намеснік старшыні адміністрацыі і аддзел ідэалогіі. Сачыць за правапарадкам мусіць начальнік УУС Аляксандр Васільеў.

На тэрыторыі Ленінскага раёна месцамі для правядзення масавых мерапрыемстваў будуць адкрытыя пляцоўкі, прылеглыя да футбольнага поля дзіцяча-юнацкай спартовай школы. Гэта месца на ўскрайку горада, куды даязджае ўсяго пара гарадскіх аўтобусных маршрутаў.

У якасці памяшкання для правядзення сустрэч з выбаршчыкамі на тэрыторыі раёна вызначылі актавую залу Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Як паказвае практыка мінулагодніх выбараў, для бабруйчан бывае складана знайсці гэты будынак, хоць і знаходзіцца ён непадалёку ад цэнтральнага рынку, як кажуць, “у дварах”.

Для гэтых жа мэтаў, толькі для выбаршчыкаў Сельскай акругі, вызначана глядацкая зала Цэнтра культуры па завулку Пяшчаным.

Для размяшчэння агітацыйных друкаваных матэрыялаў вызначаныя, як пазначана ў афіцыйным дакуменце, “стэнды ў найбольш наведваемых грамадзянамі месцах”, то бок на стэндах каля шасці ЖЭУ.

Адказным асобам рэкамендуецца “прадпрымаць аператыўныя меры” ў выпадку правядзення кандыдатамі сустрэч у нявызначаных месцах ці па з’яўленні агітацыйных матэрыялаў дзе-небудзь акрамя стэндаў каля ЖЭУ. Вінаватых будуць прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасці. Складаць пратаколы  на тэрыторыі Ленінскага раёна таксама будуць прадстаўнікі адміністрацыі з усім аддзелам ідэалогіі.

 

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

 

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма