Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Назіральніка ад БХК выштурхалі з кабінета акруговай камісіі

Назіральнік ад БХК у Віцебскай Кастрычніцкай акруговай камісіі №20 Анатоль Родзік напісаў заяву, што хоча прысутнічаць пры перадачы пратаколаў участковых камісій. Але старшыня камісіі спадар Канявалаў забараніў – спачатку ў вуснай, а потым у пісьмовай форме. Калі ж Анатоль Родзік спытаў, чаму парушаецца Выбарчы кодэкс, яму прыгразілі судом і гвалтам выштурхалі з пакоя ў Кастрычніцкай раённай адміністрацыі.

"Старшыня камісіі мне сказаў, што беларускія назіральнікі маюць права толькі наведваць пасяджэнні камісіі. Вось замежным – можна прысутнічаць пры перадачы пратаколаў, а ўнутраным – не. Якраз камісію наведаў назіральнік ад АБСЕ, яму тут распавядалі, як у нас добра арганізавалі выбары. А я распавёў сваю сітуацыю. Назіральнік кажа: "У мяне ёсць Выбарчы кодэкс, адмыслова перакладзены на англійскую мову. Але там напісана, што ва ўсіх назіральнікаў роўныя правы". Старшыня і гаворыць: "Гэта няправільна. У нас дзейнічае не толькі кодэкс, але і пастановы ЦВК, дык вось ЦВК забараняе беларускім назіральнікам прысутнічаць падчас гэтай працэдуры", - распавёў пра канфлікт Анатоль Родзік.

Высвятленні тонкасцяў разумення беларускага выбарчага заканадаўства дайшлі ледзьве ні да бойкі. У прысутнасці ўсіх сябраў камісіі спадара Родзіка выштурхалі за дзверы, калі ён запытаўся, навошта такая звышсакрэтнасць.

"Я спытаў: дык значыцца, камісіі ёсць што хаваць? Тут спадар Канявалаў ускочыў, пачаў крычаць, што я ўзводжу паклёп, бо яшчэ да сканчэння галасавання заявіў, што выбары сфальсіфікаваныя. І што ён мяне засудзіць. Кажу: "Я такога не казаў, але высновы адпаведныя самі напрошваюцца"… Тут спадар Канявалаў пачаў штурхаць мяне ў спіну, і так выштурхаў з пакоя", - кажа назіральнік.

Да назіральнікаў ва ўчастковых камісіях таксама ставяцца "неабыякава". Пасля ўчорашняга выдалення з участка №14 Віцебскай Чыгуначнай акругі сябра КХП Ян Дзяржаўцаў, накіраваны ад БХК, прынёс 23 верасня новае, партыйнае накіраванне.

Аднак паўторна акрэдытаваць яго адмовіліся. У камісіі вырашылі, што гэта "неардынарны выпадак" і што другі раз акрэдытаваць Яна Дзяржаўцава нельга, бо ён "вельмі істотна замінае камісіі". За час датэрміновага галасавання Ян Дзяржаўцаў напісаў некалькі скаргаў на парушэнні выбарчага заканадаўства, і 22 верасня яго выдалілі "за абразу чальцоў камісіі і перашкоды ў працы". 

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма