Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Баранавічы: Рыгор Грык заяўляе пра падман выбаршчыкаў з боку сябраў АВК

  • Рыгор Грык, грамадскі актывіст з Баранавіч
    Рыгор Грык, грамадскі актывіст з Баранавіч

Баранавіцкі прэтэндэнт у дэпутаты беспрацоўны Рыгор Грык 24 жніўня падаў скаргу ў Цэнтральную выбарчую камісію на рашэнне камісіі Баранавіцкай-Усходняй выбарчай акругі № 6.

Нагадаем, што камісія 22 жніўня не зарэгістравала яго кандыдатам у дэпутаты, выявіўшы ў падпісных лістах за яго вылучэнне 62 несапраўдныя подпісы (18%). Рыгор Грык катэгарычна не пагадзіўся з такім рашэннем АВК. Ён вырашыў высветліць прычыны, па якіх грамадзяне пісьмова “пацвярджалі”, што ў падпісных лістах дата і подпіс пастаўлены чужою рукою. За два дні прэтэндэнт у дэпутаты сабраў 29 заяваў, у якіх выбаршчыкі пісьмова паведамілі, што дата і подпісы пастаўлены імі асабіста. Таццяна Шылава, Зінаіда Анцэвіч, Лідзія Сідорка, Алена Булыга, Аляксандра Бондар, Ларыса Новікава, Таццяна Сіліцкая і іншыя напісалі заявы ў АВК № 6, што правяраючыя свядома ўводзілі іх у зман пры праверцы падпісных лістоў.

– Людзі ў нас даверлівыя, і гэтым карыстаюцца несумленныя сябры АВК. Яны не чыталі зместу таго ліста, які ім падсоўвалі падпісаць. Правяраючыя прасілі гэтых людзей распісацца ў лісце, што яны не адмаўляюцца ад свайго подпісу ў маю падтрымку. І выбаршчыкі падпісваліся, не падазраючы ашуканства. А цяпер высветлілася, што грамадзяне падпісвалі ліст аб тым, што гэта сам Рыгор Грык паставіў дату і подпіс у падпісным лісце, – патлумачыў Рыгор Грык.

У сваёй скарзе ў ЦВК Рыгор Грык просіць адмяніць рашэнне АВК № 6 ад 22 жніўня і зарэгістраваць яго кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма