У Баранавічах запланаваны рэспубліканскі мітынг
Прадпрымальнік і грамадскі актывіст з Баранавічаў Мікалай Чарнавус падаў у гарвыканкам заяву на правядзенне рэспубліканскага мітынгу 9 ліпеня. Яго мэта - данесці да людзей, што сапраўдных выбараў у Беларусі няма як на мясцовым, так і на рэспубліканскім узроўнях.
Раней мы пісалі, што са снежня 2011 года Мікалай Чарнавус змагаецца супраць сфальсіфікаваных вынікаў выбараў у Раду кірмашу на кааператыўным рынку ў Баранавічах. Вось ужо сем месяцаў ён даводзіць пракурорам і судам, што Рада была абраная не агульным сходам прадпрымальнікаў, а прызначана гарадскімі ўладамі.
Мікалай Чарнавус адзначыў, што Брэсцкі абласны гаспадарчы суд, на які ён вельмі спадзяваўся, не вырашыў справу.
- Пасля суда мне стала зразумела, што ніхто не хоча вырашаць нашае пытанне адносна законнасці выбараў. У сувязі з тым, што на 23 верасня прызначаны парламенцкія выбары, то я вырашыў правесці рэспубліканскі мітынг і ўсім сказаць: сапраўдных выбараў у Беларусі няма - як на мясцовым, так і на рэспубліканскім узроўнях,- распавёў прадпрымальнік.
У заяве Мікалая Чарнавуса паведамляецца, што запланаваны ўдзел у мітынгу каля тысячы чалавек.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"
Каментароў пакуль няма