Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Аналітычная тыднёвая справаздача па выніках назірання: 18-24 чэрвеня

ВЫБАРЫ ДЭПУТАТАЎ ПАЛАТЫ ПРАДСТАЎНІКОЎ

НАЦЫЯНАЛЬНАГА СХОДУ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ ПЯТАГА СКЛІКАННЯ

 

Аналітычная тыднёвая справаздача па выніках назірання №1

Перыяд агляду: першы тыдзень  выбарчай кампаніі ад 18 да 24 чэрвеня 2012г.

 

Агульныя высновы

 

-          У разгляданы перыяд Указам Прэзідэнта была абвешчана дата выбараў – 23 верасня 2012 г.; Цэнтральнай камісіяй былі створаныя выбарчыя акругі і зацверджаныя метадычныя матэрыялы;

-          Выбарчая кампанія пачынаецца ў неспрыяльных умовах, на фоне палітычных рэпрэсій, ва ўмовах ціску на апазіцыю і грамадзянскую супольнасць. У турмах працягваюць знаходзіцца палітычныя вязні, а нядаўні арышт незалежнага журналіста Андрэя Пачобута сведчыць аб узмацненні рэпрэсій у адносінах да незалежных СМІ.

-          Пачалося вылучэнне ўпаўнаважанымі суб’ектамі прэтэндэнтаў на сяброўства ў акруговых выбарчых камісіях;

-          Працягваўся працэс вызначэння палітычных сіл адносна стратэгіі і тактыкі ўдзелу ў выбарчай кампаніі;

-          Выклікае занепакоенасць магчымае ўвядзенне адміністратыўнай адказнасці за правядзенне несанкцыянаваных сацыялагічных апытанняў.

 

Уводзіны

Выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу пятага склікання былі прызначаныя Указам Прэзідэнта ад 18 чэрвеня 2012 года №276. Асноўнае галасаванне павінна адбыцца 23 верасня 2012 года, а пры неабходнасці другі тур павінен прайсці не пазней за 7 кастрычніка 2012.

Маючыя адбыцца парламенцкія выбары павінны стаць першымі парламенцкімі выбарамі, праведзенымі паводле абноўленай рэдакцыі Выбарчага кодэкса, прынятай 4 студзеня 2010 года. Трэба адзначыць, што досвед выпрабавання ў 2010 годзе нормаў новага Кодэкса падчас выбараў дэпутатаў мясцовых Саветаў і, асабліва, падчас выбараў Прэзідэнта, адназначна сведчыць: унесеныя ў Выбарчы кодэкс змены не з’яўляюцца дастатковым сродкам для прадухілення парушэнняў прынцыпаў свабодных і справядлівых выбараў.

Адметнасцю гэтай выбарчай кампаніі будзе яе правядзенне ў рэпрэсіўных ўмовах, што захоўваюцца ад часу  мінулай выбарчай кампаніі па выбарах прэзідэнта (ад 19 снежня 2010 года). У тым ліку да гэтай спецыфікі належыць і дэклараваны шэрагам апазіцыйных палітычных сілаў намер байкатаваць выбары альбо зняць кандыдатуры сваіх вылучэнцаў на фінальным этапе кампаніі, калі ўлады не пойдуць на вызваленне палітвязняў і не зменяць іншых умоваў правядзення выбараў.

 

Нарматыўнае рэгуляваньне выбарчага працэсу

Выбары будуць адбывацца з улікам тых зменаў у Выбарчы кодэкс, што былі ўведзеныя ў 2010 і ў 2011 гадах. Сярод новаўвядзенняў, якія будуць упершыню апрабаваныя ва ўмовах парламенцкіх выбараў у Беларусі, варта назваць спрашчэнне умоваў правядзення агітацыі, уключна з пікетамі па зборы подпісаў і сустрэчамі кандыдатаў з выбаршчыкамі. Таксама з’явілася магчымасць фармавання індывідуальных выбарчых грашовых фондаў, правядзення дэбатаў кандыдатаў, квоты на ўдзел у выбарчых камісіях прадстаўнікоў палітычных партыяў і грамадскіх аб’яднанняў. У параўнанні з мінулымі выбарамі ў Кодэкс унесеныя абмежаванні адносна папаўнення выбарчых фондаў кандыдатаў за кошт ахвяраванняў прадпрыемстваў з замежнымі інвестыцыямі і суб’ектаў, што атрымлівалі замежную дапамогу.

Кіраўніца Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына неаднаразова адзначала пра сваю адданасць курсу дзейснага кіраўніка дзяржавы, і  ў снежні 2011 года была на новы тэрмін прызначаная кіраваць Цэнтральнай камісіяй, нягледзячы на дасягненне гранічнага ўзросту для знаходжання на дзяржаўнай службе. Гэта дазваляе меркаваць, што нарматворчая і тлумачальная палітыка Цэнтральнай камісіі пры правядзенні выбараў не будзе змененая.

Пастановы Цэнтральнай камісіі таксама з’яўляюцца важнай метадычнай крыніцай, якая нарматыўна рэгулюе і тлумачыць шматлікія аспекты выбарчай кампаніі. Ужо 19 чэрвеня, на наступны дзень пасля прызначэння выбараў,  Цэнтральная камісія  прыняла шэраг пастановаў, датычных парламенцкіх выбараў.

Варта адзначыць, што напярэдадні парламенцкіх выбараў была заканадаўча ўзмоцненая кампетэнцыя КДБ, што стварае асабліва спрыяльныя ўмовы для кантролю за выбарчым працэсам.

Напярэдадні выбараў не былі змененыя альбо скасаваныя нормы беларускага заканадаўства, якія служаць прадметам крытыкі з боку правабарончай супольнасці, у тым ліку ў Крымінальным кодэксе застаецца адказнасць за дзейнасьць у складзе незарэгістраванага грамадскага аб’яднання, рэлігійнай арганізацыі, фонда альбо палітычнай партыі, а таксама адказнасць за паклёп альбо знявагу на адрас прэзідэнта, дзяржаўных службовых асобаў.

 

Кантэкст выбарчага працэсу: праблема палітвязняў

Прынцыпова важнай акалічнасцю, якая вызначае грамадскую атмасферу ў краіне напярэдадні выбараў, з’яўляецца наяўнасць палітвязняў. На момант абвяшчэньня выбараў Праваабрончы цэнтр “Вясна” прызнае наяўнасьць у Беларусі чатырнаццаці палітычных вязняў і патрабуе іх неадкладнага вызвалення.

Дрэнным знакам на пачатку выбарчай кампаніі стала зняволенне 21 чэрвеня гарадзенскага журналіста і актывіста польскай меньшасці  Андрэя Пачобута, які быў абвінавачаны ў абразе прэзідэнта.

21 чэрвеня пракуратура вынесла афіцыйнае папярэджанне дырэктару ўстановы “Платформа” Андрэю Бандэрэнку пра магчымае прыцягненне да крымінальнай адказнасці за дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь. Падставай для папярэджання стаў удзел праваабаронцы ў грамадзкай кампаніі супраць правядзення ў Беларусі чэмпіянату свету па хакеі ва ўмовах наяўнасці ў краіне палітвязняў.

А. Лукашэнкам было неаднаразова заяўлена пра магчымасць вызвалення палітычных зняволеных па амністыі, прымеркаванай да Дня Рэспублікі 3 ліпеня. Аднак значная частка аналітыкаў схіляецца да меркавання, што існуючая эканамічная і міжнародная абстаноўка дазваляе беларускім уладам і далей заставацца ў сітуацыі канфлікту з Еўрасаюзам, гандлюючыся за больш істотныя саступкі. Гэта азначае, што частка вязняў сумлення, верагодна, яшчэ пэўны час будзе знаходзіцца ў зняволенні, і гэта можа стацца прычынай сыходу часткі апазіцыйных кандыдатаў з выбарчай гонкі.

 

Канфігурацыя асноўных палітычных сілаў

На дадзены момант у беларускай партыйнай сістэме назіраецца тры плыні паводле стаўлення да магчымага ўдзелу у выбарах.

Большасьць незарэгістраваных палітычных  суб’ектаў выступае супраць любога ўдзелу у выбарах. Гэтую пазіцыю займае нефармальная і блізкая да экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава кааліцыя “Еўрапейская Беларусь”, незарэгістраваны аргкамітэт Беларускага Руху, незарэгістраваны аргкамітэт Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, Малады фронт, Кансерватыўна-хрысціянская партыя БНФ.

Апроч групы сацыял-дэмакратаў вакол Міколы Статкевіча, пра ўдзел у выбарах заявіла Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) на чале з Ірынай Вештард і Партыя левых “Справядлівы Свет”. Пра ўдзел у выбарах заявіла і ЛДПБ, але наўпрост праўладныя партыі пакуль пазіцыяў адносна ўдзелу у выбарах не рабілі. Грамадскае аб’яднанне “Белая Русь” як асноўная праўладная грамадская сіла абвесціла пра намер актыўна падтрымліваць блізкіх ёй кандыдатаў, аднак паколькі праект пераўтварэння гэтага аб’яднання ў палітычную партыю не быў рэалізаваны, пра яго паўнавартасны ўдзел у кампаніі на палітычным узроўні пакуль казаць нельга.

Шэраг зарэгістраваных палітычных партыяў беларускай апазіцыі абвесцілі пра намер вылучыць сваіх кандыдатаў праз партыйнае вылучэнне, але зняць іх у сувязі з невыкананнем патрабаванняў аб змяненні ўмоваў вядзення выбарчай кампаніі. Пра такую пазіцыю заявілі Аб’яднаная грамадзянская партыя і Партыя БНФ. У падтрымку гэтай пазіцыі выказваліся Рух “За свабоду” і кампанія “Гавары праўду”, але з улікам, што гэтыя суб’екты самастойна кандыдатаў не вылучаюць (а толькі падтрымліваюць кандыдатаў, вылучаных зборам подпісаў) – пазіцыя гэтых двух суб’ектаў можа змяніцца зыходзячы са стаўлення кожнага асобнага кандыдата адносна будучага зняцця сваёй кандыдатуры.

За перыяд маніторынгу быў зафіксаваны шэраг сустрэч рэгіянальных аддзяленняў партый па вызначэнні тактыкі ўдзелу ў выбарчай кампаніі. Палітычныя сілы, што маюць намер так ці інакш удзельнічаць у кампаніі, працягваюць працэс фармавання спісаў кандыдатаў у дэпутаты і сябры выбарчых камісіяў.

 

Назіранне і маніторынг выбараў

З пазітыўных зменаў, якія ўводзяцца ў парадак працы назіральнікаў, варта адзначыць надзяленне кіруючых органаў палітычных партыяў і грамадскіх аб’яднанняў правам вылучыць назіральнікаў на ўсе ўчасткі для галасавання незалежна ад сваіх арганізацыйных структураў. У часе папярэдняй кампаніі гэтай пытанне выклікала пэўныя спрэчкі і непаразуменні, што запатрабавала дадатковага асобнага ўрэгулявання.

21 чэрвеня кампанія “Праваабаронцы за свабодныя выбары” абвесціла пра пачатак кампаніі па маніторынгу выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 5-га склікання. Кампанія будзе ажыццяўляцца сіламі Беларускага Хельсінкскага Камітэту і Праваабарончага цэнтру “Вясна”. Пра намер з’дзяйсняць назіранне за выбарамі заявілі каардынатары кампаніі “За справядлівыя выбары”, якая ладзіцца з ініцыятывы 13 палітычных партыяў і грамадскіх аб’яднанняў, уключна з асноўнымі апазіцыйнымі палітычнымі партыямі. Раней анансаваная Партыяй “Зялёныя”, Партыяй БНФ і Рухам “За свабоду” асобная кампанія назірання “Народны кантроль – за сумленныя выбары” уключылася ў гэтую супольную кампанію.  Арганізатары кампаніі “За справядлівыя выбары” плануюць вылучыць 1000 чалавек у якасці кандыдатаў у склад выбарчых камісій і 2000 назіральнікаў. Напярэдадні выбараў гэтая кампанія спрабавала зарэгістравацца ў якасці грамадскага аб’яднання, але сутыкнулася з адмовай у рэгістрацыі з боку Міністэрства юстыцыі.

19 чэрвеня Лідзія Ярмошына паабяцала журналістам, што “Назіральнікі ад АБСЕ будуць прысутнічаць на парламенцкіх выбарах”, але не змагла назваць канкрэтныя тэрміны іх працы, спаслаўшыся на Міністэрства замежных спраў, які мусіць дасылаць запрашэнне.

 

Фармаванне выбарчых акругаў і вылучэнне прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі

Першыя ўступныя звесткі пра межы выбарчых акругаў сведчаць пра некаторыя істотныя змены: у прыватнасці, у Мінску знікла Сухараўская выбарчая акруга, дзе былі моцныя пазіцыі дэмакратычных кандыдатаў (яе тэрыторыя была падзеленая з іншымі суседнімі акругамі), упершыню ў складзе Жодзінскай АВК адсутнічае г.Смалявічы. Шэраг акругаў маюць істотныя адхіленні ад папярэдне вызначанай Цэнтральнай камісіяй сярэдняй колькасці выбаршчыкаў. Напрыклад, колькасць выбаршчыкаў у Аршанскай гарадской акрузе № 26, якая ўключае ў сябе горад Оршу, узрасла ў параўнанні з 2008 годам з 66 658 да 69 015 чалавек, г.зн. тых, хто галасуе, стала больш на 2 357. У той жа час дадзеныя статыстыкі пацвярджаюць, што колькасць насельніцтва Оршы паменшылася амаль на 3 000 чалавек. Падобныя нестыкоўкі даюць падставу для недаверу афіцыйнай інфармацыі.

Структуры Федэрацыі прафсаюзаў Беларускай заявілі пра тое, што яе арганізацыі ўжо распачалі вылучэнне прэтэндэнтаў у склад акруговых выбарчых камісіяў. З апазіцыйных партыяў пра прыняццё аналагічных рашэнняў заявілі партыі АГП, ПБНФ, Партыя левых “Справялівы свет”, а таксама арганізацыйныя структуры ГА БНФ “Адраджэньне”. Вылучэнне прэтэндэнтаў у акруговыя камісіі працягнецца да 6 ліпеня.

 

Сацыялагічныя апытанні пад пагрозай

Асобную ўвагу ў кантэксце выбарчага працэсу выклікае паведамленне пра магчымае ўвядзенне адміністратыўнай адказнасці за парушэнне ўстаноўленага парадку правядзення сацыялагічных апытанняў. Згодна з паведамленнямі, у Палату прадстаўнікоў з ініцыятывы прэзідэнта накіраваны праект закона аб унясенні паправак у Кодэкс аб адміністрацыйных парушэннях. У ліку прапанаваных змяненняў Кодэкса – новы артыкул “Незаконнае правядзенне апытанняў грамадскай думкі”.

Існуе верагоднасць, што ўвядзенне гэтага артыкулу можа абыцца вельмі аператыўна – яшчэ на вясенняй сесіі парламенту. У такім выпадку дзейнасць сацыёлагаў, а таксама СМІ, што паведамляюць пра вынікі сацыялагічных даследванняў, зробіцца сур’ёзна абмежаванай.  

 

"Праваааронцы за свабодныя выбары"

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма