Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Сяргей Вазняк просіць ЦВК перагледзець падыход пры вызначэнні месцаў для перадвыбарчай агітацыі

  • Сяргей Вазняк
    Сяргей Вазняк

Прадстаўнік Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Вазняк накіраваў у Цэнтрвыбаркам заяву, у якой просіць адмяніць рашэнне Грушаўскай акруговай выбарчай камісіі № 98 аб зацвярджэнні месцаў, дазволеных для агітацыі кандыдатаў у дэпутаты.

9 жніўня Грушаўская акруговая камісія, у склад якой уваходзіць Вазняк, разгледзела пытанне аб зацвярджэнні месцаў, дзе ў перыяд перадвыбарчай агітацыі можна будзе праводзіць пікеты і сустрэчы з выбаршчыкамі. Як адзначае Вазняк, такімі месцамі былі прызнаныя, у асноўным, пляцоўкі каля універсамаў і гандлёвых цэнтраў, што, на яго думку, «ўшчамляе магчымасці кандыдатаў на свабоднае вядзенне агітацыі і супярэчыць Выбарчаму кодэксу».

«Паводле прынятага рашэння, для агітацыі дазволены тысячныя долі адсотка тэрыторыі акругі», - абурыўся прадстаўнік «Справядлівага свету». На паседжанні ён прапанаваў камісіі вызначыць толькі месцы, забароненыя для агітацыі, але яго прапанову  не падтрымалі.

У сваёй заяве ў ЦВК Вазняк просіць адмяніць рашэнне Грушаўскай камісіі аб зацвярджэнні месцаў для агітацыі, а таксама правесці праверку рашэнняў, прынятых іншымі акруговымі камісіямі Мінска. Акрамя таго, Вазняк прапанаваў Цэнтрвыбаркаму змяніць падыход у вызначэнні месцаў для агітацыі і пазначыць толькі забароненыя пляцоўкі.

Да забароненых для агітацыі месцах, на думку Вазняка, можна аднесці станцыі метрапалітэна, прыпынкі грамадскага транспарту, ваенныя аб'екты, установы адукацыі і аховы здароўя і іншыя, так, каб большая частка акругі заставалася свабоднай для агітацыі.

«Я разумею, чаму нельга ставіць пікеты на тэрыторыі бальніцы або школы, але чаму нельга за іх плотам? Бо для агітацыі забароненыя ўсе дваровыя тэрыторыі - гэта проста абсурд! Калі кандыдат падыдзе і пачне агітацыю сярод бабуль, якія сядзяць ля пад'езда, міліцыянт павінен іх разагнаць. Я казаў гэта на паседжанні камісіі, але мяне не паслухаліся», - растлумачыў Вазняк.

Заяву ў ЦВК ён падаў 11 жніўня і спадзяецца атрымаць адказ на працягу 10 дзён.

«Праваабаронцы за свабодныя выбары»

 

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма