Падатковая інспекцыя як сродак ціску перад выбарамі
Пасля таго, як глыбоцкі актывіст Яраслаў Берніковіч колькі разоў публічна заявіў пра сваё жаданне балатавацца ў парламент, на фірму, дзе ён з'яўляецца заснавальнікам, прыйшла з пазапланавай праверкай падатковая інспекцыя.
Праверка падаткавікоў мусіла праходзіць не раней як у верасні – калі фірме "Прэфект-інфо" споўнілася б тры гады. Але яны з'явіліся зараз, ды яшчэ падаслалі падстаўных асобаў – каб "злавіць" на нейкіх фінансавых парушэннях, кажа Яраслаў Берніковіч.
Пра тое, што падатковая інспекцыя актывізавалася невыпадкова, яму распавялі самі супрацоўнікі.
"У прыватных размовах падаткавікі прызнаваліся, што маюць загад з Мінску. Больш таго: у Глыбокае прыязжалі супрацоўнікі мінскага КДБ, размаўлялі тут з рознымі структурамі. Не магу выключаць, што менавіта па гэтай прычыне пачалі адмаўляцца ад супрацоўніцтва нашы сталыя кліенты-рэкламадаўцы", -- гаворыць спадар Берніковіч.
Страта кліентаў і рэкламы немінуча адаб'ецца на фінансавым становішчы рэгіянальнай газеты "Прэфект-інфо", якую выпускае фірма Яраслава Берніковіча. Але ён кажа, што ад свайго намеру балатавацца не адмовіцца.
Спадар Берніковіч – актывіст Партыі БНФ, руху "За Свабоду" і кампаніі "Гавары праўду". У парламент ён збіраецца балатавацца ўжо трэці раз, апрача гэтага, ён удзельнічаў і выбарах у мясцовыя Саветы, а таксама кіраваў рэгіянальнымі штабамі Сямёна Домаша, Аляксандра Мілінкевіча і Уладзіміра Някляева падчас прэзідэнцкіх выбараў.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"
Каментароў пакуль няма