Кандыдаты ў дэпутаты выступяць у прайм-тайм
Цэнтрвыбаркам паабяцаў, што прэтэндэнтам у народныя абраннікі прадаставяць самы рэйтынгавы эфірны час - з 17.00 да 20.00 гадзінаў. Хоць паводле міжнародных тэлевізійных стандартаў, найбольш праглядаемым часам лічыцца з 19.00 да 23.00, калі людзі паспяваюць вярнуцца з працы дадому.
Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік падчас нарады з прадстаўнікамі СМІ ўдакладніў, што ў розных абласцях час для выступаў можа адрознівацца ў залежнасці ад колькасці акруг і колькасці зарэгістраваных па іх кандыдатаў. “СМІ будзе прадастаўлена магчымасць для манеўру, каб адкарэктаваць сетку вяшчання”, - адзначыў ён.
Парадак выкарыстання друкаваных СМІ падчас выбарчай кампаніі істотных змен не адчуе. У адмысловым палажэнні будзе прапісана, у якіх газетах кандыдаты ў дэпутаты атрымаюць права публікаваць перадвыбарныя праграмы, аб'ёмы перадвыбарных праграм, тэрміны, у якія трэба падаць тэксты ў рэдакцыі. Навацыі закрануць радыё і тэлебачанне - у сувязі з тым, што ў кандыдатаў з'явілася магчымасць удзельнічаць у дэбатах.
Паводле кіраўніка службы маніторынгу пры Беларускай асацыяцыі журналістаў Алеся Анціпенкі, папярэднія парламенцкія выбары ў 2008 годзе былі “самай ціхай выбарчай кампаніяй, асабліва калі параўнаць іх з парламенцкімі выбарамі 2004 году ці з прэзідэнцкімі выбарамі”. Таксама асабліваць парламенцкай кампаніі-2008 была ў тым, што Цэнтравыбаркам загадаў паўтарыць тэле- і радыёвыступы кандыдатаў у дэпутаты, чаго ніколі не было раней, але зноў жа гэтыя выступы трансляваліся ў той час, калі людзі вярталіся з працы дадому альбо рабілі пакупкі ў крамах, што не вельмі спрыяла падвышэнню цікавасці электарату да выбараў. А вось паўторнага надрукавання праграмаў кандыдатаў у дзяржаўных газетах не было, хоць менавіта такі від агітацыі, па меркаванні экспертаў, з’яўляецца самым эфектыўным. Аналізуючы папярэднія парламенцкія выбары, Алесь Анціпенка заўважаў: “Выбары не могуць праходзіць “у спакойнай, дзелавой атмасферы”, таму што выбары – гэта заўсёды канкурэнцыя, гэта інтрыга, гэта палітычная барацьба, гэта сутыкненне ідэяў, гэта насамрэч выбар паміж тым і другім. Там, дзе няма выбару, там усё ціха. А там, дзе ёсць выбар, выбары не могуць быць ціхімі”.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"
Каментароў пакуль няма