Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Вынікі назірання за перадвыбарчай агітацыяй

Выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў
Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання

 

Справаздача па выніках назірання за перадвыбарчай агітацыяй

22 верасня 2012 г.

 

Прававой асновай правядзення перадвыбарнай агітацыі стала абноўленая рэдакцыя ВК, змены і дапаўненні ў якой пашырылі магчымасці агітацыйнай дзейнасці ў параўнанні з парламенцкімі выбарамі 2008 г. Аднак выкарыстанне новых нормаў было звужана дзеяннямі выканаўчай улады, у выніку чаго значная колькасць кандыдатаў ад апазіцыйных партый пазбаўлены магчымасці данесці сваю пазыцыю да выбаршчыкаў. Зафіксаваны шматлікія выпадкі забароны трансляцыі, цэнзуры выступаў і праграм апазіцыйных кандыдатаў. Гэта істотна абмежавала іх правы і правы выбаршчыкаў на атрыманне поўнай і аб’ектыўнай інфармацыі аб кандыдатах і іх праграмах[1].

 

Цэнзура ў СМІ

 

Кандыдатам прадастаўлена права на пяціхвілінны выступ на дзяржаўным радыё, дзяржаўным тэлебачанні. Назіральны савет па кантролю за выкананнем парадку і правілаў правядзення перадвыбарнай агітацыі ў сродках масавай інфармацыі (НС), створаны Цэнтральнай камісіяй, вырашыў, што выступы кандыдатаў ад АГП, якія заклікаюць да байкоту выбараў, не з’яўляюцца перадвыбарнай агітацыяй. З улікам рэкамендацый НС Цэнтральная камісія ў перавышэнне сваіх паўнамоцтваў скарэктавала нормы выбарчага права. Пастановай № 93 забароненыя заклікі да байкоту выбараў у агітацыйных выступах кандыдатаў, што пярэчыць арт. 45, 47 ВК.

На падставе Пастановы тэлерадыёкампаніі пачалі масава адмаўляць у прадастаўленні эфірнага часу тым кандыдатам, якія заклікаюць да байкоту. 28 жніўня тэлерадыёкампанія «Гомель» не паказала выступ кандыдата ад АГП па Гомельскай-Савецкай выбарчай акрузе № 34 Васіля Палякова. Тэлеканал «Беларусь-2» не паказаў выступы кандыдатаў ад АГП Адама Варанца (Гомельская сельская выбарчая акруга № 37) і Марата Афанасьева (Буда-Кашалёўская выбарчая акруга № 38) і інш. Па гэтай жа прычыне цэнзураваліся праграмы кандыдатаў, прапанаваныя для друку ў  дзяржаўнай прэсе.

 

Абмежаванні пры правядзенні дэбатаў

 

Пастанова № 122 Цэнтральнай камісіі забараніла ўдзельнічаць у дэбатах тым двераным асобам, якія самі з’яўляюцца кандыдатамі ў дэпутаты. Гэта пярэчыць арт. 46 ВК, які дазваляе давераным асобам кандыдатаў удзельнічаць у дэбатах замест кандыдата без умоваў і абмежаванняў.

Перадвыбарчыя дэбаты адбыліся ў меншасці акругаў: у г. Мінску – у 14 акругах, у Брэсцкай і Віцебскай абласцях – у 8 акругах, у Магілёўскай – у 5 акругах, у Мінскай і Гомельскай абласцях – у 2 акругах. У Гродзенскай вобласці не адбылося ніводных радыё- або тэледэбатаў. 7 дэбатаў былі знятыя з эфіру з-за агітацыі за байкот выбараў.

 

Фінансаванне агітацыі  і выкарыстанне прыватных перадвыбарчых фондаў

 

Правам на стварэнне прыватных выбарчых фондаў скарысталася менш за траціну кандыдатаў. Кандыдаты ад апазыцыі заяўлялі пра бюракратычныя перашкоды з боку камісій, што замарудзіла адкрыццё іх рахункаў. Фактаў выкарыстання выбарчых фондаў для аплаты вонкавай рэкламы альбо рэкламы на радыё і тэлебачанні наогул не зафіксавана.

 

Агітацыйныя масавыя мерапрыемствы

 

Агітацыйныя масавыя мерапрыемствы апазіцыйных кандыдатаў сутыкаліся з перашкодамі з боку органаў выканаўчай улады, асабліва часта падобныя выпадкі адзначаліся ў рэгіёнах.

Адначасова ў многіх месцах ствараліся спрыяльныя ўмовы для сустрэч праўладных кандыдатаў з выбаршчыкамі, практычна паўсюль у гэтых мэтах выкарыстоўваўся адміністратыўны рэсурс. Агітацыя ў падтрымку кандыдатаў, лаяльных укладзе, ажыццяўлялася прадстаўнікамі выканкамаў, кіраўнікамі дзяржаўных устаноў, арганізацый і прадпрыемстваў.

Дзяржаўныя структуры забяспечвалі падтрымку аднаго з пяці кандыдатаў па Брэсцкай-Заходняй выбарчай акрузе № 1, генеральнага дырэктара ААТ “Брэсцкі цэнтральны ўнівермаг” Віктара Валюшыцкага. Яго сустрэчы з выбаршчыкамі у працоўных калектывах праводзяцца ў працоўны час з удзелам прадстаўнікоў Ленінскага райвыканкама г. Брэста. Адміністратыўны рэсурс прыцягваўся і для арганізацыі сустрэч з выбаршчыкамі кандыдата па Аршанскай-Дняпроўскай выбарчай акрузе № 27, старшыні Аршанскага раённага выканаўчага камітэта Уладзіміра Дзедушкіна і інш.

 

Выраб і распаўсюджванне агітацыйнай друкаванай прадукцыі

 

Дзяржаўныя і прыватныя друкарні (РУП “Паліграфічны камбінат імя Якуба Коласа”, РУП “Мінская фабрыка каляровага друку”, ААТ “Чырвоная зорка” і інш.) масава адмаўляліся вырабляць матэрыялы, якія фінансуюцца з прыватных выбарчых фондаў апазіцыйных кандыдатаў. Толькі 3 з 31 кандыдата ад Партыі БНФ здолелі скарыстацца сваімі перадвыбарчымі фондамі і надрукаваць улёткі.

Агітацыйныя друкаваныя матэрыялы ў адведзеных для агітацыі месцах з’яўляліся малазаўважнымі. Зафіксаваныя выпадкі супрацьдзеяння з боку афіцыйных асоб размяшчэнню агітацыйных матэрыялаў апазіцыйных кандыдатаў.

 

Перашкоды ў агітацыі за байкот выбараў

 

Прыхільнікі байкоту выбараў сутыкаліся з перашкодамі з боку праваахоўных органаў, Неаднаразова фіксаваліся выпадкі канфіскацыі агітацыйных матэрыялаў. Падчас распаўсюджвання друкаваных матэрыялаў з заклікам да байкоту затрыманы і асуджаны Яўген Гуцалаў (7 сутак арышту), Ягор Віняцкі (7 сутак арышту), Павел Вінаградаў (5 сутак арышту), Аляксандр Арцыбашаў (3 сутак арышту) ды інш. Прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці і аштрафаваны на значную суму Валеры Буйвал. 18 верасня ў Мінску падчас пікету за байкот выбараў затрыманыя каля дзясятка актывістаў і журналістаў, у тым ліку акрыдытаваныя ў Беларусі карэспандэнты Рэйтарс (Reuters) і Асашэйтэд прэс (Associated Press).  

 

Скаргі і папярэджанні

 

На этапе перадвыбарнай агітацыі ў Цэнтральную камісію агітацыі паступіла 55 скаргаў,  якія датычыліся пераважна наступных фактаў: цэнзуры праграм кандыдатаў у СМІ, адмоў у трансляцыі выступаў кандыдатаў, забароны правядзення пікетаў у падтрымку байкоту выбараў, адмоў ў прадастаўленні памяшканняў для сустрэч з выбаршчыкамі. Скаргі апазіцыйных кандыдатаў застаюцца без задавальнення. Цэнтральная камісія не задаволіла скаргі кандыдатаў па Шклоўскай выбарчай акрузе № 90 на дзеянні свайго апанента, намесніка старшыні Камітэту дзяржкантролю Беларусі Аляксандра Агеева, які выкарыстоўвае службовае становішча для вядзення сваёй перадвыбарчай кампаніі і інш.

У той жа час АВК перадузята ставіліся да кандыдатаў ад апазыцыі. Папярэджанні былі вынесеныя кандыдату ад Партыі БНФ па Гродзенскай сельскай выбарчай акрузе №52 Алесю Стральцову, кандыдату па Горацкай выбарчай акругі № 82 Андрэю Юркову і інш.

 

 



[1] Аб рэалізацыі права кандыдатаў у дэпутаты на перадвыбарную агітацыю. Рэжым доступу:  http://elections2012.spring96.org/be/news/56615.

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма