Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Віцебскія выбарчыя камісіі "згубілі" два дамы. Затое яшчэ два – "знайшлі"

Здарылася так праз нядбайнасць сябраў камісій або выпадкова – значэння ў прынцыпе не мае. Галоўнае, што "страчаныя" і "знойдзеныя" дамы – гэта глеба для махінацый з падлікамі, лічаць праваабаронцы і ўдзельнікі выбарчай кампаніі.

"Страчанымі" аказаліся два шматпавярховыя кватэрныя дамы па вуліцы Броўкі, №37 і №39, распавёў віцебскі актывіст Сяргей Парсюкевіч:

"Гэта два дзевяціпавярховыя дамы, у кожным па 7 пад'ездаў. Прыблізна каля тысячы выбаршчыкаў. Але іхных прозвішчаў у спісах камісіі няма. Сакратар камісіі 44-га ўчастка гаворыць, што гэтых людзей, калі яны прыйдуць галасаваць, будуць заносіць у дадатковы спіс. Дарэчы, выбарчы ўчастак знаходзіцца досыць далёка, а прамога транспартнага маршруту няма. Так што наўрад ці прыйдзе шмат народу. Але колькі б чалавек ні прыйшло, не будзе зафіксавана лічба тых, хто не з'явіўся, - бо няма агульнага спісу. Адпаведна, яўка будзе залічана як 100%".

Кандыдат па Віцебскай-Чкалаўскай выбарчай акрузе №18 Аляксей Гаўруцікаў ужо даслаў скаргу ў ЦВК на нядобрасумленную працу камісіі, якая "страціла" такую значную колькасць выбаршчыкаў.

А вось камісія  выбарчага ўчастку №45 Кастрычніцкай выбарчай акругі  "знайшла" два дамы: у межы участку ўключаны дамы № 22 і №24 па вуліцы Чапаева, якія знеслі яшчэ паўтара гады таму. Іх спрабаваў знайсці праваабаронцы Павел Левінаў:

"На гэтым месцы вырыты катлаван, які абнесены плотам. Жыхары бліжэйшых дамоў ужо нават не памятаюць, колькі было паверхаў у тых дамах, што знеслі. Нехта кажа, што 2, а нехта -3. Але ўсе сцвярджаюць, што дамы былі "густанаселеныя". Іх даўно планавалі  пад знос, адпаведна, усе насельнікі спадзяваліся атрымаць новае жытло, ніхто адсюль не выпісваўся, хутчэй наадварот – стараліся прыпісацца. А камісія ці то проста дрэнна спрацавала, скарыстаўшыся нейкімі пазамінулагоднімі спісамі, ці то знарок "пакінула сабе" выбаршчыкаў са знесеных дамоў".

Павел Левінаў напісаў пра гэты выпадак у ЦВК, каб неіснуючыя дамы выключылі з межаў участка. І папрасіў неадкладна праінфармаваць яго асабіста, ці выключаная гэтая магчымасць для фальсіфікацый.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма