Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Справаздача па выніках назірання за выбарамі дэпутатаў ПП НС Рэспублікі Беларусь пятага склікання

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Змест

Спіс прынятых скарачэнняў                                               
Уводзіны                  
Умовы назірання   
Прававая база         
Фарміраванне выбарчых камісій
Рэгістрацыя ініцыятыўных груп                                      
Збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты    
Рэгістрацыя кандыдатаў    
Перадвыбарчая агітацыя
Датэрміновае галасаванне                                                   
Галасаванне па месцы знаходжання выбаршчыка        
Галасаванне  на выбарчых участках                                 
Скаргі і звароты, звязаныя з выбарамі                             
Высновы   
Рэкамендацыі

 

Спіс прынятых скарачэнняў

АБСЕ Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе

АГП Аб’яднаная грамадзянская партыя

АВК – акруговая выбарчая камісія

Беларускі саюз жанчын Грамадскае аб’яднанне «Беларускі саюз жанчын»

Белая Русь – Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне «Белая Русь»

БДІПЧ АБСЕ Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе

БПЛ «Справядлівы свет» Беларуская партыя левых «Справядлівы свет»

БРСМ Грамадскае аб’яднанне «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі»

БСДП (Г) Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада)

БССП Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя

БХК Рэспубліканскае праваабарончае грамадскае аб’яднанне «Беларускі Хельсінкскі камітэт»

БХД – Беларуская хрысціянская дэмакратыя

ВА выбарчая акруга

ВК Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь

ВУ – выбарчы ўчастак

Каляндарны план Каляндарны план арганізацыйных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання

КДБ Камітэт дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь

КаАП Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях

КПБ –Камуністычная партыя Беларусі

КХП Кансерватыўна-Хрысціянская Партыя - БНФ

ЛДПБ – Ліберальна-дэмакратычная партыя Рэспублікі Беларусь

ПБНФ Партыя БНФ

ППНС Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь

РППС Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці

Рух «За Свабоду» – Праваабаронча-асветніцкае грамадскае аб’яднанне Рух «За Свабоду» 

СНД – Саюз незалежных дзяржаў

УВК участковая выбарчая камісія

Цэнтральная камісія – Цэнтральная камісія Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў

 

Уводзіны

Кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» – незалежная і палітычна незаангажаваная сумесная ініцыятыва Праваабарончага цэнтра «Вясна» і Рэспубліканскага праваабарончага грамадскага аб’яднання «Беларускі Хельсінкскі камітэт».

Мэта кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» – назіранне за выбарамі ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання, ацэнка выбарчага працэсу з пункту гледжання беларускага выбарчага заканадаўства і міжнародных стандартаў свабодных і дэмакратычных выбараў, інфармаванне беларускай грамадскасці і міжнароднай супольнасці пра вынікі назірання.

З першага дня выбараў у межах кампаніі дзейнічала 95 доўгатэрміновых назіральнікаў. Іх праца ахоплівала 106 са 110 выбарчых акруг. Вынікі апрацоўкі  штотыднёвых справаздач назіральнікаў распаўсюджваліся ў форме тыднёвых справаздач і папярэдніх справаздач па асобных этапах выбараў.

Падчас датэрміновага галасавання і галасавання ў дзень выбараў назіранне ажыццяўлялі 295 кароткатэрміновых назіральнікаў на 150 выбарчых участках па ўсёй тэрыторыі краіны. Іх справаздачы апрацоўваліся штодзённа, што дазволіла выявіць агульныя тэндэнцыі ў арганізацыі выбарчага працэсу і зафіксаваць узровень парушэнняў ВК.

 

Умовы назірання

Міжнароднае назіранне ў Беларусі традыцыйна было прадстаўлена Назіральнай місіяй Парламенцкай Асамблеі СНД і Міжнароднай місіяй БДІПЧ АБСЕ.

Акрамя кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», нацыянальнае назіранне ажыццяўлялі таксама кампанія «За справядлівыя выбары», якая аб’яднала больш за дзесяць палітычных суб’ектаў і можа лічыцца назіраннем з боку апазіцыйных палітычных партый і рухаў, а таксама ўдзельнікі праекта «Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка» і Руху «За Свабоду».

Некаторыя праўладныя грамадскія аб’яднанні і палітычныя партыі (Белая Русь, БРСМ, Беларускі саюз жанчын, Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі і інш.) дэкларавалі, што таксама праводзілі назіранне за выбарамі ў ППНС пятага склікання. Аднак  вынікі іх дзейнасці не былі прадстаўлены грамадству.

 

Назва арганізацыі (кампаніі)

Колькасць доўгатэрміновых назіральнікаў

Колькасць

кароткатэрміновых назіральнікаў

Праваабаронцы за свабодныя выбары

98 (назіранне

на 106 акругах)

350 (назіранне

на 188 участках)

За справядлівыя выбары

0

1555 (назіранне

на 777 участках)

Белая Русь

94

5012

БРСМ

63

4512

Беларускі саюз жанчын

36

1976

Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі

38

4048

 

Паводле звестак Цэнтральнай камісіі.

У працэсе назірання за выбарамі дэпутатаў ППНС назіральнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» сутыкаліся з ціскам з боку органаў улады, адмовамі ў прадстаўленні інфармацыі з выбарчых камісій, выдаленнем з выбарчых участкаў, прыцягненнем да адміністрацыйнай адказнасці. Гэта ў горшы бок адрознівае сёлетнія выбары ад выбарчых кампаній 2008 і 2010 гг.

Упершыню было фактычна забаронена назіранне на выбарчых участках, якія знаходзяцца па-за межамі Рэспублікі Беларусь. Цэнтральная камісія ўстанавіла, што ў адпаведнасці з Палажэннем[1] палітычныя партыі і грамадскія аб’яднанні могуць накіроўваць сваіх назіральнікаў толькі ў тыя камісіі, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. На падставе гэтага назіральнікам кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» было адмоўлена ў магчымасці працаваць на выбарчых участках, адчыненых у дыпламатычных і консульскіх прадстаўніцтвах Рэспублікі Беларусь ва Украіне, Польшчы, Германіі, Расіі, Кітаі, Францыі і шэрагу іншых краін.

Трэба адзначыць, што падчас прэзідэнцкіх выбараў 2010 г. падобныя абмежаванні не назіраліся.

Нормы згаданага Палажэння парушаюць прынцып галоснасці і празрыстасці выбарчага працэсу, супярэчаць артыкулу 13 ВК, які рэгламентуе правы назіральнікаў. У выніку на замежных участках для галасавання назіранне было немагчымым для нацыянальных назіральнікаў.

Падчас правядзення выбарчай кампаніі Цэнтральная камісія перавышала свае паўнамоцтвы і фактычна змяняла нормы выбарчага права. Сярод іншага гэта было накіравана і на абмежаванне магчымасцей апазіцыйных кандыдатаў выкарыстоўваць сродкі агітацыі за байкот выбараў.

 

Прававая база

Выбары дэпутатаў ППНС пятага склікання прызначаны Указам Прэзідэнта ад 18 чэрвеня 2012 г. Яны праводзіліся ў 110 акругах шляхам галасавання паводле мажарытарнай сістэмы.

Пасля парламенцкіх выбараў 2008 г. нацыянальнымі назіральнікамі, а таксама назіральнікамі місій БДІПЧ АБСЭ былі распрацаваны рэкамендацыі па рэфармаванні беларускага выбарчага заканадаўства. Частка гэтых рэкамендацый знайшла ўвасабленне ў новай рэдакцыі ВК, прынятай 4 студзеня 2010 г. Выбары дэпутатаў ППНС пятага склікання сталі першымі парламенцкімі выбарамі, правядзенне якіх рэгуляваў ВК са зменамі і дапаўненнямі 2010 і 2011 гг.[2]

Асноўнымі з іх з’яўляюцца наступныя:

органы, якія ўтвараюць камісіі, як правіла, не менш за адну траціну складу фарміруюць з прадстаўнікоў палітычных партый і іншых грамадскіх аб’яднанняў; у склад камісій забаронена ўключаць суддзяў, пракурораў, кіраўнікоў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў; дзяржаўныя служачыя не могуць складаць больш за траціну складу камісіі;

зменшана колькасць грамадзян (з 30 у старой рэдакцыі ВК да 10 – у рэдакцыі 2010 г.), якія могуць вылучаць свайго прадстаўніка ў склад АВК; таксама зменшана колькасць членаў працоўнага калектыву, якія дэлегуюць прадстаўніка ў склад камісіі (з 30 да 10); замацавана права суб’ектаў, якія вылучылі сваіх прадстаўнікоў у склад камісій, прысутнічаць на пасяджэннях органаў, якія іх утварылі;

для кандыдатаў у дэпутаты і іх давераных асоб устаноўлены паведамляльны парадак правядзення масавых мерапрыемстваў у месцах, вызначаных мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі;

пры вылучэннi кандыдата ў дэпутаты ППНС палітычнай партыяй не патрабуецца наяўнасць арганізацыйнай структуры партыі на тэрыторыі акругі, па якой вылучаецца кандыдат;

рашэнні органаў, якія ўтварылі камісіі, могуць быць абскарджаны ў судовым парадку суб’ектамі, якія вылучылі сваіх прадстаўнікоў у склад камісій;

кандыдаты ў дэпутаты ППНС атрымалі права ствараць уласныя выбарчыя фонды для фінансавання дадатковых выдаткаў па перадвыбарчай агітацыі ў памеры не больш за 1 000 базавых велічынь.

Змены і дапаўненні ў ВК у асноўным носяць пазітыўны характар і, як ужо адзначалася, часткова ўлічылі рэкамендацыі экспертаў БДІПЧ АБСЕ. Аднак многія рэкамендацыі засталіся не рэалізаванымі, у прыватнасці тыя, што накіраваны на павышэнне транспарэнтнасці выбарчага працэсу. Так, не замацаваны нормы, якія забяспечваюць галосны публічны падлік галасоў. Не замацаваны абавязак старшыні і сакратара выбарчай камісіі выдаваць копіі пратакола аб  выніках галасавання тым асобам, якія маюць права прысутнічаць падчас падліку галасоў на ўчастку для галасавання. Захоўваюцца недахопы рэгулявання тых працэдур выбарчага працэсу, якія ў найбольшай ступені могуць выкарыстоўвацца для фальсіфікацый і злоўжыванняў.


Фарміраванне выбарчых камісій

Згодна з Каляндарным планам фарміраванне АВК адбывалася да 9 ліпеня, а  фарміраванне УВК – да 8 жніўня 2012 г. Парадак іх фарміравання рэгуляваўся артыкуламі 28, 34, 35 ВК.

АВК і УВК – важныя суб’екты выбарчага працэсу. Да паўнамоцтваў АВК аднесены, у прыватнасці, арганізацыя правядзення выбараў, кіраўніцтва дзейнасцю УВК, рэгістрацыя ініцыятыўных груп грамадзян і правядзенне агітацыі, рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты і іх давераных асоб, кантроль за складаннем спісаў грамадзян і інш. УВК удакладняюць спісы выбаршчыкаў, забяспечваюць датэрміновае галасаванне і галасаванне па месцы знаходжання выбаршчыка, арганізоўваюць галасаванне ў дзень выбараў, праводзяць падлік галасоў і ўстанаўліваюць вынікі галасавання па ўчастку.

АВК па выбарах дэпутатаў ППНС  фарміруюцца  прэзідыумамі абласных, Мінскага гарадскога Саветаў дэпутатаў і абласнымі, Мінскім гарадскім выканаўчым камітэтамі з прадстаўнікоў палітычных партый, іншых грамадскіх аб’яднанняў, працоўных калектываў, а таксама з прадстаўнікоў грамадзян, вылучаных у склад камісіі шляхам падачы заявы. Парадак вылучэння прадстаўнікоў у склад акруговых выбарчых камісій рэгулюецца арт. 35 ВК і Пастановай Цэнтральнай камісіі ад 19 чэрвеня 2012 г. № 22.

Выбарчае заканадаўства абмяжоўвае права палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў вылучаць прадстаўнікоў ва УВК у параўнанні з вылучэннем у АВК. Яно даецца толькі тым арганізацыйным структурам партый і грамадскіх аб’яднанняў, якія маюць дзяржаўную рэгістрацыю альбо пастаўлены на ўлік у мясцовых органах улады. Такім чынам, грамадскія аб’яднанні, якія не маюць арганізацыйных структур, увогуле пазбаўлены магчымасці ўдзелу ў выбарчым працэсе ў складзе УВК.

Напярэдадні выбараў некаторыя арганізацыі (мінская гарадская і абласныя арганізацыі Руху «За Свабоду», гродзенская арганізацыя ПБНФ) спрабавалі зарэгістраваць мясцовыя арганізацыйныя структуры, але атрымалі адмову. У выніку яны падпалі пад абмежаванне ВК і былі пазбаўлены права вылучаць сваіх членаў у склад УВК.

У склад АВК было вылучана 2127 чалавек. Сярод іх ад грамадзян шляхам падачы заявы – 639 чалавек (25%), ад працоўных калектываў – 230 чалавек (9%), ад грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў – 858 чалавек (40%), ад палітычных партый – 400 чалавек (19%).

Апазіцыйныя партыі прынялі даволі актыўны ўдзел у гэтым працэсе, вылучыўшы ўсяго 199 прэтэндэнтаў, што складае 9,4% ад агульнай колькасці вылучаных у АВК і 49,8% ад вылучаных палітычнымі партыямі.

Як і падчас папярэдніх выбараў, актыўна вылучаліся прадстаўнікі праўладных грамадскіх аб’яднанняў Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, Беларускае грамадскае аб’яднанне ветэранаў, БРСМ, Белая Русь. Усяго – 28,3% ад агульнай колькасці і 70% ад вылучаных грамадскімі аб’яднаннямі.

Паводле звестак Цэнтральнай камісіі, 110 АВК былі ўтвораны з максімальнай колькасцю членаў – па 13 чалавек у кожнай. Прадстаўніцтва апазіцыйных партый у іх склала 3,3%  (48 чалавек з 1430).

Асноўнымі арганізацыямі, прадстаўленымі ў складзе АВК, сталі Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, БРСМ, Белая Русь і Беларускае грамадскае аб’яднанне ветэранаў. Такім чынам, нягледзячы на тое, што, у параўнанні з парламенцкімі выбарамі 2008 г.,   колькасць членаў апазіцыйных партый у складзе АВК стала нязначна большай, колькасць адмоў з боку органаў, якія ўтвараюць камісіі, засталася вельмі вялікай.  Варта адзначыць, што ў 2008 г. апазіцыйныя партыі свядома абмежавалі сваё вылучэнне ў АВК, прапанаваўшы разам ад усіх партый па адным прэтэндэнце ў кожную камісію. У гэтым годзе такога рашэння не было, і розныя апазіцыйныя партыі часам вылучалі некалькі прэтэндэнтаў у адну камісію. Пры гэтым працэнт праходнасці прадстаўнікоў праўладных арганізацый стаў значна вышэйшым. Напрыклад, 90,5% усіх прадстаўнікоў аб’яднання Белая Русь увайшло ў склад АВК. Гэта сведчыць пра дыскрымінацыйнае стаўленне ўладных структур да тых грамадзян, якія былі вылучаны ад апазіцыйных партый.

Паводле назіральнікаў, інфармацыя пра месца і час пасяджэнняў органаў, якія фарміруюць АВК, падавалася абмежавана. Прыняцце рашэнняў пра склад АВК у пераважнай большасці выпадкаў адбывалася шляхам спісачнага галасавання, без абмеркавання вылучаных кандыдатур.

На пасяджэнні прэзідыума Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў і абласнога выканаўчага камітэта кандыдатаў на ўключэнне ў склад АВК персанальна не прадстаўлялі і не абмяркоўвалі, агучваліся толькі агульныя крытэрыі ўключэння ў камісіі (досвед працы, адказнасць, масавасць палітычнай партыі ці грамадскага аб’яднання і інш.). Праекты рашэнняў былі падрыхтаваны загадзя.

У Гомельскай вобласці пасяджэнне прэзідыума абласнога Савета дэпутатаў і абласнога выканаўчага камітэта працягвалася 13 хвілін. Галасаванне адбылося па складзеных працоўнай групай спісах.

У Мінскай вобласці і ў горадзе Мінску персанальна кандыдатуры прадстаўнікоў у склад выбарчых камісій не абмяркоўваліся, галасаванне таксама ішло па папярэдне падрыхтаваных спісах. Назіральнікі адзначаюць перадузяты і суб’ектыўны характар прынятых рашэнняў. Напрыклад, прадстаўнікам апазіцыйных партый адмаўлялі ва ўключэнні ў склад камісій у сувязі з пажылым узростам, але пры гэтым уключалі ў склад АВК членаў ветэранскіх арганізацый. Падставамі для адмовы, на якія спасылаліся прадстаўнікі органа, што фарміруе камісію, служылі адсутнасць досведу працы ў камісіях, сталага месца працы, аўтарытэт прэтэндэнта ў рэгіёне і інш.

Паводле звестак Цэнтральнай камісіі, у склад УВК была вылучана 84781 кандыдатура: ад грамадзян шляхам падачы заявы – 32 908 кандыдатур (38,8%), ад працоўных калектываў – 15 375 (18,1%), ад палітычных партый і іншых грамадскіх аб’яднанняў – 36 498 (43%).

Лідарамі па вылучэнні з’яўляюцца праўладныя грамадскія аб’яднанні: Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі (больш за 12%), Белая Русь (каля 6%), БРСМ (5%), Беларускі саюз жанчын (каля 5%) і інш. Напрыклад, у Віцебскай вобласці гэтыя суб’екты разам з Беларускім грамадскім аб’яднаннем ветэранаў вылучылі ўсяго 85% прэтэндэнтаў ад грамадскіх аб’яднанняў або 32% ад агульнага ліку вылучаных у УВК. Актыўнасць гэтых арганізацый у параўнанні з прэзідэнцкімі выбарамі 2010 г. у працэнтных суадносінах практычна не змянілася, але значна павялічылася ў параўнанні з парламенцкімі выбарамі 2008 г.

Кандыдатуры ў склад УВК прапанавалі 10 палітычных партый з 15 зарэгістраваных. Пры гэтым лаяльныя ўладам палітычныя партыі і грамадскія аб’яднанні павялічылі сваю актыўнасць. Напрыклад, РППС вылучыла 832 прэтэндэнты, што ў два разы перавышае колькасць 2010 г.

У параўнанні з 2010 г. актыўнасць апазіцыйных партый знізілася. На прэзідэнцкіх выбарах 2010 г. 1073 прэтэндэнты ад апазіцыйных палітычных партый складалі 1,3% ад агульнай колькасці кандыдатаў. Сёлета 664 кандыдатуры ад пяці апазіцыйных партый складалі толькі каля 0,8% ад агульнага ліку вылучэнцаў.

Паводле звестак Цэнтральнай камісіі, БПЛ «Справядлівы свет» вылучыла 216 чалавек, БСДП (Г) – 30, АГП – 240, ПБНФ – 158, Беларуская партыя «Зялёныя» – 20. Доля апазіцыйных актывістаў сярод усіх, хто вылучаўся ад палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў, у 2010 г. складала 3,2%, у 2012 г. – толькі 1,8%.

У цэлым доля вылучаных у склад УВК прадстаўнікоў палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў узрасла да 42%. Падчас прэзідэнцкіх выбараў 2010 г. яна склала 39,1%[3]. Адпаведна ў 2012 г. скарацілася колькасць кандыдатур у УВК ад грамадзян і працоўных калектываў.

Назіраецца разыходжанне паміж звесткамі пра колькасць вылучэнцаў у склад УВК, агучанымі апазіцыйнымі партыямі, і звесткамі, якія прывяла Цэнтральная камісія. Напрыклад, АГП заявіла пра вылучэнне ў склад УВК 296 сваіх сяброў, а ў афіцыйных дакументах указана лічба 240[4]. Аналагічныя разыходжанні маюцца ў афіцыйнай і партыйнай статыстыцы вылучэння ад БПЛ «Справядлівы свет» і ПБНФ.

Незарэгістраваныя палітычныя суб’екты – партыя БХД і кампанія «Гавары праўду» – для вылучэння сваіх прадстаўнікоў у склад УВК выкарыстоўвалі збор подпісаў выбаршчыкаў. БХД заявіла пра вылучэнне 171 прадстаўніка.

Пасяджэнні выканкамаў і мясцовых адміністрацый па фарміраванні УВК адбываліся ва ўмовах адноснай адкрытасці для назіральнікаў. Як і пры фарміраванні АВК, гэтыя пасяджэнні насілі выключна фармальны характар, аб чым сведчыць характар іх правядзення і працягласць. У абсалютнай большасці рэгіёнаў галасаванне зводзілася да хуткага і безальтэрнатыўнага зацвярджэння спісаў складу камісій, падрыхтаваных напярэдадні пасяджэнняў у закрытым рэжыме.

Паводле звестак назіральнікаў, Бярозаўскі райвыканкам за 6 хвілін зацвердзіў 486 з 515 кандыдатур, Пружанскі – за 12 хвілін 558 кандыдатур з 701. На пасяджэнні Смалявіцкага райвыканкама ў дакладзе начальніка аддзела арганізацыйна-кадравай работы была агучана толькі колькасць пададзеных заяў і колькасны склад кожнай камісіі. У выніку галасавання ў склад УВК Смалявіцкага раёна ўключанана 80% асоб, задзейнічаных на прэзідэнцкіх выбарах 2010 г. Салігорскі райвыканкам на працягу 15 хвілін задаволіў 691 заяву з 741, пры гэтым інфармацыя пра спосабы вылучэння ў склад УВК, назвы партый і арганізацый кандыдатаў не паведамляліся, таксама як і прычыны, па якіх адны кандыдатуры ўключаліся ў склад УВК, а іншыя – не.

У Мінску, дзе традыцыйна значная палітычная актыўнасць, вылучалася 186 прадстаўнікоў апазіцыйных партый. У выніку ні адзін з іх не быў уключаны ў склад УВК (працэнт праходнасці – 0). У акругах, дзе балатаваліся лідары апазіцыйных арганізацый Аляксандр Мілінкевіч, Аляксей Янукевіч, Уладзімір Навасяд і іншыя, апазіцыйныя актывісты не ўвайшлі ў склад УВК, нягледзячы на актыўнае вылучэнне.

У некаторых раённых, гарадскіх выканаўчых камітэтах, мясцовых адміністрацыях назіральнікам была дадзена магчымасць азнаёміцца з матэрыяламі вылучэння ў склад УВК. Аднак шмат дзе органы, якія ўтвараюць камісіі, не дазволілі назіральнікам і зацікаўленым асобам азнаёміцца з падобнымі матэрыяламі. Тым самым назіральнікі былі пазбаўлены магчымасці ўпэўніцца ў законнасці вылучэння кандыдатур у склад УВК. Прынцып адкрытасці і галоснасці ў правядзенні выбарчых працэдур не забяспечваўся.

Некаторых назіральнікаў не пускалі на пасяджэнні органаў, якія фарміруюць УВК. Мелі месца факты ўтойвання інфармацыі пра час пасяджэнняў. Парушаючы частку 2 артыкула 39 Закона «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні», некаторыя выканкамы наогул адмовілі назіральнікам у праве прысутнічаць на пасяджэннях. Падобная сітуацыя была зафіксавана ў Глыбоцкім, Вілейскім, Лагойскім, Маладзечанскім, Аршанскім, Віцебскім райвыканкамах і інш.

У рэгіянальным друку, на сайтах гарадскіх і раённых выканаўчых камітэтаў была апублікавана інфармацыя пра персанальны склад УВК, куды пераважна ўвайшлі толькі прозвішча, імя, імя па бацьку і спосаб вылучэння. Інфармацыя пра месцы працы не рабілася публічнай, таму што, як і падчас ранейшых выбараў, камісіі былі сфарміраваны і кіраваліся па вытворчым прынцыпе.

На тэрыторыі Рэспублікі Беларусь было створана 6301 УВК, за мяжой – 43 УВК. Не адбылося пасяджэння па фарміраванні УВК у Стакгольме. У выніку беларуска-шведскага дыпламатычнага канфлікту персанал Пасольства Беларусі ў Швецыі быў адкліканы, а названы выбарчы ўчастак ліквідаваны.

Прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў, у тым ліку палітычных партый, у складзе УВК займаюць 45,3%, прадстаўнікі працоўных калектываў – 16,2%, вылучаныя ад грамадзян шляхам падачы заяў – 38,5%. У параўнанні з прэзідэнцкімі выбарамі 2010 г. роля працоўных калектываў як суб’ектаў выбарчага працэсу зменшылася амаль на 4%, а роля грамадскіх аб’яднанняў узрасла на 3,5%. Конкурс на месца ва УВК у сярэднім па краіне склаў 1,2 чалавека. Гэты паказальнік істотна адрозніваецца ў Мінску – 1,6.

У агульнай колькасці членаў УВК доля прадстаўнікоў чатырох апазіцыйных партый сёлета склала каля 0,1% (61 чалавек з 68945). На прэзідэнцкіх выбарах 2010 г. доля прадстаўнікоў пяці апазіцыйных партый складала 0,26% (183 чалавекі з 70815).

 

Рэгістрацыя ініцыятыўных груп

Згодна з Каляндарным планам падача дакументаў і рэгістрацыя ініцыятыўных груп па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты ажыццяўляўся з 15 да 25 ліпеня 2012 г. Гэты працэс рэгуляваўся артыкулам 65 ВК.

Працэдуры збору і праверкі подпісаў у новай рэдакцыі ВК сталі больш ліберальнымі. У прыватнасці дзейнічаюць наступныя нормы:  

калі ў падпісных лістах, што паступілі ў адпаведную камісію, ёсць подпісы выбаршчыкаў, якія пражываюць на тэрыторыі розных раёнаў, гарадоў абласнога падпарадкавання, раёнаў у горадзе, то праверцы і ўліку падлягаюць толькі подпісы, сабраныя на адпаведнай тэрыторыі (у папярэдняй рэдакцыі ВК подпісы выбаршчыкаў, якія пражываюць не ў адным населеным пункце, прызнаваліся несапраўднымі);

у падпісным лісце павінны быць подпісы выбаршчыкаў, якія пражываюць на тэрыторыі аднаго горада абласнога падпарадкавання, раёна, а ў гарадах з раённым падзелам – аднаго раёна (а не аднаго населенага пункта, як у папярэдняй рэдакцыі ВК);

падпісныя лісты завяраюцца членам ініцыятыўнай групы (а не кіраўнікамі мясцовых органаў улады, на тэрыторыі якіх ажыццяўляўся збор подпісаў, як у папярэдняй рэдакцыі ВК).

Удзел адміністрацый арганізацый у зборы подпісаў, таксама як прымус у працэсе збору подпісаў і ўзнагарода выбаршчыкаў за ўнясенне подпісаў, не дапускаецца. Прэтэндэнты на статус кандыдата ў дэпутаты не маюць права прыцягваць асоб, якія знаходзяцца ў іх падпарадкаванні ці іншай службовай залежнасці, для ажыццяўлення ў працоўны час дзейнасці, што спрыяе вылучэнню. Парушэнне гэтых патрабаванняў можа стаць падставай для адмовы ў рэгістрацыі кандыдата ў дэпутаты.

Паводле звестак Цэнтральнай камісіі, усяго ў АВК было пададзена 440 заяў аб рэгістрацыі. Зарэгістравана 352 ініцыятыўныя групы, якія планавалі вылучыць 330 асоб (некаторыя прэтэндэнты рэгістравалі некалькі ініцыятыўных груп у розных акругах).

Апазіцыйныя партыі зарэгістравалі ўсяго 58 ініцыятыўных груп: БПЛ «Справядлівы свет» – 26, ПБНФ – 18, АГП – 4 , БСДП (Г) – 9, Беларуская партыя «Зялёныя» – 1. Неапазіцыйныя партыі зарэгістравалі 7 ініцыятыўных груп: КПБ – 5, Беларуская аграрная партыя – 1, РППС – 1.

Было адмоўлена 85 групам, што ў працэнтных адносінах амаль у 4 разы перавышае колькасць адмоў на мінулых парламенцкіх выбарах. Нягледзячы на гэта, няма падстаў канстатаваць, што практыка адмоў асобам, якія мелі намер быць вылучанымі, стала больш жорсткай. У гэты раз адмоўлена толькі 15 прэтэндэнтам. Вялікая колькасць ініцыятыўных груп, якія не атрымалі рэгістрацыю, тлумачыцца яшчэ і тым, што групы Мікалая Статкевіча і Алеся Міхалевіча спрабавалі зарэгістравацца адразу ў некалькіх АВК. Падчас ранейшых выбарчых кампаній назіральнікамі не фіксавалася тактыка рэгістрацыі некалькіх груп адной асобай.

 

Год правядзення выбараў

Пададзена заявак

Адмоўлена ў рэгістрацыі

 

Зарэгістравана

% адмовы

2004

635

71

564

11%

2008

455

23

423

5%

2012

440

85

354

19%

 

Старшыня Цэнтральнай камісіі патлумачыла прычыну адмовы ў рэгістрацыі ініцыятыўных груп Мікалая Статкевіча і Алеся Міхалевіча. Паводле Лідзіі Ярмошынай, Статкевіч не перадаваў ніякіх лістоў у выбарчыя камісіі праз адміністрацыю папраўчай установы, у якой ён адбывае тэрмін зняволення па крымінальнай справе; Міхалевіч знаходзіцца ў міжнародным вышуку, дакументы на рэгістрацыю яго ініцыятыўнай групы падаваліся па пратэрмінаванай даверанасці.

Эксперты кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» не лічаць, што адмовы ў рэгістрацыі ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатамі ў дэпутаты А. Міхалевіча і М. Статкевіча заснаваны на законе[5].

 

Збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты 

Згодна з Каляндарным планам збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты ажыццяўляўся з 25 ліпеня да 13 жніўня 2012 г. Працэс збору подпісаў рэгуляваўся артыкулам 65 ВК.

Усяго ў выбарчыя камісіі паступіла 223 камплекты подпісаў. Шэраг кандыдатаў вылучаўся адначасова некалькімі спосабамі. З іх толькі шляхам збору подпісаў – 123 кандыдаты, адначасова шляхам збору подпісаў і працоўнымі калектывамі – 88, шляхам збору подпісаў і палітычнымі партыямі – 8. Усімі трыма спосабамі было вылучана 4 кандыдаты.

Збор подпісаў ладзіўся як шляхам пікетавання, так і шляхам абыходу месцаў жыхарства выбаршчыкаў. Прычым іх выкарыстоўвалі і сябры ініцыятыўных груп праўладных, і сябры ініцыятыўных груп апазіцыйных кандыдатаў. Пры зборы подпісаў ініцыятыўныя групы апазіцыйных актывістаў былі пастаўлены ў няроўныя ўмовы ў параўнанні з ініцыятыўнымі групамі праўладных вылучэнцаў. Назіральнікамі зафіксаваны выпадкі, калі кіраўніцтва студэнцкіх і працоўных інтэрнатаў не дазваляла збіраць там подпісы, матывуючы гэта адсутнасцю дазволу з боку кіраўніцтва тых устаноў, у адміністрацыйным падпарадкаванні якіх гэтыя інтэрнаты знаходзяцца.

У шматлікіх выпадках быў задзейнічаны адміністрацыйны рэсурс (збор подпісаў у памяшканнях дзяржаўных арганізацый у працоўны час, прыцягненне службовых асоб, якія не з’яўляюцца сябрамі ініцыятыўных груп, і інш.). Напрыклад, у г. Слуцку на прадпрыемствах «Слуцкмежрайгаз» і «Слуцкі мясакамбінат» арганізавалі збор подпісаў за дзеючага дэпутата Інэсу Кляшчук. У г. Брэсце ў гарадской паліклініцы № 6 пацыентам на прыёме прапаноўвалі падпісацца ў падтрымку праўладнага вылучэнца Валянціна Мілашэўскага. У г. Наваполацку дырэктар аднаго з гарадскіх рынкаў збірала подпісы ў прадпрымальнікаў, якія арэндуюць месцы на гэтым рынку, у падтрымку старшыні гарадскога аддзялення РГА «Белая Русь» Вадзіма Дзевятоўскага.

Зафіксаваны факты, калі адміністрацыі прадпрыемстваў і ўстаноў забаранялі сваім падначаленым падтрымліваць вылучэнне апазіцыйнага кандыдата ў дэпутаты ці патрабавалі ад іх спыніць сяброўства ў яго ініцыятыўнай групе.

Пікеты па зборы подпісаў адбываліся пераважана без перашкод з боку мясцовых улад.  

На гэтым этапе назіральнікі фіксавалі выпадкі вынясення пісьмовых папярэджанняў і прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці некаторых удзельнікаў выбарчай кампаніі. 

 

Рэгістрацыя кандыдатаў

Згодна з Каляндарным планам рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты ажыццяўлася АВК не раней за 40 дзён і завяршалася не пазней за 30 дзён да пачатку выбараў – з 14 да 23 жніўня 2012 г. адпаведна. Працэс рэгістрацыі кандыдатаў рэгуляваўся артыкулам 68 ВК, а таксама адпаведнымі Пастановамі Цэнтральнай камісіі[6].

Пералік дакументаў, неабходных для рэгістрацыі кандыдатаў, уключае сярод іншага і дэкларацыю аб даходах і маёмасці асобы, вылучанай кандыдатам у дэпутаты. Пры ўказанні ў дэкларацыі аб даходах і маёмасці звестак, неадпаведнасць якіх мае істотны характар, АВК можа адмовіць у рэгістрацыі кандыдата.

Згодна з Пастановай Цэнтральнай камісіі № 35 пад істотным характарам не адпаведных рэчаіснасці звестак разумеецца дэклараванне меншага памеру агульнай сумы гадавога даходу, калі неадпаведнасць складае больш за 20% ад агульнай сумы гадавога даходу. Таксама істотны характар неадпаведнасці ў дэкларацыі стварае адсутнасць звестак пра нерухомасць, якая належыць асобе па праве ўласнасці, пра асабісты аўтатранспарт, каштоўныя паперы (акцыі) і інш. Не маючай істотнага характару прызнаецца адсутнасць звестак аб даходах у выглядзе кошту прафсаюзных пуцёвак, аб матэрыяльнай дапамозе, кампенсацыях ды інш.

Падчас выбараў Прэзідэнта ў 2010 г. пад значным характарам неадпаведнасці звестак, згодна з пэўным тлумачэннем Цэнтральнай камісіі, разумелася перавышэнне недакладнасцяў у дэкларацыі на 10% ад агульнай сумы гадавога даходу.

Недакладнасць подпісаў выбаршчыкаў у падпісных лістах (больш за 15%  ад агульнай колькасці правераных подпісаў) з’яўляецца адной з падстаў для адмовы ў рэгістрацыі кандыдата. Гэта робіць назіранне за адпаведнасцю працэдуры іх праверкі патрабаванням ВК актуальнай і важнай часткай грамадскага кантролю за выбарчым працэсам.

Працэдура праверкі подпісаў АВК апісана ў артыкуле 67 ВК. Асноўным з’яўляецца тое, што праверцы падвяргаецца не менш за 20% подпісаў у падпісных лістах ад колькасці, неабходнай для рэгістрацыі кандыдата ў дэпутаты, што складае не менш за 200 подпісаў. Калі недакладных подпісаў выбаршчыкаў выяўлена больш за 15%, то праводзіцца дадактовая праверка яшчэ 15% подпісаў ад колькасці, неабходнай для рэгістрацыі кандыдата ў дэпутаты (150 подпісаў).

У выпадку, калі сумарная колькасць недакладных подпісаў, выяўленых пры праверцы, складзе больш за 15% ад агульнай колькасці, далейшая праверка спыняецца.

Пастанова Цэнтральнай камісіі № 23 дазваляе ўносіць у падпісны ліст звесткі пра выбаршчыка не толькі члену ініцыятыўнай групы і самому выбаршчыку, але і іншым асобам. Гэта фактычна з’яўляецца легітымізацыяй адміністрацыйнага рэсурсу і пярэчыць артыкулу 61 ВК, які ўстанаўлівае, што ўсе подпісы ў падпісным лісце лічацца несапраўднымі, калі яны сабраны асобай, якая не з’яўляецца сябрам ініцыятыўнай групы.

Большасць назіральнікаў кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», зарэгістраваных у АВК, не мелі магчымасці назіраць за правядзеннем праверкі дакладнасці подпісаў выбаршчыкаў у падпісных лістах. Камісіі матывавалі свае адмовы тым, што ў артыкуле 13 ВК у пераліку правоў назіральніка няма прамога ўказання на такое права.

АВК  ажыццяўлялі праверку дакладнасці подпісаў выбаршчыкаў загадзя, а на  пасяджэннях звычайна толькі агучваліся вынікі такіх праверак. Так, напрыклад, у адказах на заявы назіральнікаў Рамана Юргеля і Святланы Рудкоўскай (г. Гродна), Васіля Ліпскага (г. Магілёў), Леаніда Мархоткі (г. Салігорск) з просьбай прысутнічаць пры праверцы дакладнасці подпісаў указвалася, што закон такога права назіральнікам не дае.

Разам з тым у асобных АВК кіраўніцтва стварыла неабходныя ўмовы для назірання і кантролю на этапе рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты. Допуск да ўсіх пратаколаў і падпісных лістоў меў назіральнік Днепра-Бугскай ВА № 10, мог прысутнічаць на праверцы подпісаў назіральнік Вілейскай ВА № 74 і інш.

Непразрыстасць працэдур праверкі дакументаў аб вылучэнні кандыдатаў не дае магчымасці ацэньваць, наколькі працэдуры праверкі подпісаў выбаршчыкаў аб вылучэнні кандытаў у дэпутаты адпавядалі патрабаванням выбарчага заканадаўства, ці з’яўліся яны аб’ектыўнымі і ці не залежалі ад палітычна матываванага падыходу з боку АВК.

Згодна звесткам Цэнтральнай камісіі, усяго па краіне рознымі шляхамі былі вылучаны 494 асобы, з іх 122 (24,6%) атрымалі адмову ў рэгістрацыі. Яшчэ 9 зарэгістраваных АВК кандыдатаў адмовіліся ад далейшага ўдзелу ў выбарах. У чатырох акругах выбары былі безальтэрнатыўнымі (дзве акругі ў Мінскай, адна – у Брэсцкай і адна – у Гродзенскай вобласці).

Прадстаўнікі палітычных партый вылучылі 204 кандыдаты, што складае 41% ад агульнай колькасці вылучаных. Вынікі рэгістрацыі партыйных кандыдатаў наступныя:

 

 Назва

палітычнай партыі

Колькасць вылучаных

Колькасць зарэгістраваных

Колькасць

адмоў

 у рэгістрацыі (%)

 

ПБНФ

33

30

3 (9%)

 

АГП

48

35

13 (27%)

 

БПЛ «Справядлівы свет»

32

26

5 (15%)

БСДП (Г)

15

11

4 (26%)

КПБ

23

21

2 (8,6%)

БССП

1

1

 

ЛДПБ

93

70

23 (24%)

РППС

19

9

10 (52,6%)

 

Большасць грамадзян, якія атрымалі адмовы, вылучаліся шляхам збору подпісаў (56%). Асноўныя падставы адмоў, указаныя АВК, – гэта недакладнасць подпісаў (больш за 15% ад правераных) і памылкі ў дэкларацыях аб даходах. Грамадская кампанія «Гавары праўду» вылучыла шляхам збору подпісаў 25 сваіх актывістаў, з якіх толькі 13 (48%) былі зарэгістраваны. У Мінску кампанія «Гавары праўду» прадстаўлена толькі адным кандыдатам у дэпутаты. Не былі зарэгістраваны лідар Руху «За свабоду» Аляксандр Мілінкевіч, сябра АГП, былы Міністр абароны, генерал Павел Казлоўскі і інш.

Адмоўлена ў рэгістрацыі 23% вылучэнцаў ад палітычных партый, з іх 19,5% – гэта адмовы вылучэнцам ад апазіцыйных партый.

Найменшая колькасць адмоў традыцыйна ў тых асоб, якія ішлі ад працоўных калектываў: з 19 вылучаных не працягнулі ўдзел у выбарчай кампаніі толькі 3 (15%). Вылучаных ад двух суб’ектаў (ад грамадзян шляхам збору подпісаў і ад працоўных калектываў) зарэгістравалі 100% (89 з 89).  Варта адзначыць, што менавіта такім шляхам вылучаюцца кандыдаты, якіх падтрымлівае ўлада. Улічваючы кантроль выканаўчай улады над прадпрыемствамі, робіцца зразумелым, што апазіцыйныя кандыдаты не могуць вылучацца ад працоўных калектываў.

У якасці кандыдатаў зарэгістраваны 21 дзеючы дэпутат ППНС. Усяго ў выбарчай кампаніі 2012 г. было вылучана 60 асоб, якія ў розныя гады з’яўляліся дэпутатамі ППНС. Усе гэтыя прэтэндэнты прайшлі рэгістрацыю.

Назіральнікі зафіксавалі выпадкі ціску і запалохвання ўдзельнікаў выбарчай кампаніі з боку спецслужбаў. 23 жніўня 2012 г. у г. Рагачове пасля няўдалай спробы рэгістрацыі ў якасці кандыдата Дзяніс Дашкевіч і яго жонка былі выкліканы ў мясцовае аддзяленне КДБ. Запрашэнні на размову ў КДБ паступалі таксама да некаторых членаў ініцыятыўнай групы Дашкевіча.  Кандыдат ад БПЛ «Справядлівы свет» Іосіф Мацэюн падчас рэгістрацыі ў АВК Вілейскай ВА № 74 заявіў пра зняцце сваёй кандыдатуры з-за ціску з боку КДБ. У выніку гэтая акруга стала адной з чатырох безальтэрнатыўных, кандыдатам па ёй ішоў начальнік Галоўнага ўпраўлення эканамічнай бяспекі КДБ Віктар Русак.

 

Перадвыбарчая агітацыя

Згодна з Каляндарным планам этап перадвыбарчай агітацыі працягваўся адзін месяц з дня рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты 22 жніўня да 22 верасня 2012 г. Кандыдаты, зарэгістраваныя пасля абскарджання адмоў у рэгістрацыі, у параўнанні з астатнімі кандыдатамі, мелі менш часу для вядзення агітацыйнай кампаніі.

Умовы, парадак і формы  перадвыбарчай агітацыі рэгуляваліся артыкуламі 45, 451, 46,  47 главы 10 ВК і адпаведнымі Палажэннямі Цэнтральнай камісіі[7].

У ходзе назірання высветлілася, што новыя нормы ВК не былі рэалізаваны ў поўнай меры. Зафіксаваны шматлікія выпадкі забароны трансляцыі ці цэнзуры выступаў кандыдатаў у дзяржаўных СМІ. Адзначаны перашкоды з боку друкарань у вырабе агітацыйных матэрыялаў кандыдатаў. Органы мясцовай улады не садзейнічалі правядзенню агітацыйных масавых мерапрыемстваў.

Кандыдатам было дадзена права на пяціхвілінны выступ на дзяржаўным радыё і на пяціхвілінны выступ на дзяржаўным тэлебачанні. Выступы трансляваліся ў запісе, пры гэтым не дазвалялася выкарыстанне папярэдне падрыхтаваных кандыдатамі аўдыё- ці відэаматэрыялаў.

5 ліпеня 2012 г. Цэнтральнай камісіяй створаны Назіральны савет па кантролі за выкананнем парадку і правілаў правядзення перадвыбарнай агітацыі ў сродках масавай інфармацыі, у склад якога ўвайшлі чыноўнікі Міністэрства інфармацыі, Адміністрацыі Прэзідэнта і супрацоўнікі дзяржаўных СМІ. Грамадзянскую супольнасць у гэтым органе прадстаўлялі толькі члены праўладнага Беларускага саюза журналістаў.

Прапанова апазіцыйных партый аб пашырэнні складу названага органа за кошт уключэння ў яго прадстаўнікоў Беларускай асацыяцыі журналістаў і незалежных СМІ Цэнтральнай камісіяй не была рагледжана.

27 жніўня 2012 г. Назіральны савет разгледзеў звароты тэлеканала «Беларусь-2», тэлерадыёкампаній «Сталічнае тэлебачанне», «Магілёў» аб адпаведнасці патрабаванням ВК выступаў кандыдатаў Ніны Каляды, Арцёма Агафонова, Віктара Малочкі і Мацвея Хатары, сяброў АГП, якія заклікалі да байкоту выбараў. Назіральны савет пастанавіў, што гэтыя выступы не могуць быць аднесены да перадвыбарчай агітацыі, а «права на бясплатныя выступы па дзяржаўным тэлебачанні і радыё прадастаўляецца кандыдатам у дэпутаты для вядзення перадвыбарчай агітацыі і выкарыстанне дадзеных магчымасцей для іншых мэт законам не прадугледжана»[8].

28 жніўня сакратар Цэнтральнай камісіі Мікалай Лазавік заявіў журналістам: «З боку дзяржавы было б неразумна арганізоўваць выбарчую кампанію, марнаваць на гэта велізарныя сродкі і даваць магчымасць апанентам выкарыстоўваць эфірны час для правядзення агітацыі супраць дзяржаўнага мерапрыемства»[9].

На падставе рэкамендацый Назіральнага савета Цэнтральная камісія прыняла Пастанову № 93[10], згодна з якой заклікі да байкоту выбараў выводзіліся за межы перадвыбарчай агітацыі. Гэтае палажэнне Пастановы пярэчыць артыкулам  45 і 47 ВК і фактычна ўводзіць цэнзуру на агітацыйныя выступы кандыдатаў у сродках масавай інфармацыі, а ў шэрагу выпадкаў – і падчас публічных выступаў.

У выніку тэлерадыёкампаніі пачалі масава адмаўляць у эфірным часе тым кандыдатам, якія заклікалі да байкоту. 28 жніўня тэлерадыёкампанія «Гомель» не паказала выступ кандыдата ад АГП па Гомельскай-Савецкай ВА № 34 Васіля Палякова. 29 жніўня тэлерадыёкампанія «Брэст» не дала ў эфір выступ кандыдата ад АГП па Баранавіцкай-Заходняй ВА № 5 Анжалікі Камбалавай. У гэты ж дзень радыё «Сталіца» не транслявала кандыдата ад АГП па Барысаўскай гарадской ВА № 62 Льва Марголіна. Тэлеканал «Беларусь-2» не паказаў выступы кандыдатаў ад АГП Адама Варанца (Гомельская сельская ВА № 37) і Марата Афанасьева (Буда-Кашалёўская ВА № 38) ды інш.  Паводле паведамлення АГП, 31 выступ па радыё і тэлебачанні кандыдатаў ад гэтай партыі не патрапіў у эфір. Запісаны выступ кандыдата ад АГП па Брэсцкай-Усходняй ВА № 3 быў адрэдагаваны і паказаны ў эфіры насуперак волі кандыдата. Некаторыя кандыдаты адзначалі, што падчас запісу супрацоўнікі тэлекампаній забаранялі ім ужываць словы «байкот», «пікет» ды інш.

Прыхільнікі ідэі байкоту выбараў рэгулярна сутыкаліся з перашкодамі з боку праваахоўных органаў, асабліва пры распаўсюджванні агітацыйнай прадукцыі.

У г. Мінску быў затрыманы Валеры Буйвал, якому быў вынесены прысуд паводле артыкула 23.4 КаАП – штраф у памеры 25 базавых велічынь (2,5 мільёны рублёў). У г. Віцебску за распаўсюджванне агітацыйных матэрыялаў быў асуджаны на 7 сутак арышту сябра БХД Яўген Гуцалаў. Затрыманні агітатараў за байкот адбыліся на тэрыторыі Фрунзенскай ВА № 101 г. Мінска, дзе актыўна дзейнічалі кампанія «Гавары праўду», Рух «За свабоду» і ПБНФ. Быў асуджаны на 5 сутак арышту Павал Вінаградаў, на 3 сутак – Аляксандр Арцыбашаў, на 7 сутак – Ягор Віняцкі ды інш.

6 верасня ў офісе «Гавары праўду» адбыўся ператрус, падчас якога канфіскавалі агітацыйныя матэрыялы. 18 верасня ў г. Мінску каля дзясятка актывістаў і журналістаў, у тым ліку некалькі акрэдытаваных Міністэрствам замежных спраў карэспандэнтаў вядучых СМІ былі затрыманы падчас пікету за байкот выбараў.  

Неаднаразова фіксаваліся выпадкі канфіскацыі ўлётак за байкот выбараў. 18 верасня каля г. Ліда прадстаўнікі праваахоўных органаў затрымалі каля 15 тысяч улётак АГП.

Цэнзура, забарона бясплатных выступаў у СМІ тых кандыдатаў, якія заклікалі да байкоту выбараў, не адпавядаюць заканадаўству Рэспублікі Беларусь і міжнародным абавязацельствам краіны, парушаюць прынцып роўнасці кандыдатаў у дэпутаты і абмяжоўваюць як правы кандыдатаў на агітацыю, так і правы выбаршчыкаў на атрыманне поўнай і аб’ектыўнай інфармацыі аб кандыдатах і іх праграмах[11].

Магчымасць правядзення тэле- і радыёдэбатаў кандыдатаў у дэпутаты была ўведзена ў ВК у 2010 г. Аднак на практыцы гэты сродак агітацыі быў малаэфектыўным. Пастанова Цэнтральнай камісіі № 122 забараніла ўдзельнічаць у дэбатах тым давераным асобам кандыдатаў у дэпутаты, якія самі з’яўляліся кандыдатамі. Гэтае рашэнне пярэчыць артыкулу 46 ВК, які дазваляе давераным асобам кандыдатаў удзельнічаць у дэбатах замест кандыдата без усялякіх умоў і абмежаванняў.

У некаторых рэгіёнах кандыдаты, у першую чаргу праўладныя, адмовіліся ад тэледэбатаў. У Баранавіцкай-Заходняй ВА № 57 кандыдат, дэпутат Баранавіцкага гарсавета Вольга Палітыка адмовілася ўдзельнічаць у тэледэбатах з кандыдатам ад ПБНФ Мікалаем Чарнавусам і кандыдатам ад АГП Анжэлай Камбалавай. Аналагічная сітуацыя склалася ў Пінскай гарадской ВА № 14, Пружанскай ВА № 9 і інш.  

У некаторых акругах кандыдатам, якія заявілі пра намер удзельнічаць у дэбатах, было адмоўлена ў рэалізацыі гэтага права. Так, у Слонімскай ВА № 58 адмоўлена ў правядзенні дэбатаў кандыдату ад ПБНФ Івану Шэга і кандыдату ад БПЛ «Справядлівы свет» Міхаілу Караткевічу. Скарга, пададзеная Іванам Шэга ў Цэнтральную камісію, не была задаволена. Такім чынам, у Гродзенскай вобласці не зафіксавана ніводнага выпадку правядзення радыё- альбо тэледэбатаў. Сем дэбатаў былі зняты з эфіру з-за таго, што кандыдаты агітавалі за байкот выбараў.

 

Звесткі пра тэле- і радыёвыступы, тэле- і радыёдэбаты кандыдатаў * 

№ п/п

 

Рэгіён

Колькасць акруг

Колькасць

кандыдатаў

 

Тэлевыступы

(Заяўлены/

Адбыліся)

 

Радыёвыступы

(Заяўлены/

Адбыліся)

 

Тэледэбаты

(Заяўлены/

Адбыліся)

 

Радыёдэбаты

(Заяўлены/

Адбыліся)

1

Брэсцкая

16

51

51

38

51

36

10

7

-

-

2

Віцебская

14

49

49

37

49

35

6

6

18

15

3

Гомельская

17

53

53

41

53

46

2

1

-

-

4

Гродзенская

13

34

34

28

33

24

-

-

-

-

5

Мінская

17

42

42

23

42

28

2

2

-

-

6

Магілёўская

13

46

46

41

44

35

4

4

11

10

7

г. Мінск

20

89

78

72

89

72

15

10

12

12

 

Усяго

110

364

353

280

361

276

39

30

41

37

 

* Паводле звестак Цэнтральнай камісіі. Колькасць кандыдатаў прыводзіцца без уліку скасавання рэгістрацыі кандыдатаў, вылучаных АГП і ПБНФ.

 Праграмы кандыдатаў, прапанаваныя для друку ў дзяржаўнай прэсе, як і выступы кандыдатаў у электронных СМІ, цэнзураваліся. Рэдакцыя магілёўскай газеты «Прыдняпроўская ніва» адмовілася публікаваць праграму кандыдата ад АГП па Магілёўскай-Сельскай ВА № 88 Аляксандра Шаўцова. Са значнымі купюрамі ў газеце «Маяк» выйшаў матэрыял кандыдата ад АГП па Пружанскай ВА № 9 Аляксандра Кабанава. З-за заклікаў да байкоту выбараў праграма Юрыя Хашчавацкага, кандыдата ад АГП па Кастрычніцкай ВА № 7 г. Мінска, не была апублікавана ў газетах «Звязда» і «Рэспубліка». Кандыдата ад ПБНФ па Баранавіцкай-Заходняй ВА № 5 Мікалая Чарнавуса ў газеце «Наш край» папрасілі выкрасліць тэзісы, якія тычыліся крытыкі ўлады. Рэдакцыя газеты «Магілёўскія ведамасці» адцэнзуравала перадвыбарную праграму Ліліі Сіваковай, кандыдата ад БПЛ «Справядлівы свет» па Магілёўскай-Кастрычніцкай ВА № 86. Бярозаўская раённая газета «Маяк» адмовіла ў публікацыі праграмы кандыдату па Івацэвіцкай ВА № 11 ад БСДП (Г) Валянціну Лазарэнкаву. Гродзенская рэгіянальная газета «Перспектыва» адмовілася друкаваць праграму кандыдата ад ПБНФ Аляксандра Стральцова на мовах нацыянальных меншасцяў (польскай і літоўскай), распаўсюджаных у памежных з Літвой і Польшчай рэгіёнах Гродзенскай сельскай ВА № 52, дзе балатаваўся гэты кандыдат. ПБНФ расцаніла  згаданы выпадак як парушэнне права кандыдата на агітацыю і права выбаршчыкаў на выкарыстанне роднай мовы.

Кандыдатам, вылучаным апазіцыйнымі партыямі, дзяржаўныя газеты прад’яўлялі прэтэнзіі, што яны прадстаўляюць для друку не ўласную праграму, а праграму партыі.

 

Звесткі пра публікацыі праграм кандыдатаў у дзяржаўных газетах*

 

№ п/п

Рэгіён

Колькасць акруг

Коль-касць

канды-датаў

Колькасць

кандыдатаў, чые праграмы былі апублікаваны

Газеты, у якіх былі апублікаваны праграмы

Рэспубліканскія

Абласныя (мінская

гарадская)

Раённыя (гарадскія) газеты

1

Брэсцкая

16

51

31

 

11

51

2

Віцебская

14

49

26

2

1

31

3

Гомельская

17

53

40

 

2

28

4

Гродзенская

13

34

32

 

5

29

5

Мінская

17

42

28

 

 

49

6

Магілёўская

13

46

32

 

7

54

7

г. Мінск

20

89

33

15

35

 

 

Усяго

110

364

222

17

61

242

 

* Паводле звестак Цэнтральнай камісіі. Колькасць кандыдатаў прыводзіцца без уліку скасавання рэгістрацыі кандыдатаў, вылучаных АГП і ПБНФ.

Адмовы кандыдатам у бясплатным выступе па тэлебачанні і радыё, у публікацыі іх праграм нельга прызнаць законнымі і абгрунтаванымі. Згодна з п. 7.7 Капенгагенскага дакумента АБСЕ (1990)[12], дзяржавы-ўдзельніцы АБСЕ забяспечваюць такія ўмовы, пры якіх закон і дзяржаўная палітыка дапускаюць правядзенне палітычных кампаній у атмасферы свабоды і сумленнасці, дзе ніякія адміністрацыйныя дзеянні, гвалт або запалохванні не стрымлівалі б партыі і кандыдатаў ад вольнага выяўлення сваіх поглядаў і ацэнак, а таксама не перашкаджалі б выбаршчыкам знаёміцца ​​з кандыдатамі і абмяркоўваць іх, галасаваць свабодна, не асцерагаючыся пакарання.

ВК устанаўлівае два парадкі правядзення агітацыйных масавых мерапрыемстваў. Згодна з артыкулам 45 главы  10 ВК  масавыя мерапрыемствы могуць праводзіцца ў адпаведнасці з заканадаўствам аб масавых мерапрыемствах. У сувязі з гэтым неабходна адзначыць, што дазваляльны парадак правядзення мітынгаў, шэсцяў і пікетаў, устаноўлены законам Рэспублікі Беларусь «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь», даўно з’яўляецца аб’ектам крытыкі з-за неабгрунтаванага звужэння свабоды сходаў.

Артыкул 451 главы 10 ВК прадугледжвае заяўляльны парадак правядзення агітацыйных мерапрыемстваў. Рэалізацыя гэтай нормы ВК на практыцы адбывалася не заўсёды. Віцебскі райвыканкам не даў магчымасці даверанай асобе Леаніда Аўтухова, кандыдата ад ПБНФ, правесці пікет у в. Буяны Віцебскага раёна ў паведамляльным парадку. Суд Чыгуначнага раёна г. Віцебска не разгледзеў скаргу па гэтай справе ва ўстаноўлены законам трохдзённы тэрмін.

Агітацыйныя мерапрыемствы апазіцыйных кандыдатаў сутыкаліся з перашкодамі з боку органаў выканаўчай улады, асабліва часта падобныя выпадкі адзначаліся ў рэгіёнах. 7 верасня па загадзе кіраўніцтва сельскага прамысловага комплексу «Славуцічы» Зэльвенскага раёна была спынена сустрэча з выбаршчыкамі кандыдатаў у дэпутаты па Слонімскай ВА № 58 Івана Шэга (ПБНФ) і Міхаіла Караткевіча (БПЛ «Справядлівы свет»). Падчас сустрэчы кандыдата ў дэпутаты, намесніка старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Аляксандра Агеева з працаўнікамі прадпрыемства «Бабушкина крынка» апазіцыйнага кандыдата, намесніка старшыні ПБНФ Рыгора Кастусёва спрабавалі не дапусціць на прадпрыемства.

Апазіцыйныя кандыдаты неаднаразова заяўлялі, што пляцоўкі, вызначаныя мясцовымі ўладамі для агітацыйных сходаў, з’яўляюцца нязручнымі і маланаведваемымі. Назіральнікі ў рэгіёнах пацвярджалі падобную інфармацыю, асабліва гэта было характэрным для райцэнтраў і сельскіх населеных пунктаў.

Трэба адзначыць, што ўсе заяўкі аб правядзенні масавых мерапрыемстваў з мэтай агітацыі за байкот выбараў, якія падаваліся ў Мінгарвыканкам актывістамі БХД і іншых апазіцыйных партый, не былі задаволены. 

Агітацыю ў падтрымку кандыдатаў, лаяльных уладзе, актыўна ажыццяўлялі прадстаўнікі выканкамаў, кіраўнікі дзяржаўных устаноў, арганізацый і прадпрыемстваў. У многіх месцах яны стваралі спрыяльныя ўмовы для сустрэч праўладных кандыдатаў з выбаршчыкамі, практычна паўсюль у гэтых мэтах выкарыстоўваўся адміністрацыйны рэсурс. Праводзіліся сходы ў калектывах і арганізоўваліся сустрэчы з кандыдатамі ад улады, нярэдка – у працоўны час. Так, у працоўны час у г. Быхаве адбылася сустрэча кандыдата па Быхаўскай ВА № 81, старшыні Слаўгарадскага райсавета і Слаўгарадскай раённай арганізацыі «Белая Русь» Таццяны Кананчук з калектывам мясцовага хлебазавода. Адміністрацыя СШ № 9 г. Маладэчна арганізоўвала педкалектыў і бацькоў вучняў на сустрэчу з кандыдатам па Маладзечанскай сельскай ВА № 73, дырэктарам прадпрыемства «Бярэзінскае» Станіславам Куляшом. Адміністрацыйны рэсурс прыцягваўся таксама для правядзення сустрэч з выбаршчыкамі кандыдата па Аршанскай-Дняпроўскай ВА № 27, старшыні Аршанскага раённага выканаўчага камітэта Уладзіміра Дзедушкіна. Дзяржаўныя структуры забяспечвалі падтрымку аднаму з пяці кандыдатаў па Брэсцкай-Заходняй ВА № 1, генеральнаму дырэктару прадпрыемства «Брэсцкі цэнтральны ўнівермаг» Віктару Валюшыцкаму і інш.

Кандыдаты мелі права на выраб агітацыйнай друкаванай прадукцыі (плакатаў, улётак, надпісаў, заяў, фотаматэрыялаў) за кошт дзяржаўных сродкаў у памеры 50 базавых велічынь, а таксама за  кошт прыватных выбарчых фондаў (да 1 000 базавых велічынь) і за ўласны кошт (да 20 базавых велічынь). Тыя кандыдаты, якія мелі намер зняцца з выбараў, у большасці выпадкаў устрымаліся ад выкарыстання сродкаў, што выдзяляліся для агітацыі з дзяржаўнага бюджэту.

Дзяржаўныя і прыватныя друкарні («Паліграфічны камбінат імя Якуба Коласа», «Мінская фабрыка каляровага друку», «Чырвоная зорка» і інш.) адмаўляліся вырабляць матэрыялы, што фінансаваліся з прыватных выбарчых фондаў апазіцыйных кандыдатаў. Некаторыя з іх спасылаліся на загружанасць сваіх вытворчых магчымасцей.  Як заявіла ПБНФ, 15 прыватных друкарань адмовіліся вырабляць іх прадукцыю. Толькі 4 з 31 кандыдата ад ПБНФ здолелі скарыстацца сваімі перадвыбарчымі фондамі і надрукаваць улёткі.

У г. Рэчыца Гомельскай вобласці дзяржаўнае паліграфічнае прадпрыемства «Тытул» адмовілася друкаваць 10 тысяч адзінак агітацыйнай прадукцыі кандыдата па Рэчыцкай ВА № 44 Антона Няфёдава. Кандыдат па Віцебскай-Чкалаўскай ВА №18 Аляксей Гаўруцікаў і кандыдат па Віцебскай-Горкаўскай ВА № 17 Алена Фаміна не змаглі ў тэрмін атрымаць наклады сваіх улётак з дзяржаўнай друкарні, што перашкодзіла вядзенню паўнавартаснай агітацыйнай кампаніі.

Паводле назіральнікаў, па ўсёй краіне агітацыйныя друкаваныя матэрыялы сустракаліся ў нязначнай колькасці, іх размяшчэнне ў адведзеных для агітацыі месцах было малазаўважным.  Пры гэтым зафіксаваныя выпадкі супрацьдзеяння з боку афіцыйных асоб размяшчэнню агітацыйных матэрыялаў апазіцыйных кандыдатаў. Брэсцкія філіялы дзяржаўных прадпрыемстваў «Белпошта» і «Белфармацыя» адмовіліся прадстаўляць месцы для перадвыбарчых плакатаў кандыдатаў ад БСДП (Г) ва ўсіх паштовых аддзяленнях і аптэках г. Брэста.

 

Звесткі пра выкарыстанне дзяржаўных сродкаў, выдзеленых кандыдатам*

 

№ п/п

Рэгіён

Колькасць

акруг

Колькасць

кандыдатаў

Кандыдаты, якія для вырабу агітацыйных плакатаў скарысталіся (цалкам / часткова)

дзяржаўнымі сродкамі

1

Брэсцкая

16

51

33

2

Віцебская

14

49

41

3

Гомельская

17

55

45

4

Гродзенская

13

34

26

5

Мінская

17

46

31

6

Магілёўская

13

46

33

7

г. Мінск

20

89

64

 

Усяго

110

370

273

 

* Паводле звестак Цэнтральнай камісіі. Колькасць кандыдатаў прыводзіцца без уліку скасавання рэгістрацыі кандыдатаў, вылучаных АГП і ПБНФ.

 

Пасля  зняцця трох кандыдатаў ад ПБНФ АВК запатрабавалі кампенсаваць патрачаныя на агітацыю сродкі, выдзеленыя з дзяржаўнага бюджэту.

Правам на стварэнне прыватных выбарчых фондаў скарысталася менш за траціну кандыдатаў. Усяго па краіне імі было адкрыта 85 прыватных рахункаў для збору сродкаў. Кандыдаты ад апазіцыі заяўлялі пра бюракратычныя перашкоды з боку камісій, што замарудзіла адкрыццё рахункаў. Апошні з іх быў адкрыты 18 верасня, ужо падчас датэрміновага галасавання. Фактаў выкарыстання выбарчых фондаў для аплаты вонкавай рэкламы альбо рэкламы на радыё і тэлебачанні ўвогуле не зафіксавана.

 

Звесткі пра выкарыстанне прыватных выбарчых фондаў*

 

№ п/п

Рэгіён

Колькасць акруг

Колькасць

кандыдатаў

Колькасць выбарчых фондаў, створаных кандыдатамі

Колькасць выбарчых фондаў, сродкі з якіх былі выкарыстаны кандыдатамі

1

Брэсцкая

16

51

15

14

2

Віцебская

14

49

12

10

3

Гомельская

17

53

16

14

4

Гродзенская

13

34

7

5

5

Мінская

17

42

4

4

6

Магілёўская

13

46

14

5

7

г. Мінск

20

89

17

15

 

Усяго

110

364

85

67

 

* Паводле звестак Цэнтральнай камісіі. Колькасць кандыдатаў прыводзіцца без уліку скасавання рэгістрацыі кандыдатаў, вылучаных АГП і ПБНФ.

 

Датэрміновае галасаванне

Згодна з Каляндарным планам датэрміновае галасаванне праводзілася з 18 да 22 верасня 2012 г. Яго працэдура рэгулявалася артыкулам 53 ВК.

Афіцыйнага пацвярджэння немагчымасці прагаласаваць у дзень выбараў ад выбаршчыкаў не патрабуецца. УВК штодзённа складае і вывешвае пратакол, у якім указана агульная колькасць атрыманых бюлетэняў, колькасць выбаршчыкаў, якія іх атрымалі (у апошні дзень – агульная колькасць за ўсе дні), колькасць сапсаваных і асобна – нявыкарыстаных бюлетэняў.

Прымус да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні забаронены. Нягледзячы на гэта падобныя факты зафіксаваны ў сярэднім на 16,8% ВУ, дзе ажыццяўлялася назіранне. 

У асноўным датэрмінова галасавалі асобы, якія залежаць ад дзяржаўных огранаў – іншагароднія студэнты, навучэнцы, жыхары інтэрнатаў, ваеннаслужачыя, супрацоўнікі дзяржаўных устаноў, грамадзяне, асуджаныя да абмежавання волі, і інш. Прыкметамі адміністрацыйнага прымусу да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні былі: просьба выбаршчыкаў да членаў УВК выдаць даведку пра ўдзел у галасаванні, арганізаваны прывод ці прывоз выбаршчыкаў на ўчастак для галасавання, інфармаванне членамі УВК прадстаўнікоў адміністрацыі аб удзеле ў датэрміновым галасаванні і інш.

Мелі месца выпадкі забароны карыстання фотаапаратурай для фіксацыі выбарчага працэсу. У г. Гомелі 23 верасня з ВУ №1 Гомельскай-Савецкай ВА № 34 выдалілі назіральніка Анатоля Паплаўнага за спробу сфатаграфаваць скрыні для галасавання. Па розных прычынах назіральнікі былі  выдалены з памяшканняў ВУ № 36 (г. Гарадок Віцебскай вобл.), ВУ № 23, 47 (г. Магілёў), ВУ № 14 (г. Віцебск).

На 3,1% ВУ ствараліся перашкоды назіральнікам кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» пры падліку імі колькасці выбаршчыкаў, якія прынялі ўдзел у датэрміновым галасаванні. У выніку непрадстаўленне звестак пра колькасць выбаршчыкаў, зарэгістраваных на ўчастках у першы дзень датэрміновага галасавання і ў наступныя дні, рабіла немагчымым альтэрнатыўны падлік выбаршчыкаў.

 

 

18

верасня

19

верасня

20 верасня

21

верасня

22

верасня

У сярэднім

Колькасць выбарчых

участкаў, з якіх

паступілі звесткі

 

151

158

156

158

165

157

% выбарчых участкаў, дзе ствараліся перашкоды назіральнікам

 

3%

3,6%

3,2%

2,5%

3%

3,1%

У 5,4% выпадкаў назіральнікі мелі заўвагі да працэдуры апячатвання скрыні для бюлетэняў у першы дзень датэрміновага галасавання. Нетрывалае замацаванне скрыні пячаткай было адзначана на ВУ № 412 Масюкоўшчынскай ВА № 103 і ВУ № 594 Усходняй ВА № 107 г. Мінска, ВУ № 44 Брэсцкай-Заходняй ВА № 1 і інш. Парушэнне афіцыйнага раскладу працы УВК мела месца ў сярэднім на 4,5% ВУ.

Назіральнікам кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» дазвалялі прысутнічаць ў пакоі для галасавання толькі ў афіцыйныя часы працы УВК, пры гэтым члены камісіі маглі знаходзіцца ў зачыненым пакоі для галасавання не толькі ў вызначаны законам час. Гэта тлумачылася як «працоўны момант УВК», «падрыхтоўка пакоя да галасавання» і г.д. У час перапынкаў і спынення працы не ўсюды апячатваліся памяшканні для галасавання.

Умяшальніцтва пабочных асоб у працу УВК адзначана у сярэднім на 20,9% ВУ. У асноўным такімі асобамі з’яўляліся прадстаўнікі мясцовых выканаўчых органаў улады, прадстаўнікі адміністрацый арганізацый і ўстаноў. Гэтыя выпадкі назіраліся  на ВУ № 14 Віцебскай-Чыгуначнай ВА № 19, ВУ № 30 Глыбоцкай ВА № 22 і інш.

На многіх участках для галасавання былі заўважаны асобы ў цывільным, якія на пытанні назіральнікаў адмаўляліся прадставіцца. У Мінску падобныя выпадкі  адбыліся на ВУ № 572 Усходняй ВА № 107, ВУ №№ 396, 397 Сухараўскай ВА № 102, ВУ № 243 Грушаўскай ВА № 98 і інш. Таксама была зафіксавана прысутнасць кіраўнікоў устаноў унутранных спраў, якія правяралі дзейнасць міліцыянераў на ўчастках для галасавання.

Члены УВК і прадстаўнікі дзяржаўных прадпрыемстваў і навучальных устаноў паўсюдна ўзгаднялі спісы тых, хто прагаласаваў, што сведчыць пра імкненне кантраляваць сітуацыю. УВК рэгулярна прадстаўлялі кіраўніцтву адпаведных устаноў ці адміністрацый інфармацыю пра колькасць тых, хто ўзяў удзел у датэрміновым галасаванні: УВК № 12 Магілёўскай-Ленінскай ВА № 84, УВК № 31 Брэсцкай-Усходняй ВА № 3 і інш.

Невывешванне пратаколаў аб выніках штодзённага галасавання ў сярэднім мела месца на 1% выбарчых участкаў. Назіральнікі ўказвалі членам УВК на неабходнасць паведамлення штодзённых вынікаў датэрміновага галасавання.

Па падліках назіральнікаў кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», у першыя дні датэрміновага галасавання колькасць выбаршчыкаў, якія прагаласавалі, нязначна адрознівалася ад той, якую называлі УВК. Аднак у апошні дзень датэрміновага галасавання гэтая розніца склала ўжо 3 831 чалавек.

Таксама ў канцы датэрміновага галасавання павялічылася і колькасць тых ВУ, на якіх адрозненне афіцыйных звестак і звестак незалежнага назірання склала ад 30,7% да 39,5%.

У асобных выпадках назіральнікамі фіксавалася значнае разыходжанне ў лічбах прагаласаваўшых на працягу дня з тымі звесткамі, якія абвяшчаліся ў канцы УВК. Напрыклад, у Гомельскай-Савецкай ВА № 34 на ўчастках №№ 1, 2, 18, 23 амаль увесь час назірання фіксавалася разыходжанне лічбаў у 2-3 разы і інш.

 

Колькасць выбаршчыкаў, якія прагаласавалі датэрмінова[13]

 

Дзень

Колькасць ВУ,

дзе былі даступныя звесткі

пра колькасць прагаласаваўшых

Колькасць выбаршчыкаў, якія прагаласавалі датэрмінова

Розніца

% ВУ, дзе

фіксавалася адрозненне паміж афіцыйнымі звесткамі і звесткамі

назіральнікаў па колькасці прагаласаваўшых датэрмінова за дзень

Звесткі

УВК

Звесткі

назіральнікаў

18 верасня

137

6 357

6 074

-283 (2,3%)

30,7

19 верасня

143

10 773

10 169

-604 (2,9%)

31,5

20 верасня

142

13 968

12 889

-1 079 (4%)

28,47

21 верасня

143

18 181

16 292

-1 889 (5,5%)

40,36

22 верасня

154

24 989

21 158

-3 831 (8,3%)

39,5

Усяго (у сярэднім)

 

74 608

66 926

-7 682 (5,4%)

(34,2)



Галасаванне па месцы знаходжання выбаршчыка

Выбаршчыкам, якія па стане здароўя або па іншых уважлівых прычынах не могуць прыйсці ў дзень выбараў у памяшканне для галасавання, УВК абавязана забяспечыць магчымасць галасаваць па месцы знаходжання. Афіцыйнага пацвярджэння немагчымасці прыйсці на выбарчы ўчастак не патрабуецца. Аднак паводле артыкула 54 главы 13 ВК выбаршчык сам павінен звярнуцца ў камісію з адпаведнай просьбай (у вуснай ці пісьмовай форме).

На пытанне, ці вёўся спіс выбаршчыкаў, якія заявілі пра жаданне галасаваць па месцы свайго знаходжання, 90,6% назіральнікаў адказалі, што такі спіс вёўся. На 79% ВУ старшыні камісій прадстаўлялі назіральнікам інфармацыю пра колькасць тых, хто пажадаў прагаласаваць па месцы свайго знаходжання. На 70% участкаў, як сведчаць назіральнікі, членам УВК, якія ажыццяўлялі арганізацыю галасавання па месцы знаходжання выбаршчыкаў, выдавалася колькасць бюлетэняў, што адпавядала колькасці выбаршчыкаў у спісе. На 30% участкаў гэтая норма парушалася.

На большасці ўчасткаў (79%) назіральнікам дазволілі паехаць разам з членамі камісіі для прысутнасці пры галасаванні па месцы знаходжання выбаршчыкаў.

Засталася вельмі распаўсюджаная практыка ўнясення ў спіс для галасавання па месцы знаходжання тых выбаршчыкаў, якія папярэдне не выказвалі такога жадання. Так, на ВУ № 9 Барысаўскай гарадской ВА № 62, паводле звестак камісіі, заяўкі на ўдзел у галасаванні па месцы знаходжання падалі 140 грамадзян. Абыход 60 месцаў пражывання выбаршчыкаў, якіх наведалі члены ўчастковай камісіі ў першай палове дня, выявіў, што спіс гэтых выбаршчыкаў быў складзены з парушэннямі. Так, 3 грамадзян аказаліся памерлымі (адна з іх памерла 2 гады таму),  2 грамадзян, па словах сваякоў, знаходзіліся ў непрытомным стане і не маглі звярнуцца да камісіі, 5 грамадзян заявілі, што камісію дамоў не выклікалі, у 11 месцах жыхарства выбаршчыкаў на момант абыходу з 10.00 да 13.30 нікога не было дома, 16 чалавек ужо прагаласавалі самастойна на ўчастку або заявілі, што будуць галасаваць менавіта на ўчастку, 3 былі ў ад’ездзе па розных прычынах (адпачынак, лячэнне і інш.). Выпадкі, калі выбаршчыкі заяўлялі членам УВК, што не выказвалі жадання галасаваць па месцы свайго знаходжання, адбыліся на 20% участкаў.

Зафіксаваны таксама выпадкі, калі грамадзяне, да якіх прыехалі члены камісіі, наогул адмаўляліся галасаваць (ВУ № 126 Свіслацкай ВА № 94, ВУ № 571  Усходняй ВА г. Мінска, ВУ № 1 Аршанска-Дняпроўскай ВА № 27 і інш.). 

Унясенне выбаршчыкаў у спіс для галасавання па месцы знаходжання пасля 18.00, што з’яўляецца парушэннем, мела месца на 3,6% участкаў. 

 

Галасаванне  на выбарчых участках

Арганізацыя і правядзенне галасавання на ўчастку рэгламентаваны артыкуламі 51, 52 гл. 13 ВК. У прыватнасці вызначана, што скрыні для галасавання павінны знаходзіцца ў полі зроку членаў УВК, назіральнікаў і прадстаўнікоў СМІ. На пераважнай большасці ўчасткаў (93,6%), дзе прысутнічалі незалежныя назіральнікі, гэтая важная норма вытрымлівалася. Аднак адзначаны і яе парушэнні (6,4% участкаў): ВУ № 47 Аўтазаводскай ВА № 92 і ВУ № 211 Кастрычніцкай ВА № 97 г. Мінска, ВУ № 6 Івацэвіцкай ВА № 11, ВУ № 9 Смаргонскай ВА № 59 і інш., дзе урны размяшчаліся вельмі далёка ад назіральнікаў або былі толькі часткова даступныя для нагляду. Выдачу некалькіх бюлетэняў адной асобе заўважыла 5,3% назіральнікаў кампаніі. Агітацыю на выбарчым участку адзначылі 2,1% з іх.

Паводле артыкула 21 ВК ні выбаршчыкі, ні назіральнікі не маюць права знаёміцца з поўнымі спісамі выбаршчыкаў на ўчастку. Гэтая норма тлумачыцца неабходнасцю захавання таямніцы асабістага жыцця грамадзяніна. Выбаршчык можа праверыць толькі тое, ці ўключаны ён сам у спіс і ці звесткі пра яго правільныя. Распаўсюджана практыка з боку членаў УВК паведамляць грамадзяніну звесткі пра членаў яго сям’і.

Пры адсутнасці адзінага рэестра выбаршчыкаў і адмовах УВК даваць канкрэтную інфармацыю пра агульную колькасць выбаршчыкаў на ўчастку ствараюцца перадумовы для маніпуляцый.

Назіральнікі адзначылі непаслядоўнасць пазіцыі членаў УВК і недакладнасці ў іх рабоце са спісамі выбаршчыкаў на ВУ №№ 572, 586, 594 Усходняй ВА № 107 г. Мінска, ВУ № 52 Віцебскай-Чкалаўскай ВА № 18, ВУ № 5 Гродзенскай-Цэнтральнай ВА № 50, ВУ № 30 Гродзенскай-Занёманскай ВА № 49, ВУ № 32 Гродзенскай-Паўночнай ВА № 51, ВУ № 70 Пінскай сельскай ВА № 15, ВУ № 8 Маладзечанскай гарадской ВА № 72 і інш. На гэтых выбарчых участках назіральнікам адмаўлялі без тлумачэнняў, паведамлялі «папярэднія дадзеныя» колькасці выбаршчыкаў або адказвалі, што «колькасць увесь час мяняецца». Абгрунтаванасць змен колькасці выбаршчыкаў назіральнікам праверыць не ўдалося.

Адказнасць за арганізацыю галасавання на ўчастках нясуць УВК. Назіральнікі заўважылі факты актыўнага ўмяшальніцтва ў іх працу пабочных асоб. На ВУ № 571 Усходняй ВА № 107 г. Мінска аддаваў распараджэнні не старшыня, а адзін з назіральнікаў і разам з ім некалькі чалавек у цывільным, якія выклікалі старшыню ў асобны пакой. На ВУ № 39 Віцебскай-Чкалаўскай ВА № 18 адзначана прысутнасць прадстаўнікоў адміністрацыі Першамайскага раёна і іншых пабочных асоб.

Былі выпадкі ціску на назіральнікаў і незаконнага выдалення іх з выбарчых участкаў. 26,8% назіральнікаў паведамілі, што на працу членаў УВК паступалі скаргі адразу ад некалькіх асоб. 

Згодна з артыкулам 13 ВК падлік галасоў павінен адбывацца галосна, на ВУ маюць права прысутнічаць акрэдытаваныя назіральнікі, прадстаўнікі СМІ, кандыдаты ў дэпутаты па дадзенай ВА і іх давераныя асобы. Перад ускрыццём скрынь для галасавання падлічваецца і агучваецца колькасць нявыкарыстаных блюлетэняў.

Ускрыццё скрынь і падлік галасоў ажыццяўлецца паасобна: спачатку падлічваюцца бюлетэні, якія знаходзіліся ў скрыні для датэрміновага галасавання, потым тыя, што знаходзіліся ў пераносных скрынях для галасавання па месцы знаходжання выбаршчыкаў. У апошнюю чаргу – тыя, якія знаходзіліся ў скрынях у памяшканнях для галасавання. Вынікі кожнага падліку галасоў абвяшчаюцца старшынёй камісіі.

Пры выбарах дэпутатаў ППНС падлік галасоў на ўчастку для галасавання адбываецца асобна па кожнаму кандыдату ў дэпутаты.

На падставе бюлетэняў, якія знаходзіліся ў скрынях для галасавання, камісія спачатку паасобна, а потым суміруючы звесткі, устанаўлівае: агульную колькасць выбаршчыкаў, прыняўшых удзел у галасаванні, у тым ліку колькасць выбаршчыкаў, якія прынялі ўдзел у датэрміновым галасаванні; колькасць выбаршчыкаў, якія галасавалі па месцы свайго знаходжання; колькасць выбаршчыкаў, якія прынялі ўдзел у галасаванні ў дзень выбараў на ўчастку для галасавання; колькасць галасоў, аддадзеных за кожнага кандыдата ў дэпутаты, і колькасць галасоў, аддадзеных супраць усіх кандыдатаў у дэпутаты (па безальтэрнатыўнай акрузе – колькасць галасоў, пададзеных супраць кандыдата); колькасць бюлетэняў, прызнаных несапраўднымі. 

Пасля завяршэння падліку галасоў УВК праводзіць пасяджэнне, на якім устанаўліваюцца і заносяцца ў пратакол вынікі падліку галасоў, разглядаюцца скаргі і звароты, асабістыя меркаванні членаў камісій (пры наяўнасці). У пратаколе пасяджэння УВК таксама павінны быць адлюстраваны вынікі паасобнага падліку галасоў (складаецца толькі ў адным асобніку і перадаецца толькі ў  органы, якія стварылі камісіі, – райвыканкамы ці раённыя адміністрацыі).

У пратаколе аб выніках галасавання ўказваецца толькі агульны вынік галасавання.  Копія пратакола аб выніках галасавання пасля яго падпісання вывешваецца для ўсеагульнага азнаямлення. Выдача назіральніку заверанай копіі пратакола аб выніках галасавання на ўчастку заканадаўствам не прадугледжана.

Выбарчае заканадаўства падрабязна апісвае паслядоўнасць працэдур падліку галасоў, неабходных для гарантый супраць фальксіфікацый. Аднак на практыцы выкананне гэтых працэдур не забяспечвалася ці назіральнікі былі пазбаўлены магчымасці бачыць іх.

Магчымасць прысутнічаць у памяшканнях для галасавання падчас падліку галасоў прадстаўлялася. Аднак пры гэтым большасць з назіральнікаў (73,5%) адзначылі, што падлік адбываўся непразрыста – усімі членамі УВК адначасова, калі кожны лічыў толькі свой стос выбарчых бюлетэняў, перадаючы атрыманыя лічбы старшыні камісіі. Пры такой працэдуры ні назіральнікі, ні кожны асобны член УВК  не маглі ведаць агульны вынік падліку галасоў на ўчастку. Акрамя гэтага, назіральнікам не дазвалялі знаходзіцца на той адлегласці ад сталоў, з якой бачна працэдуру падліку, 79,5% з іх указалі, што не мелі зручнага месца для назірання за падлікам галасоў выбаршчыкаў. У большасці выпадкаў старшыні УВК не кіраваліся ў сваёй дзейнасці палажэннямі спецыяльнага дапаможніка Цэнтральнай камісіі, якія рэкамендуюць забяспечыць назіральнікам рэальную магчымасць назіраць за працэдурай падліку галасоў[14].

Назіральнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» ў пісьмовай форме звярталіся да старшынь УВК з просьбай забяспечыць празрыстасць працэдуры падліку галасоў, у прыватнасці, каб УВК даручалі ажыццяўляць падлік галасоў члену камісіі, які б пры гэтым агучваў вынік волевыяўлення выбаршчыка, адлюстраваны ў кожным бюлетэні, і дэманстраваў гэты бюлетэнь усім членам УВК і прысутным назіральнікам.

На гэтыя звароты былі дадзены фактычна аднолькавыя адказы старшынь УВК: падлік галасоў будзе ажыццяўляцца членамі УВК згодна з артыкулам 55 ВК, дапаможнікам для працы УВК, распрацаваным Цэнтральнай камісіяй. Указвалася, што працэдуры падліку галасоў і ўстанаўлення вынікаў галасавання былі адпрацаваныя членамі камісій пры правядзенні трэнінгаў. Пры гэтым не ўказвалася, якая канкрэтна працэдура адпрацоўвалася на гэтых трэнінгах.

Паказальным з’яўляецца адказ старшыні УВК № 287 Паўднёва-Заходняй ВА № 99 г. Мінска М. Г. Сідорыка назіральніку БХК Васілю Санковічу. На просьбу назіральніка забяспечыць празрыстасць працэдур падліку галасоў ён адказаў: «Разгледзеўшы Ваш зварот, паведамляю, што ў сувязі з тым, што Выбарчым кодэксам Рэспублікі Беларусь працэдура падліку галасоў не вызначана, участковая выбарчая камісія  № 287 Паўднёва-Заходняй выбарчай акругі  № 99 будзе праводзіць працэдуру падліку галасоў у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь і ў форме, зручнай для членаў камісіі».

40,4% назіральнікаў паведамілі, што УВК не агучвалі вынікі паасобнага падліку галасоў, а  8,9% заявілі пра адсутнасць паасобнага падліку галасоў наогул. Гэтыя факты сведчаць, што практычна палова УВК,  на якіх ажыццяўлялася назіранне за працэдурамі падліку, праводзілі іх з парушэннямі патрабаванняў артыкула 55 ВК.

Пасля падліку галасоў многія назіральнікі адзначалі, што колькасць выбаршчыкаў, якія прагаласавалі па месцы знаходжання выбаршчыкаў, складала значную колькасць ад зарэгістраваных на ўчастку выбаршчыкаў – да 10% і болей.

Таксама адзначаліся выпадкі скарачэння колькасці выбаршчыкаў, зарэгістраваных на ўчастку для галасавання ў асноўны дзень выбараў.

Пасля азнаямлення з выніковымі пратаколамі УВК назіральнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» выявілі несупадзенні звестак аб колькасці прагаласаваўшых выбаршчыкаў у копіях пратаколаў аб выніках галасавання, вывешаных для азнаямлення ў памяшканнях УВК, з тымі звесткамі яўкі выбаршчыкаў, якія атрымалі яны самі. Розніца склала 18,1%.

У г. Мінску колькасць прагаласаваўшых на  ВУ № 34 паводле афіцыйных дадзеных склала 30 589 чалавек, а паводле звестак назіральнікаў – 20 970 чалавек. Розніца – 9 619 чалавек (31,4%). Пры гэтым неабходна заўважыць, што дадзеныя назіральнікаў не ўключалі колькасць выбаршчыкаў, прагаласаваўшых па месцы свайго знаходжання. Таму праверыць рэальную колькасць выбаршчыкаў, якія бралі ўдзел у галасаванні па месцы свайго знаходжання, немагчыма. Улічваючы зафіксаваныя назіральнікамі шматлікія факты маніпуляцый пры правядзенні гэтага віда галасавання,  колькасць выбаршчыкаў, якія  прынялі ўдзел у галасаванні, рэальна можа быць яшчэ меншай.

Гэтыя дадзеныя, вядома, не могуць быць рэпрэзентатыўнымі ў межах усёй краіны, аднак сведчаць пра тое, што падчас правядзення выбараў мелі месца маніпуляцыі з яўкай выбаршчыкаў у бок яе павелічэння. На дасягненне гэтай жа мэты былі скіраваны і маніпуляцыі са спісамі выбаршчыкаў (скарачэнне колькасці зарэгістраваных выбаршчыкаў).

Напрыклад, падвядзенне вынікаў выбараў у г. Гродна адбылося з сур’ёзнымі прыпіскамі з боку камісій. На розных ВУ у выніковыя пратаколы было дапісана ад 100 да 500 галасоў. Такія факты адзначаны назіральнікамі на ВУ №№ 31, 32 Гродзенскай-Паўночнай ВА, на ВУ №№ 5, 10, 19 Гродзенскай-Цэнтральнай ВА, на ВУ № 30 Гродзенскай-Занёманскай ВА. На ВУ № 26 гэтай акругі агульная колькасць выбаршчыкаў была заніжана амаль на 90 чалавек. Старшыня УВК Сяргей Пятроў патлумачыў, што адных выклікаў ваенкамат, а іншыя з’ехалі ў камандзіроўкі і на заробкі. На гэтым участку вечарам у суботу ў спісе было 2 262 выбаршчыкі, а ў нядзелю іх засталося ўжо 2178.

Па падліках назіральнікаў, на некаторых участках яўка выбаршчыкаў склала 45-47%.

Назіральнікі неаднаразова накіроўвалі звароты ў органы пракуратуры і Цэнтральную камісію з просьбай правесці праверку ў сувязі з несупадзеннем звестак аб яўцы выбаршчыкаў, устаноўленымі назіральнікамі, і дадзенымі УВК.

Так, Аліна Скрабунова звярнулася ў Цэнтральную камісію з просьбай не прызнаваць вынікі галасавання на ВУ № 48 Шклоўскай ВА № 90. У адказе Лідзіі Ярмошынай паведамлялася, што ў адпаведнасці з ВК вынікі выбараў, у тым ліку і прызнанне іх адбыўшыміся, устанаўліваюцца ў цэлым па акрузе, а не на асобных участках для галасавання. Акрамя гэтага, як указвае старашыня Цэнтральнай камісіі, візуальны падлік галасоў выбаршчыкаў не спараджае ніякіх прававых наступстваў, бо ў адпаведнасці з часткамі 5 і 6 артыкула 55 ВК колькасць выбаршчыкаў, якія атрымалі бюлетэні, устанаўліваецца па спісе выбаршчыкаў, а колькасць выбаршчыкаў, якія прынялі ўдзел у галасаванні, – па бюлетэнях, што апынуліся ў скрынях для галасавання. Аліна Скрабунова ўказала, што падлік бюлетэняў з розных скрынь адбываўся не паасобку. Аднак гэта, на думку Цэнтральнай камісіі, магло сведчыць пра парушэнне працэдурнага характару, а не пра волевыяўленне выбаршчыкаў. Такім чынам, візуальны падлік галасоў не мае прававога значэння, паколькі такая працэдура не прадугледжана выбарчым заканадаўствам.

На ВУ № 76 у г. Салігорску спіс выбарчыкаў за ноч з 22 на 23 верасня паменшаў на 381 чалавека. Пракурор Салігорскага раёна В. Бельчын патлумачыў гэта як «удакладненне спісу выбаршчыкаў членамі камісіі напярэдадні кожнага тура галасавання». Па факце несупадзення звестак незалежнага назіральніка з афіцыйнымі лічбамі выбарчай камісіі, якое перавысіла дзве сотні галасоў, у афіцыйным адказе паведамлялася, што назіральнік ад БХК «не заўсёды прысутнічаў у памяшканні для галасавання, часам выходзіў».

Як і падчас папярэдніх выбарчых кампаній, падвядзенне вынікаў галасавання па акрузе заставалася закрытым для назіральнікаў. Тыя, хто быў зарэгістраваны ў АВК, не заўсёды маглі прысутнічаць у сваіх камісіях пры перадачы пратаколаў аб выніках галасавання і бюлетэняў. 77% назіральнікаў не маглі азнаёміцца з пратаколамі, якія паступілі з УВК, а 22% – маглі. Асноўнымі падставамі для адмоў служылі вусныя і пісьмовыя спасылкі адпаведных АВК і Цэнтральнай камісіі на артыкул 82 ВК, згодна з якім вынікі выбараў устанаўліваюцца на пасяджэннях АВК і заносяцца ў пратакол, які падпісваецца старшынёй камісіі, намеснікам старшыні, сакратаром, членамі АВК і неадкладна  перадаецца ў Цэнтральную камісію.

Згодна з артыкулам 13 ВК назіральнікі маюць права прысутнічаць на пасяджэннях адпаведных камісій, знаёміцца з пратаколамі. Паводле афіцыйнай пазіцыі Цэнтральнай камісіі назіральнікі маюць права прысутнічаць толькі на тым пасяджэнні АВК, на якім зацвярджаюцца вынікі выбараў па акрузе. Гэтыя пасяджэнні, як правіла, адбываюцца на пяты дзень пасля заканчэння выбараў. Такая інтэрпрэтацыя норм ВК з боку арганізатараў выбараў прывяла да таго, што прыём бюлетэняў, пратаколаў аб выніках галасавання, якія  паступілі з УВК, падсумаванне і ўстанаўленне вынікаў галасавання па акрузе адбывалася па-за пасяджэннямі АВК у цалкам закрытым для назіральнікаў рэжыме.

Згодна з артыкулам 55 ВК і дапаможнікам для працы УВК копіі пратаколаў аб выніках галасавання, пратаколы пасяджэнняў УВК, дзе адлюстроўваюцца вынікі раздельнага падліку галасоў, перадаюцца ў органы, якія ўтварылі камісіі (райвыканкамы і адміністрацыі раёнаў у гарадах). Паколькі ВК не ўтрымлівае прамой нормы, паводле якой назіральнікі маюць права знаёміцца з гэтымі пратаколамі, на практыцы пратаколы былі недаступнымі для назірання. Такім чынам, станоўчае новаўвядзенне аб абавязковай фіксацыі вынікаў раздзельнага падліку галасоў фактычна не рэалізавала свой пазітыўны патэнцыял.

Прыём пратаколаў і выбарчых бюлетэняў АВК адбываўся ў будынках мясцовых органаў выканаўчай улады. Так,  Баранавіцкая-Заходняя АВК № 5 на працягу выбарчай кампаніі знаходзілася па адрасе вул. Савецкая, 79, пакой № 100. Аднак 23 верасня яна перамясцілася ў памяшканне гарвыканкама, дзе таксама пачала працаваць АВК № 6. Пратаколы з вынікамі галасавання  ў Гомелькай-Юбілейнай ВА № 31 прымаліся АВК  не па месцы яе знаходжання на вул. Кірава, 34, а ў будынку адмінстрацыі Чыгуначнага раёна г. Гомеля. Як правіла, на ўваходзе райвыканкамаў дзяжурылі супрацоўнікі міліцыі, якія не дапускалі назіральнікаў у будынкі.

Названыя акалічнасці сведчаць пра грубае парушэнне прынцыпу незалежнасці выбарчых камісій ад мясцовых выканаўчых органаў улады, ствараюць магчымасці для кантролю працы камісій з боку прадстаўнікоў выканаўчай вертыкалі.

Назіранне за падлікам галасоў і ўстанаўленнем вынікаў галасавання на сёлетніх выбарах яшчэ раз яскрава выявіла асноўныя праблемныя моманты дзеючага выбарчага заканадаўства: адсутнасць рэгламентацыі спосабу падліку выбарчых бюлетэняў УВК, адсутнасць дадзеных аб выніках раздельнага падліку галасоў у пратаколе аб выніках галасавання і недаступнасць гэтай інфармацыі для назіральнікаў, закрытасць спісаў выбаршчыкаў, адсутнасць у ВК палажэння аб выдачы назіральнікам завераных копій пратаколаў пра вынікі галасавання, немагчымасць прысутнасці зарэгістраваных у АВК назіральнікаў пры перадачы пратаколаў і бюлетэняў з УВК і ажыццяўлення назірання за ўстанаўленнем вынікаў галасавання па выбарчай акрузе.

Гэтыя сістэмныя праблемы выбарчага заканадаўства ствараюць шырокія магчымасці для маніпуляцый з вынікамі галасавання, яўкай выбаршчыкаў, робяць працэс падліку галасоў і ўстанаўлення вынікаў галасавання не празрыстым і закрытым для назірання, што не адпавядае асноўным прынцыпам правядзення свабодных і дэмакратычных выбараў, сур’ёзна падрывае давер да вынікаў выбараў і выбарчага працэсу ў цэлым.

Паводле звестак Цэнтральнай камісіі аб выніках выбараў дэпутатаў ППНС пятага склікання, у спісы грамадзян, якія маюць права браць удзел у выбарах дэпутатаў, было ўключана 7 030 430 выбаршчыкаў. У галасаванні прынялі ўдзел 5 245 459 выбаршчыкаў, ці 74,61% ад агульнай колькасці ўключаных у спісы выбаршчыкаў.

Выбары адбыліся ва ўсіх выбарчых акругах. У першым туры абрана 109 дэпутатаў ППНС. У Гомельскай-Навабеліцкай ВА № 36, дзе балатаваўся адзін кандыдат, які не набраў неабходнай колькасці галасоў выбаршчыкаў, будуць праведзены паўторныя выбары.

23 верасня 2012 г. дзве міжнародныя місіі па назіранні за выбарамі, АБСЕ / БДІПЧ і Парламенцкай Асамблеі АБСЕ, а таксама групы назіральнікаў ад Міжпарламенцкай Асамблеі дзяржаў-удзельнікаў Садружнасці Незалежных Дзяржаў прадставілі свае папярэднія заключэнні па выніках назірання за выбарамі.

 Місія АБСЕ ў сваім папярэднім заключэнні ў прыватнасці адзначыла, што «назіральнікам не было дадзена паўнавартаснай магчымасці назіраць за падлікам галасоў, і яны негатыўна ацанілі гэты працэс на значнай колькасці выбарчых участкаў, дзе праводзілася назіранне. Адсутнасць дакладна вызначаных працэдур падліку галасоў азначае, што дакладны падлік галасоў, як таго патрабуе п. 7. 4. Капенгагенскага Дакумента АБСЕ, падпісанага ў 1990 годзе, не можа быць гарантаваны»[15].

Місія Міжпарламенцкай Асамблеі СНД адзначыла, што арганізацыя і правядзенне выбараў дэпатутаў «адпавядалі агульнапрынятым дэмакратычным прынцыпам правядзення свабодных і справядлівых выбараў, якія ўтрымліваюцца ў Канстытуцыі і выбарчым заканадаўстве Рэспублікі Беларусь»[16]. Пры гэтым місія Міжпарламенцкай Асамблеі СНД указала, што «недакладнасць некаторых фармулёвак Выбарчага кодэкса абумоўлівае магчымасць рознага тлумачэння на практыцы шэрагу заканадаўчых норм»[17].

 

Скаргі і звароты, звязаныя з выбарамі

Падчас выбарчай кампаніі было пададзена больш за 525 скаргаў і заяў. 117 з іх – гэта скаргі на рашэнні мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў па стварэнні АВК і УВК, у якіх указваецца на неабгрунтаванае неўключэнне ў склад камісій прадстаўнікоў апазіцыйных палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў. Ні адна з гэтых скаргаў не была задаволена. Частка скаргаў – не разгледжана ў сувязі з пропускам устаноўленага ВК трохдзённага тэрміну падачы.

Суды ігнаравалі довады заяўнікаў аб дыскрымінацыйным падыходзе мясцовых выканаўчых органаў пры стварэнні УВК, спасылаючыся на тое, што працэдура фарміравання выбарчых камісій была праведзена без фармальных парушэнняў. Шмат у чым гэта абумоўлівалася адсутнасцю ў ВК крытэрыяў уключэння прадстаўнікоў у склад выбарчых камісій.

Трэба адзначыць, што пры разглядзе такіх скаргаў у судах прадстаўнікі органаў, якія ўтварылі камісіі, паказвалі, што прадстаўнікі апазіцыйных палітычных партый не ўключаны ў выбарчыя камісіі ў сувязі з прыцягненнем некаторых з іх да адміністрацыйнай, крымінальнай адказнасці ці беспрацоўем (напрыклад,  рашэнні суда Кастрычніцкага раёна г. Магілёва па скарзе Магілёўскай абласной арганізацыі грамадскага аб’яднання БНФ «Адраджэньне»). Падставамі для адмовы ва ўключэнні ў выбарчыя камісіі прадстаўнікоў апазіцыі служылі фармальныя памылкі ў дакументах аб вылучэнні. Пры гэтым варта заўважыць, што на аналагічныя фармальныя недакладнасці з боку праўладных арганізацый або самавылучэнцаў не звярталася ўвага. Так, напрыклад, у спісе членаў УВК № 27 Бабруйскай сельскай ВА № 80 у інфармацыі пра Маргарыту Бяляеву ўказвалася, што яна вылучалася грамадзянамі шляхам падачы заявы, а насупраць яе прозвішча ў спісе стаяў запіс алоўкам – «данясе».

Падобная практыка была адобрана Цэнтральнай камісіяй яшчэ на выбарах Прэзідэнта 2010 г.  Такую выснову можна зрабіць з адказу Цэнтральнай камісіі на скаргу назіральніка БХК Паўла Левінава аб парушэннях пры фарміраванні УВК № 35 Віцебскай-Чкалаўскай ВА № 18. У прыватнасці Цэнтральная камісія паказала, што «нязначныя недакладнасці, дапушчаныя ў прадстаўленых дакументах, не могуць быць падставай для прызнання вылучэння пералічаных асоб незаконнымі, таму што прадстаўнікі працоўных калектываў і грамадскіх аб’яднанняў былі вылучаны правамоцным спосабам».

Аналагічная выснова зроблена і пракуратурай Віцебскай вобласці ў адказе на скаргу  Паўла Левінава па пытанні фарміравання АВК Віцебскай-Чкалаўскай ВА № 18. Выконваючы абавязкі пракурора Віцебскай вобласці А. В. Чадзюк указаў, што «некаторыя недакладнасці пры запаўненні дакументаў, якія тычацца ўказання месца жыхарства выбаршчыкаў, з’яўляюцца неістотнымі і не ўплываюць на правамернасць прынятага рашэння». Аднак практыка сведчыць, што аналагічныя парушэнні з боку незалежных кандыдатаў у камісіі заўсёды прыводзілі да прымянення санкцый у адносінах да іх.

У цэлым аналіз судовых рашэнняў па скаргах аб фарміраванні выбарчых камісій паказвае, што суды фактычна не разглядалі спрэчкі пра абгрунтаванасць уключэння ці неўключэння тых ці іншых прадстаўнікоў у склад камісій, а абмяжоўваліся высвятленнем, ці былі дапушчаны фармальныя парушэнні пры фарміраванні выбарчых камісій.

Такую ​​выснову можна зрабіць і з адказу намесніка Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь А. А. Забары на наглядную скаргу на адно з рашэнняў аб фарміраванні выбарчых камісій. У прыватнасці ён указаў, што «пытанне аб уключэнні той ці іншай асобы ў склад камісіі адносіцца да выключнай кампетэнцыі органаў, якія ўтвараюць камісіі».

На этапе рэгістрацыі ініцыятыўных груп пададзена 3 скаргі – практычна ўсе ініцыятыўныя групы былі зарэгістраваныя.

На этапе збору подпісаў пададзена 18 скаргаў (для параўнання: на прэзідэнцкіх выбарах 2010 г. іх было больш за 50). Нязначная колькасць тлумачыцца тым, што збор подпісаў выкарыстоўваўся нешматлікімі кандыдатамі ў асноўным з мэтай прыцягнення ўвагі да сваёй асобы. Асноўныя ўдзельнікі выбарчай кампаніі – палітычныя партыі – вылучалі прадстаўнікоў рашэннямі сваіх вышэйшых органаў.

На рашэнні АВК аб адмове ў рэгістрацыі кандыдатамі ў дэпутаты ў Цэнтральную камісію было пададзена 57 скаргаў. Задаволена – 11. На рашэнні Цэнтральнай камісіі аб адмове ў задавальненні скаргаў на рашэнні АВК у Вярхоўны Суд паступіла 19 скаргаў. Адна з іх – скарга Віктара Цярэшчанкі – задаволена і заяўнік зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты.

Разглядаючы скаргу Сяргея Парсюкевіча, Вярхоўны Суд ужыў норму часткі 16 артыкула 61 ВК і прызнаў недапушчальным запаўненне падпісных лістоў асобай, якая не з’яўляецца членам ініцыятыўнай групы. Гэта пярэчыць Пастанове Цэнтральнай камісіі, якая ўстанавіла, што звесткі пра выбаршчыка могуць запаўняцца як самім выбаршчыкам, так і іншай асобай па просьбе выбаршчыка. Рашэнне Вярхоўнага Суда выяўляе відавочную супярэчнасць згаданай Пастановы Цэнтральнай камісіі патрабаванням выбарчага заканадаўства, аднак не дае гэтаму адпаведнай ацэнкі.

Адмову Аляксандру Солапу ў рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты Цэнтральная камісія абгрунтавала неадпаведнасцю яго асобы маральна-этычным патрабаванням (прэтэндэнт на дэпутацкі мандат двойчы асуджаўся да пазбаўлення волі, але судзімасці былі пагашаны ва ўстаноўленым парадку). У адпаведнасці з выбарчым заканадаўствам пагашаныя судзімасці не могуць служыць перашкодай для рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты. Артыкул 99 Крымінальнага кодэкса ўстанавіў, што пагашэнне або зняцце судзімасці анулюе прававыя наступствы крымінальнай адказнасці. Аднак Вярхоўны Суд пакінуў у сіле рашэнне Цэнтральнай камісіі па рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты Аляксандра Солапа. Падыход, які падтрымаў Вярхоўны Суд,  пярэчыць  беларускаму заканадаўству.

На этапе агітацыі пададзена больш за 113 скаргаў, якія пераважна датычыліся наступных з’яў: цэнзуры праграм кандыдатаў у СМІ, адмоў у трансляцыі выступленняў кандыдатаў, забароны правядзення пікетаў у падтрымку байкоту выбараў, адмоў у прадстаўленні памяшканняў для сустрэч з выбаршчыкамі.

Па датэрміновым галасаванні, галасаванні ў дзень выбараў і пры падліку галасоў пададзена каля 200 скаргаў. Большасць з іх – на парушэнні вызначанай у ВК працэдуры галасавання: умяшальніцтва пабочных асоб у працу УВК, прастаўленне адзнак у бюлетэнях за выбаршчыкаў членамі УВК, выдача некалькіх бюлетэняў адной асобе і г. д. Акрамя гэтага, пададзены скаргі на перашкоды назіранню на ўчастках для галасавання. Трэба адзначыць, што скаргі накіроўваліся не па кожным факце парушэнняў, у некаторых выпадках назіральнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» і непасрэдныя ўдзельнікі выбарчай кампаніі абмяжоўваліся паведамленнямі  пра парушэнні СМІ і апісаннем іх у справаздачах.

Па парушэннях, дапушчаных пры падліку галасоў, пададзена 31 скарга. Ні адна з іх не была задаволена.

5 кастрычніка 2012 г. Цэнтральная камісія разгледзела 2 скаргі па выніках выбараў дэпутатаў ППНС: скаргу Уладзіміра Сякеркі на вынікі выбараў па Гомельскай-Цэнтральнай ВА № 33 і скаргу Ігара Случака па Гомельскай-Савецкай ВА № 34. У задавальненні названых скаргаў было адмоўлена. Рашэнні не абскарджваліся ў Вярхоўны Суд, паколькі такая магчымасць не прадугледжана заканадаўствам. Гэта, на думку экспертаў кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», супярэчыць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Іншых скаргаў па выніках выбараў у Цэнтральную камісію не паступіла.

Аналізуючы разгляд скаргаў, пададзеных удзельнікамі выбарчай кампаніі, можна зрабіць выснову, што працэдура абскарджання парушэнняў выбарчых правоў працягвае заставацца неэфектыўнай і не дазваляе дамагчыся іх аднаўлення ў судовым або адміністрацыйным парадку, таму многія зацікаўленыя асобы не бачаць сэнсу абскарджваць парушэнні выбарчага працэсу.

Органы пракуратуры, на якія ўскладзена функцыя нагляду за выкананнем заканадаўства ў ходзе выбараў, як і ў папярэднія кампаніі, па сутнасці, ухіліліся ад правядзення праверак і ў большасці выпадкаў перадавалі скаргі на разгляд выбарчых камісій.

 

Высновы

Кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» лічыць, што выбары ў ППНС пятага склікання адбыліся з сур’ёзнымі парушэннямі прынцыпаў дэмакратычных і справядлівых выбараў, замацаваных  стандартамі АБСЕ і беларускім заканадаўствам. Атмасфера палітычнага пераследу і рэпрэсій апанентаў улады, на фоне якой праходзіла выбарчая кампанія, абмежаванні падчас фарміравання выбарчых камісій, агітацыйнай кампаніі негатыўна паўплывалі на свабоду выбару. Непразрыстасць падліку галасоў не дае падстаў сцвярджаць, што вынікі выбараў адлюстроўваюць волевыяўленне беларускага народа.

Выбары дэпутатаў ППНС пятага склікання сталі першымі парламенцкімі выбарамі, якія праводзіліся паводле абноўленай рэдакцыі Выбарчага кодэкса. Змены і дапаўненні ў ВК, унесеныя ў 2010 і 2011 гг., у асноўным насілі пазітыўны характар. Аднак адсутнасць эфектыўных механізмаў рэалізацыі правоў грамадзян і абскарджвання парушэнняў у вялікай ступені змяншаюць станоўчы ўплыў гэтых змен. Значная частка выбарчага працэсу застаецца нетранспарэнтнай і негалоснай. Выбарчае заканадаўства не мае дастатковых механізмаў супраць маніпуляцый пры правядзенні выбараў.

Адсутнасць крытэрыяў для ўключэння або адхілення вылучаных кандыдатур у склад выбарчых камісій дазволіла органам выканаўчай улады маніпуляваць працэсам фарміравання камісій. Нягледзячы на тое, што ВК гарантуе прадстаўленасць палітычных партый і грамадскіх арганізацый у складзе выбарчых камісій, на практыцы менавіта прадстаўнікі апазіцыйных палітычных партый склалі ў выбарчых камісіях менш за 1%.

Рэгістрацыя ініцыятыўных груп у АВК у цэлым адбывалася без відавочных парушэнняў. Аднак праверка дакладнасці подпісаў выбаршчыкаў у падпісных лістах праводзілася ў закрытым для назіральнікаў рэжыме, што дае падставы ўдзельнікам выбарчага працэсу не давяраць вынікам праверкі, асабліва ў выпадках адмовы ў рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты. Усяго рознымі шляхамі было вылучана 494 прэтэндэнты на дэпутацкі мандат, з іх 122 (24,6%) было адмоўлена ў рэгістрацыі. Палітычныя партыі вылучылі 204 прэтэндэнты (41% ад агульнай колькасці вылучаных). Адмову ў рэгістрацыі атрымалі 23% вылучэнцаў ад партый, з іх 19,5% – ад апазіцыйных партый.

Пераважная большасць ініцыятыўных груп апазіцыйных прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат былі зарэгістраваныя. Адмоўлена 85 ініцыятыўным групам, што планавалі вылучыць 15 асоб у якасці кандыдатаў у дэпутаты, большасць з іх складалі ініцыятыўныя групы па вылучэнні А. Міхалевіча і М. Статкевіча.

Рашэнні АВК па адмове ў рэгістрацыі ініцыятыўных груп грамадзян па вылучэнні ў якасці прэтэндэнтаў у кандыдаты А. Міхалевіча і М. Статкевіча на падставе таго, што  першы не пражывае на тэрыторыі Беларусі і знаходзіцца ў крымінальным вышуку, а другі адбывае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі ў турме г. Магілёва, не заснаваныя на законе.

Падчас перадвыбарчых мерапрыемстваў былі зафіксаваны перашкоды з боку ўлад у дачыненні да членаў ініцыятыўных груп апазіцыйных кандыдатаў і выпадкі выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу на карысць тых, каго падтрымлівае ўлада.

Змены ВК, унесеныя ў 2010 г., спрасцілі працэдуры рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты. На спрашчэнне працэдур рэгістрацыі кандыдатаў была накіравана і Пастанова Цэнтральнай камісіі № 35, якая вызначыла, што пад «істотным характарам не адпавядаючых рэчаіснасці звестак у дэкларацыі аб даходах і маёмасці кандыдата ў дэпутаты» разумеецца дэклараванне меншай сумы гадавога даходу (калі неадпаведнасць складае больш за 20% ад агульнай сумы гадавога даходу).

Абсалютна праходнымі былі кандыдатуры тых кандыдатаў у дэпутаты, хто вылучаўся адразу ад двух суб’ектаў (ад грамадзян шляхам збору подпісаў і ад працоўных калектываў) – яны на 100% зарэгістраваныя. Як правіла, менавіта гэтым шляхам ідуць тыя кандыдаты, якіх падтрымлівае ўлада. Нязначная колькасць адмоў у рэгістрацыі дадзена вылучэнцам ад працоўных калектываў – зарэгістравана 85% ад вылучаных такім шляхам. Больш за ўсё адмоўлена тым прэтэндэнтам, якія вылучаліся шляхам збору подпісаў – 56%. 

На этапе перадвыбарчай агітацыі адзначана выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу ў мэтах падтрымкі праўладных кандыдатаў. Адначасова дзяржаўныя СМІ публікавалі матэрыялы, якія негатыўна асвятлялі дзейнасць апазіцыі. У параўнанні з парламенцкімі выбарамі 2008 г. палепшаны заканадаўчыя ўмовы для агітацыі, аднак выкарыстанне новых норм было звужана дзеяннямі выканаўчай улады і выбарчай адміністрацыяй. Вялікая колькасць кандыдатаў ад апазіцыйных партый была пазбаўлена магчымасці данесці сваю пазіцыю да выбаршчыкаў. Зафіксаваны шматлікія выпадкі цэнзуры выступаў, перадвыбарчых праграм апазіцыйных кандыдатаў, забароны трансляцыі іх выступленняў у эфіры. Гэта істотна абмежавала правы выбаршчыкаў на атрыманне поўнай інфармацыі пра кандыдатаў і іх праграмы.

У першыя дні датэрміновага галасавання колькасць тых, хто прагаласаваў датэрмінова, нязначна адрознівалася ад той, якую аб’яўлялі УВК. Але ў канцы датэрміновага галасавання павялічылася розніца паміж афіцыйнымі звесткамі і звесткамі назіральнікаў. Таксама ў канцы датэрміновага галасавання значна ўзрасла колькасць участкаў, на якіх была зафіксавана падобная розніца.

Пры правядзенні датэрміновага галасавання назіральнікам неаднаразова адмаўлялі ў прадстаўленні звестак пра колькасць выбаршчыкаў, зарэгістраваных на ўчастках. Былі адзначаны парушэнні працы ўчастковых камісій, члены якіх, нягледзячы на заўвагі назіральнікаў, няякасна апячатвалі скрыні для галасавання. Таксама заўважаны выпадкі, калі памяшканні для галасавання не апячатваліся падчас перапынкаў і пасля заканчэння працы УВК.

Працэс галасавання па месцы знаходжання выбаршчакаў вызначаўся шматлікімі парушэннямі падчас галасавання. Гэта датычыцца, у першую чаргу, арганізацыі галасавання па месцы знаходжання тых выбаршчыкаў, якія папярэдне не выказвалі такога жадання, і перашкод у працы назіральнікаў з боку членаў УВК.

На пераважнай большасці ўчасткаў (93,6%), дзе былі незалежныя назіральнікі, скрыні для галасавання знаходзіліся ў полі зроку членаў УВК, назіральнікаў і журналістаў. Выдачы некалькіх бюлетэняў адной асобе зафіксавалі 5,3% назіральнікаў. Былі зафіксаваны выпадкі ціску на назіральнікаў і незаконнага выдалення іх з выбарчых участкаў. 26,8% назіральнікаў паведамілі, што на працу членаў УВК паступалі скаргі адразу ад некалькіх асоб.

Падлік галасоў адбываўся непразрыста, назіральнікі, а ў большай частцы УВК і члены камісій, не мелі магчымасці адсочваць правільнасць падліку галасоў, адлюстраваных у выбарчых бюлетэнях. Назіральнікамі кампаніі зафіксавана несупадзенне звестак пра яўку выбаршчыкаў на ўчастках са звесткамі, указанымі ў пратаколах УВК аб выніках галасавання.

Падчас выбарчай кампаніі пададзена 525 скаргаў. Большасць з іх сведчыць пра неабгрунтаванае неўключэнне ў выбарчыя камісіі прадстаўнікоў апазіцыі і грамадскіх аб’яднанняў. Як і на папярэдніх выбарах, ніводная з такіх скаргаў не была задаволена. На адмову ў рэгістрацыі ў Цэнтральную камісію паступіла 57 скаргаў, з іх 11 былі задаволены. З 19 скаргаў на адпаведныя рашэнні Цэнтральнай камісіі, пададзеных у Вярхоўны Суд, задаволена адна.

 

Рэкамендацыі

Пры ўнясенні змен у ВК у студзені 2010 г. не была ўлічана большасць рэкамендацый АБСЕ і Венецыянскай камісіі, зробленых па выніках назірання за папярэднімі выбарчымі кампаніямі, у тым ліку выбарамі ў ППНС 2008 г.

Большасць гэтых рэкамендацый не страціла сваёй актуальнасці. Выбары паказалі, што без дэталёвай рэгламентацыі парадку фарміравання выбарчых камісій, галасавання і падліку галасоў немагчыма забяспечыць такое правядзенне выбараў, якое б адпавядала міжнародным стандартам. Выбарчая кампанія таксама засведчыла неабходнасць забеспячэння рэальнай роўнасці кандыдатаў у сферы доступу да сродкаў масавай інфармацыі і пашырэння правоў назіральнікаў.

Унясенне прапанаваных рэкамендацый у выбарчае заканадаўства Рэспублікі Беларусь і іх паслядоўная рэалізацыя  на практыцы дазволяць наблізіць выбары да міжнародных стандартаў, а таксама павялічыць давер да вынікаў такіх выбараў як у грамадзян Беларусі, так і ў міжнароднай супольнасці.

 

Выбарчыя камісіі

У ВК неабходна закласці норму, якая б гарантавала прысутнасць у выбарчых камісіях прадстаўнікоў тых апазіцыйных палітычных партый, якія вылучаюць сваіх кандыдатаў на выбарах. Неабходна забяспечыць палітычным партыям, якія прынялі ўдзел у выбарчай кампаніі, права дэлегаваць аднаго прадстаўніка ў кожную з тэрытарыяльных, акруговых і ўчастковых выбарчых камісій. І толькі ў тым выпадку, калі палітычная партыя не скарысталася такім правам, дазваляць мясцовым распарадчым і выканаўчым органам у парадку, усталяваным законам, самастойна запаўняць вакантныя месцы ў выбарчых камісіях. Аналагічным чынам першачарговае права вылучаць сваіх прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі трэба прадстаўляць і кандыдатам ў Прэзідэнты. Гэтыя змены адпавядалі б прыярытэту партый у садзейнічанні выяўленню і выказванню палітычнай волі грамадзян (частка 1, артыкул 5 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь). Пры наяўнасці конкурса на ўдзел у выбарчай камісіі яна павінна стварацца ў максімальнай колькасці, устаноўленай ВК. Акрамя гэтага важна заканадаўча вызначыць крытэрыі для кандыдатаў у склад выбарчых камісій, якія б зменшылі магчымасці адвольнага іх прызначэння і маглі б ацэньвацца судом пры разглядзе адпаведных скаргаў. Фарміраванне выбарчых камісій пры наяўнасці конкурсу павінна праходзіць шляхам абмеркавання кожнай кандыдатуры асобна, у прысутнасці назіральнікаў.

 

Рэгістрацыя кандыдатаў

Неабходна выключыць магчымасць выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу пры зборы подпісаў, у прыватнасці забараніць збор подпісаў не членамі ініцыятыўных груп. Акрамя гэтага трэба прадугледзець права назіральнікаў прысутнічаць пры праверцы подпісаў за вылучэнне кандыдатаў. Як паказвае вопыт выбарчых кампаній, вызначыць тое, кім зроблены запіс даты ў падпісным лісце, цяжка нават для эксперта. Таму патрабаванне прастаўлення даты подпісу выключна самім выбаршчыкам неабходна зняць.

 

Спісы выбаршчыкаў

У мэтах павелічэння празрыстасці, падсправаздачнасці працэсу рэгістрацыі выбаршчыкаў неабходна стварыць агульнанацыянальны спіс выбаршчыкаў. Ён павінен размяшчацца ў інтэрнэце і быць даступным для кожнага жадаючага. Грамадзяне і назіральнікі, у тым ліку давераныя асобы, прадстаўнікі СМІ і міжнародныя назіральнікі павінны мець поўны доступ да спісаў. Кожны грамадзянін павінен мець права знаёміцца са спісамі выбаршчыкаў на сваім участку да пачатку галасавання. Акрамя гэтага назіральнікі павінны мець магчымасць знаёміцца са спісамі выбаршчыкаў падчас галасавання. Колькасць выбаршчыкаў, зарэгістраваных на ўчастку для галасавання, павінна абвяшчацца выбарчымі камісіямі як напярэдадні галасавання, так і пасля яго заканчэння.

 

Фінансаванне выбараў

Вынікі фарміравання і выкарыстання выбарчых фондаў кандыдатаў паказалі неабходнасць павелічэння тэрміну іх фарміравання. Неабходна дазволіць асобам, якія маюць намер вылучыцца кандыдатамі ў Прэзідэнты, і палітычным партыям, якія прынялі рашэнне пра вылучэнне сваіх кандыдатаў у дэпутаты, фарміраваць выбарчы фонд з моманту прызначэння даты выбараў. У выпадку нерэгістрацыі кандыдатаў, грошы будуць вяртацца ахвяравальнікам.

Мэтазгодна павелічэнне максімальнага памеру выбарчага фонду.

 

Перадвыбарчая агітацыя

Заканадаўства прадугледжвае працягласць перыяду перадвыбарчай агітацыі не больш, як адзін месяц. Такі тэрмін агітацыі абмяжоўвае як кандыдатаў у магчымасці агітацыі, так і грамадзян у атрыманні поўнай інфармацыі пра кандыдатаў і іх праграмы. Прапаноўваецца павялічыць тэрмін агітацыйнай кампаніі як мінімум яшчэ на два тыдні за кошт скарачэння папярэдніх этапаў выбарчай кампаніі. Акрамя гэтага трэба вызваліць суб’ектаў, якія размяшчаюць палітычную рэкламу, ад адказнасці за змест рэкламы, якую прадставілі кандыдаты ці палітычныя партыі.

Неабходна вярнуць практыку правядзення дэбатаў паміж кандыдатамі ў прамым эфіры, а таксама забараніць цэнзуру выступаў кандыдатаў і іх праграм.

 

Судовае абскарджанне рашэнняў, звязаных з выбарамі

ВК прадугледжвае абмежаваны пералік падстаў для звароту ў судовыя органы. Неабходна даць магчымасць судовага абскарджання любых рашэнняў выбарчых камісій, іншых дзяржаўных органаў. У першую чаргу гэта датычыцца пастановы Цэнтральнай камісіі, якая зацвярджае вынікі выбараў, а таксама вынікі выбараў па асобных участках, тэрыторыях і акругах.

 

Датэрміновае галасаванне

Замацаваная ў ВК працэдура датэрміновага галасавання дазваляе ўладам ажыццяўляць рознага роду маніпуляцыі. У сувязі з гэтым прапануецца разгледзець магчымасць поўнай адмены датэрміновага галасавання, замяніўшы яе працэдурамі, што дазвалялі б выбаршчыкам галасаваць на іншых участках.

У выпадку, калі датэрміновае галасаванне не будзе адменена, прапануецца скараціць тэрміны датэрміновага галасавання да двух дзён, увесці крытэрыі, паводле якіх выбаршчыку даецца права на датэрміновае галасаванне. Такімі крытэрыямі павінны быць падставы, якія адназначна сведчаць пра немагчымасць для выбаршчыка ўзяць удзел у галасаванні ў дзень выбараў (напрыклад, ад’езд за мяжу краіны, ці за межы выбарчай акругі і інш.).

Трэба таксама заканадаўча дэталізаваць працэдуры захавання выбарчых скрынь падчас датэрміновага галасавання, апячатвання памяшканняў, дзе знаходзіцца выбарчая скрыня.

Патрабуецца забараніць знаходжанне пабочных асоб, у тым ліку супрацоўнікаў міліцыі ў памяшканнях для галасавання і пакоях, дзе захоўваюцца выбарчыя скрыні, бюлетэні і іншыя матэрыялы па выбарах.

Прадугледзець права назіральнікаў знаходзіцца ў памяшканнях для галасавання па-за часам працы выбарчых камісій (абедзенны перапынак і інш.), калі там застаюцца члены выбарчых камісій.

Забяспечыць усе УВК празрыстымі цэльнымі выбарчымі скрынямі з пластыкавымі стужкамі для апячатвання з індывідуальным нумарам выбарчага ўчастка.

 

Галасаванне па месцы знаходжання выбаршчыка

Вызначыць, што права на такое галасаванне ўзнікае ў выбаршчыка толькі пасля перадачы пісьмовай заявы ва ўчастковую выбарчую камісію (не пазней дня галасавання) аб немагчымасці галасавання на выбарчым участку.

 

Падлік галасоў

Працэдура падліку галасоў не з’яўляецца празрыстай. Адна з асноўных прычын гэтага – адсутнасць дэталізацыі працэдуры падліку галасоў у ВК. Трэба заканадаўча замацаваць наступныя прынцыпы працэдуры падліку галасоў.

Падлік галасоў трэба праводзіць галосна ў прысутнасці назіральнікаў, якія могуць бачыць правільнасць падліку волевыяўлення выбаршчыкаў у кожным бюлетэні і чуць, за каго пададзены голас. Патрабуецца, каб падлік галасоў рабіў адзін з членаў камісіі, які б агучваў і дэманстраваў усім членам камісіі і назіральнікам кожны бюлетэнь.

Падлік галасоў павінен ажыццяўляцца асобна па кожнай скрыні для галасавання, вынікі такога асобнага падліку галасоў асобна па кожнай скрыні павінны адлюстроўвацца ў выніковым пратаколе.

Назіральнікі і іншыя асобы, якія знаходзяцца ў адпаведнасці з выбарчым кодэксам на ўчастку для галасавання пры падліку галасоў, павінны мець права весці аўдыё- і відэазапіс працы выбарчай камісіі аж да абвяшчэння вынікаў галасавання і вывешвання выніковага пратакола. Копія выніковага пратакола, завераная старшынёй і сакратаром камісіі і замацаваная пячаткай, выдаецца назіральніку па яго просьбе.

Прапануецца замацаваць права назіральнікаў, зарэгістраваных у тэрытарыяльных выбарчых камісіях, і давераных асоб кандыдатаў непасрэдна прысутнічаць і назіраць за працэдурамі перадачы выбарчых бюлетэняў і пратаколаў з вынікамі галасавання з участкаў для галасавання ў тэрытарыяльныя камісіі і атрымліваць (альбо складаць самім) зводную табліцу вынікаў галасавання па ўчастку і ў цэлым па акрузе і тэрыторыі з завярэннем гэтых копій старшынёй адпаведнай выбарчай камісіі.

 

Назіранне за выбарамі

Для павелічэння даверу да інстытута выбараў у Беларусі неабходна заканадаўча пашырыць правы назіральнікаў.

Назіральнікі павінны мець магчымасць бесперашкодна знаёміцца з матэрыяламі камісій па вылучэнні ў іх склад, спісамі выбаршчыкаў, умовамі захавання выбарчых бюлетэняў і скрынь падчас датэрміновага галасавання.

Неабходна зрабіць транспарэнтнай працэдуру падліку галасоў, каб засведчыць тое, што кожны бюлетень быў улічаны менавіта за таго кандыдата, які пазначаны ў бюлетэні. Неабходна дакладна акрэсліць права абскарджання, у тым ліку ў судовым парадку любых дзеянняў, якія могуць паўплываць на вынікі выбараў, а таксама прапісаць працэдуры і тэрміны абскарджання.

У мэтах адназначнага прымянення палажэнняў аб правах назіральнікаў, замацаваць у артыкуле 13 ВК прынцып тэорыі права, згодна з якім пералік правоў назіральнікаў з’яўляецца прыкладным, а пералік забаронаў – вычарпальным.

 



[1] Пастанова ад 19.06.2012 г. № 21 «Об утверждении Положения о порядке деятельности иностранных (международных) наблюдателей при подготовке и проведении выборов депутатов Палаты представителей Национального собрания Республики Беларусь пятого созыва».

[2] Избирательный кодекс Республики Беларусь. 11 февраля 2000 г. № 370-З. Изменения и дополнения: Закон Республики Беларусь от 4 января 2010 г. № 99-З; Закон Республики Беларусь от 8 ноября 2011 г. № 309-З.

[3] Сборник  электоральной статистики «Выборы Президента Республики Беларусь в 2010 году» [Электронный ресурс]. Рэжым доступу: http://www.rec.gov.by/Elections-PRB.

[4] Сведения о выдвижении представителей в состав участковых избирательных комиссий по выборам депутатов Палаты представителей Национального собрания Республики Беларусь пятого созыва [Электронный ресурс]. Рэжым доступу: http://www.rec.gov.by/Elections-PPNS5-Electoral.

[5] Экспертнае заключэнне аб нерэгістрацыі ініцыятыўных груп Мікалая Статкевіча і Аляксея Міхалевіча [Электронны рэсурс]. Рэжым доступу: http://spring96.org/be/news/55169.

[6] Пастанова ад 19.06.2012 года № 23 «О разъяснении применения положений Избирательного кодекса Республики Беларусь, предусматривающих порядок выдвижения кандидатов в депутаты путем сбора подписей избирателей при проведении выборов депутатов Палаты представителей Национального собрания Республики Беларусь пятого созыва»; Пастанова ад 05.07.2012 года № 35 «О разъяснении применения положений Избирательного кодекса Республики Беларусь, предусматривающих декларирование доходов и имущества лиц, выдвинутых кандидатами в депутаты Палаты представителей Национального собрания Республики Беларусь пятого созыва».

[7] Пастанова ад 05.07.2012 года № 33 «Об утверждении Положения о порядке использования средств массовой информации при подготовке и проведении выборов депутатов Палаты представителей Национального собрания Республики Беларусь пятого созыва»; Пастанова ад 05.07.2012 года № 34 «О Наблюдательном совете по контролю за соблюдением порядка и правил проведения предвыборной агитации в средствах массовой информации»; Пастанова ад 05.09.2012 года № 122 «О разъяснении применения положений Избирательного кодекса Республики Беларусь, предусматривающих проведение дебатов кандидатов в депутаты Палаты представителей Национального собрания Республики Беларусь пятого созыва».

[8] Выступления четырех кандидатов в депутаты не соответствуют Избирательному кодексу Беларуси. – Белта, 28.08.2012. [Электронный ресурс]. Рэжым доступу: http://www.belta.by/ru/all_news/politics/Vystuplenija-chetyrex-kandidatov-v-deputaty-ne-sootvetstvujut-Izbiratelnomu-kodeksu-Belarusi---TsIK_i_606655.html.

[9] Большинство кандидатов в депутаты Беларуси не намерены участвовать в дебатах.– Белта, 28.08.2012. [Электронный ресурс]. Рэжым доступу: http://www.belta.by/ru/all_news/politics/Bolshinstvo-kandidatov-v-deputaty-Belarusi-ne-namereny-uchastvovat-v-debatax---Lozovik_i_606703.html.

[10] Пастанова ад 29.08.2012 года № 93 «О праве кандидатов в депутаты Палаты представителей Национального собрания Республики Беларусь на ведение предвыборной агитации в средствах массовой информации».

[11] Аб рэалізацыі права кандыдатаў у дэпутаты на перадвыбарную агітацыю [Электронны рэсурс]. Рэжым доступу:  http://elections2012.spring96.org/be/news/56615.

[12] Документ Копенгагенского совещания Конференции по человеческому измерению ОБСЕ. Копенгаген, 29 июня 1990 года.

[13] Звесткі з 719 справаздач (з участкаў, дзе назіральнікі маглі атрымаць ад УВК інфармацыю па колькасці прагаласаваўшых), апрацаваных за ўвесь перыяд датэрміновага галасавання.

[14] Пособие для членов участковых избирательных комиссий [Электронный ресурс]. Рэжым доступу: http://www.rec.gov.by/Elections-PP5.

[15] Международная миссия по наблюдению за выборами. Республика Беларусь – Парламентские выборы, 23 сентября 2012 года [Электронный ресурс]. Рэжым доступу: http://rec.gov.by/sites/default/files/pdf/Elections-PPNS5-Obs_Itog2.pdf.

[16] Заключение группы наблюдателей от Межпарламентской Ассамблеи государств – участников Сотружества Независимых Государств на выборах в Палату прадставителей Национального собрания Республики Беларусь пятого созыва [Электронный ресурс]. Рэжым доступу: http://rec.gov.by/sites/default/files/pdf/Elections-PPNS5-Obs_Itog1.pdf.

[17] Тамсама.

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма