Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Неверагодныя “ўдакладненні” салігорскай акруговай камісіі

  • Уладзімір Шыла
    Уладзімір Шыла

Выбарчая камісія па Салігорскай сельскай выбарчай акрузе №69 патлумачыла прычыну знікнення 12% выбарцаў на ўчастку для галасавання №76.

Як вынікае з адказу старшыні акруговай камісіі Таццяны Ярота незалежнаму назіральніку Уладзіміру Шылу, першапачатковая колькасць выбарцаў на ўчастку “насамрэч складала 3094 чалавекі”. Пасля ўдакладнення ў дзень выбараў спісу грамадзян, якія маюць права удзельнічаць у выбарах, гэтая колькасць была скарочана да 2713 асобаў. Спіс зменшыўся ажно на 381 выбарца, што складае 12,3% ад першапачатковай лічбы.

Паводле спн. Ярота са спісу былі выкрэслены неграмадзяне Рэспублікі Беларусь, асобы, якія з’ехалі за межы краіны, якія часова змянілі месца рэгістрацыі, а таксама памерлыя.

- Да пачатку галасавання ўсе гэтыя спісы ўжо былі тройчы правераныя. Камісія ж канчаткова іх “удакладніла” адразу на чатыры сотні чалавек у меншы бок чамусьці менавіта ў апошні дзень выбараў, калі стала абсалютна зразумела, што пры такой яўцы выбары не адбудуцца. Пасля гэткіх маніпуляцыяў спадар Каштальян, сакратар камісіі і адначасова дырэктар школы ды настаўнік матэматык, вывеў афіцыйны ўзровень яўкі акурат у 50,3%, - кажа Уладзімір Шыла. - Ды і названыя прычыны змяншэння колькасці выбарцаў не вытрымліваюць аніякай крытыкі. Калі ў самым багатым горадзе Беларусі дванаццаць адсоткаў выбарцаў за паўтары гады з’ехалі за мяжу ці памерлі, дык страшна становіцца за астатнія рэгіёны. Гэта ж амаль мільён чалавек пры інтэрпаляцыі на ўсю краіну.

Далі адказ незалежнаму назіральніку і на ягоны запыт адносна прысутнасці на ўчастку падчас галасавання галоўнага салігорскага ідэолага Мікалая Маскевіча. Па словах той жа Таццяны Ярота, намеснік старшыні райвыканкама па ідэалагічнай працы “зайшоў на ўчастак літаральна на пару хвілін, з чаго вынікае, што ён знаходзіўся там не як службовая асоба”.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма