Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Звыклае ганьбаванне апазіцыі напярэдадні выбараў

Карэспандэнт гомельскай дзяржаўнай газеты «Савецкі раён» Аляксандр Яўсеенка не ўтрымаўся, каб звыкла не прайсціся напярэдадні выбараў чорнай фарбай па апазіцыі і праваабаронцах. Пішучы пра прызначэнне даты выбараў, ён адзначае, што «гэта важнейшая палітычная падзея застала нашу паважаную апазіцыю знянацку». Карэспандэнту «смешна слухаць» «аргументы некаторых (апазіцыянераў) аб тым, што ўдзел у выбарчай кампаніі трэба выкарыстоўваць як магчымасць данесці свае погляды да шырокіх мас народу». «Гэта за тры-то месяцы? А тры гады чым вы займаліся, дазвольце спытаць?», - пытае аўтар артыкулу.

Па яго версіі, і не тры гады, а цэлых 20 апошніх «існавання нашай апазіцыі нічога новага, акрамя агульнай крытыкі дзеянняў улады ад іх ніхто не пачуў».

Прычым карэспандэнт піша, што «іншага ад іх ніхто і не чакаў», і што мэта апазіцыі – «гранты замежныя адпрацаваць».

Зачапіў у сваім допісе Аляксандр Яўсеенка і праваабаронцаў, якія яго здзівілі, бо «на выбарах яны плануюць выступіць у ролі назіральнікаў, але назіраць не за ходам галасавання і падлікам галасоў, а за прымус да галасавання».

«Хто мне можа патлумачыць гэты тэрмін? Гэта калі ў кватэру ўвальваецца міліцыя і грамадзяніна пад канвоем вядзе на выбарчы ўчастак?», - шчыра здзіўляецца карэспандэнт.

Варта адзначыць, што дадзены супрацоўнік газеты не прапускае ніводнай нагоды, каб не прайсціся па апазіцыі, звыкла ганьбячы яе прадстаўнікоў, і пакпіць з людзей, якія маюць іншае, адрознае ад яго, меркаванне.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма