Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Полацк: Рада беларускай інтэлігенцыі заклікае да байкоту выбараў і стварэння кааліцыі

  • Уладзімір Колас
    Уладзімір Колас

У Полацку адбылася сустрэча мясцовых актывістаў з прадстаўнікамі Рады беларускай інтэлігенцыі. Перад прысутнымі выступілі Уладзімір Колас - кінарэжысёр, педагог і кіраўнік Беларускага гуманітарнага ліцэя, вядомы паэт Генадзь Бураўкін, журналіст Анатоль Гуляеў, перакладчык і педагог Лявон Баршчэўскі, мастак Алесь Марачкін і пісьменнік Георгій Ліхтаровіч.

Галоўным пытаннем на сустрэчы было пытанне ўдзелу ў маючых адбыцца выбарах у Палату прадстаўнікоў. Па словах выступоўцаў, улады даўно ператварылі выбары ў пастановачны фарс, пазбавіўшы беларускі народ канстытуцыйнага права выбіраць або быць абранымі. Жорсткай крытыцы падвергліся і апазіцыйныя партыі, якія не змаглі ў чарговы раз аб'яднацца і выступіць адзіным фронтам, не дамовіліся пра адзіную стратэгію і план дзеяння. У дадзенай сітуацыі адзіным разумным варыянтам, на думку прадстаўнікоў Рады, з'яўляецца байкот выбараў.

Мясцовыя актывісты прадставілі сваё бачанне сітуацыі і падзяліліся думкамі пра бягучае становішча спраў у краіне. Асабліва адзначалася тое, што на рэгіянальным узроўні прадстаўнікі розных партый і рухаў не адзін год плённа працуюць разам, не гледзячы на ​​рознагалоссі ў вярхах. Аднак імі былі выказаны абгрунтаваныя сумневы ў магчымасці байкоту выбарчага працэсу ў сучасных умовах пры практычна паўсюдным прымусовым датэрміновым галасаванні.

У канцы сустрэчы Уладзімір Колас прапанаваў прысутным «Зварот да грамадзян Беларусі», у якім прапанаваны варыянт стварэння Беларускай дэмакратычнай кааліцыі.

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма