Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Вярхоўны суд адмовіўся разглядаць скаргу экс-кандыдата ў дэпутаты Ігара Случака

  • Ігар Случак
    Ігар Случак

Вярхоўны суд адмовіўся разглядаць скаргу экс-кандыдата ў дэпутаты Ігара Случака на пастанову ЦВК у сувязі з «адсутнасцю ў заяўніка права на зварот у суд». Вярхоўны суд патлумачыў, што магчымасць абскарджання пастаноў ЦВК не прадугледжана Выбарчым кодэксам.

Нагадаем, былы кандыдат па Гомельскай-Савецкай акрузе №34 Ігар Случак накіраваў скаргу ў Вярхоўны суд на вынікі выбараў па акрузе. Ён прасіў ВС адмяніць пастанову ЦВК ад 5 кастрычніка ад адмове ў задавальненні скаргі аб правядзенні паўторнага пераліку галасоў выбарцаў па Гомельскай-Савецкай акрузе. Таксама былы кандыдат прасіў Вярхоўны суд прызначыць паўторны пералік галасоў па акрузе. У скарзе заяўнік пералічваў факты, што яўка камісіямі была завышана практычна ўдвая.

Ігар Случак ведаў, што Выбарчы кодэкс не прадугледжвае права кандыдата ў дэпутаты абскарджваць вынікі выбараў у судзе. «Але мною такая скарга была пададзеная, зыходзячы з нормаў, што замацаваны ў Канстытуцыі, а гэтыя нормы стаяць вышэй за заканадаўчыя», - адзначаў заяўнік.

«Сваю адмову ва ўзбуджэнні справы па маёй скарзе Вярхоўны суд матываваў тым, што такая магчымасць не прадугледжана Выбарчым кодэксам. З гэтымі высновамі нельга пагадзіцца, бо артыкул 60 Канстытуцыі кажа нам, што кожнаму гарантуецца абарона яго правоў судом. Таму магчымасць разгляду скаргі замацавана ў заканадаўчым акце вышэйшай юрыдычнай сілы – Канстытуцыі. Таму мы тут бачым адказ ў правасуддзі, што парушае як Канстытуцыю, так і Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, які ратыфікавала Беларусь», - лічыць былы кандыдат.

Ён дадае, што «наконт выбараў у Беларусі большасць грамадзян і ўся цывілізаваная міжнародная супольнасць не мае ілюзій». «Але абскарджанне вынікаў выбараў па маёй акрузе прадметна паказала шэраг белых плямаў, што ёсць у нашым выбарчым заканадаўстве. Гэта, па-першае, адсутнасць магчымасці празрыстага падліку галасоў, праз  адсутнасць якога я і быў вымушаны прасіць аб пераліку галасоў па сваёй выбарчай акрузе, а па-другое – немагчымасць кандыдатаў у дэпутаты абскардзіць у судовым парадку рашэнні ЦВК. Выбарчы кодэкс патрабуе зменаў, спадзяюся, ўзнятыя пытанні будуць вырашаны станоўча, і мясцовыя выбары-2014 года мы сустрэнем з абноўленым у лепшы бок выбарчым заканадаўствам», - пракаментаваў Ігар Случак.

 

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма