Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

60 былых і дзейсных дэпутатаў зарэгістраваны ў якасці кандыдатаў

Старшыня ЦВК заяўляла, што 21 дзейсны дэпутат будзе балатавацца ў парламент сёлета. Сёння высветлілася, што яшчэ 29 кандыдатаў – гэта дэпутаты папярэдніх скліканняў.

Агулам зарэгістравана 363 кандыдаты з 494, якія падавалі заявы. Гэта на 90 чалавек больш, чым было ў 2008 годзе. Найбольшую актыўнасць праявілі партыі – 206 кандыдатаў, у 2008 годзе іх было 50.

Старшыня ЦВК тлумачыць рост наступным чынам: “Пазітыўна спрацавалі ўсе новаўвядзенні 2010 года. Быў спрошчаны парадак вылучэння ад палітычных партыяў, спрошчаны парадак збору подпісаў, зменьшыліся патрабаванні да падачы дэкларацыі”.

Агулам 8 партыяў удзельнічаюць у парламенцкай кампаніі, столькі ж удзельнічала і на папярэдніх парламенцкіх выбарах. Праўда, ад Беларускай аргарнай партыі сёлета ідзе толькі адзін прэтэндэнт, але ён падаваў рэгістрацыю не ад партыі, таму фактычна 7 партыяў будуць удзельнічаць у кампаніі. Найбольшую актыўнасць праявілі Ліберальна-дэмакратычная партыя – больш за 70 кандыдатаў, на другім месцы – Аб’яднаная дэмакратычная партыя – 35 кандыдатаў.

122 фізічным асобам было адмоўлена ў рэгістрацыі, яшчэ 9 прэтэндэнтаў самі знялі свае кандыдатуры напярэдадні рэгістрацыі.

Па выніку чатыры выбарчыя акругі будуць безальтэрнатыўнымі – па адной у Гродзенскай, Брэсцкай вобласцях і дзве акругі ў Мінскай вобласці. У 2008 годзе было 16 безальтэрнатыўных акругаў.

Сёння апошні дзень, калі ЦВК прымае заявы на абскарджванне адмовы ў рэгістрацыі.  Па словах Ярмошынай, пакуль паступіла 20 скаргаў са 122 адмоваў. Тыповыя памылкі, якія сталі прычынай адмовы ў рэгістрацыі, - недакладныя звесткі ў дэкларацыі аб даходах і маёмасці, а таксама больш за 15% прадстаўленых подпісаў прызналі несапраўднымі.

Лідзія Ярмошына таксама паведаміла, што зарэгістраваны 21 кандыдат з дэпутатаў цяперашняга парламенту. Але агулам 60 былых дэпутатаў будуць балатавацца сёлета. Па назіраннях кіраўніцтва ЦВК, сёлета стала меньш кандыдатаў узростам да 30 год.

Л. Ярмошына адзначыла, што крытэры адбору кандыдатаў на сёлетніх выбарах былі больш строгія, чым на прэзідэнцкіх у 2010 годзе. “Справа ў тым, што кандыдатаў у прэзідэнты рэгіструе ЦВК, удэпутаты – мясцовыя акруговыя камісіі. У Цэнтрвыбаркаме працуюць больш дасведчаныя людзі, якія трактуюць усё выключна па літары закона. У рэгіёнах людзі падрыхтаваныя меньш, таму яны больш строга кантралююць усё, памылкі верагодныя больш”.

На сёння Цэнтрвыбаркам акрэдытаваў 164 міжнародных назіральнікаў: 105 – ад выканкама СНД, 48 – ад БДІПЧ АБСЕ, 7 – ад Міжпарламенцкай асамблеі, 3 – ад расійскага ЦВК, 1 – ад ЦВК Малдовы.

Пры гэтым місія СНД заявіла пра гатоўнасць даслаць больш за 300 назіральнікаў, такія самыя лічбы называе і БДІПЧ АБСЕ. З беларускіх назіральнікаў зараз акрэдытавана каля тысячы чалавек, яны працуюць у ЦВК і акруговых выбарчых камісіях. Агулам Цэнтрвыбаркам прагназуе да 30 тысяч нацыянальных назіральнікаў.

Што датычыцца яўкі выбаршчыкаў, то старшыня ЦВК Ярмошына мае аптымістычны прагноз і давярае сацыялагічнаму апытанню інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры адміністрацыі прэзідэнта. Паводле ліпеньскага апытання, цэнтр прагназаваў яўку 67% па краіне і 51% па Мінску. “Але ліпень не самы лепшы месяц як для збору подпісаў, так і для правядзення сацыялагічных апытанняў, - адзначыла Ярмошына. – Таму я мяркую, што яўка будзе больш высокай – да 70% па краіне”.

Ад сёння Цэнтрвыбаркам запускае сайт, прысвечаны парламенцкім выбарам у Беларусі - http://www.vybory2012.by/.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

 

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма