Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Маларыта: пракуратура ігнаруе заклік сябра выбаркаму прызнаць несапраўднымі вынікі выбараў

Яшчэ 1 кастрычніка былы сябра акруговай выбарчай камісіі па Белавежскай акрузе №8 Пётр Андрыевіч, які з’яўляецца актывістам Партыі БНФ, накіраваў свой зварот пракурору Маларыцкага раёну. Паводле словаў Андрыевіча, у звароце ўтрымлівалася просьба да пракурора правесці праверку і прызнаць несапраўднымі вынікі выбараў у Палату прадстаўнікоў на дзесяці выбарчых участках гэтай акругі, што знаходзіліся на тэрыторыі Маларыцкага раёну. Падставай для такіх захадаў сябра акруговага выбаркаму называе той факт, што на выбарчых участках у вёсках Велікарыта, Пажэжын, Гвоздніца, Лукава, Ляхаўцы, Ланская, Олтуш, Радзеж і Арэхава асноўная колькасць выбаршчыкаў прагаласавала па месцы знаходжання. “На дадзеных участках, паводле пратаколу, такім чынам прагаласавалі ад 112-ці да 270-ці чалавек: гэта дзе траціна, а дзе і амаль палова выбаршчыкаў, зарэгістраваных на ўчастку, - адзначае Пётр Андрыевіч. - Мне здаецца, нават фізічна маларэальна абыйсці з урнай больш за 200 чалавек”. Пры гэтым, на думку сябра выбаркаму, была парушана працэдура такога галасавання, прапісаная ў артыкуле 54-м Выбарчага кодэкса РБ.

Яшчэ больш заблытаная сітуацыя, якая тычыцца галасавання на Хаціслаўскім участку №81: “Старшыня ўчастковай камісіі не змог растлумачыць мне, чаму ў вынасных скрынях для галасавання па месцы знаходжання выбаршчыкаў ляжыць 181 бюлетэнь, а вось спісы тых, хто прагаласаваў, і ўкладныя лісты адсутнічаюць. Мяркуючы па тым, што ў выніковым пратаколе галасавання ў графе “па месцы знаходжання” прастаўлены нуль, гэтыя бюлетэні былі палічаныя, як кінутыя ў скрыню на ўчастку, што з’яўляецца парушэннем заканадаўства”, - кажа Пётр Андрыевіч.

Усе вышэйпералічаныя заўвагі Андрыевіч агучыў на выніковым пасяджэнні акруговага выбаркама 24 верасня і прапанаваў прызнаць вынікі выбараў на згаданых дзесяці ўчастках несапраўднымі. Але яго прапанову камісія адхіліла. “Скардзіцца ў Цэнтрвыбаркам я ня бачыў сэнсу, таму падрыхтаваў свой зварот і 1 кастрычніка асабіста перадаў яго пракурору Маларыцкага раёна, каб была праведзена праверка па дадзеных фактах. Не вельмі спадзяваўся, што і ў гэтай інстанцыі можна дамагчыся справядлівасці, але ж адказу з пракуратуры няма дагэтуль і гэта мяне вельмі здзіўляе”, - зазначыў Петр Андрыевіч.

Нагадаем, што па Белавежскай акрузе №8 пасля рашэння партый БНФ і АГП аб зняцці сваіх кандыдатаў застаўся толькі адзін кандыдат у дэпутаты - памочнік прэзідэнта Уладзімір Пузырэўскі, за якога прагаласавала, паводле афіцыйных дадзеных, 78,1% выбаршчыкаў.

 

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма