Магілёўскія дэмакраты заклікалі грамадзян не ўдзельнічаць у галасаванні на парламенцкіх выбарах
Каардынацыйная рада Магілёўскай абласной кааліцыі дэмакратычных сіл 28 чэрвеня прыняла заяву, у якой выказала меркаванне, што ў Рэспубліцы Беларусь не створаны ўмовы для правядзення свабодных выбараў, таму маючыя адбыцца выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу не могуць лічыцца дэмакратычнымі, празрыстымі і справядлівымі. Таксама сябры Каардынацыйнай рады заклікалі ўсіх грамадзян краіны і ўсіх жыхароў Магілёўскай вобласці, якія маюць права прыняць удзел у выбарах, не ўдзельнічаць у галасаванні і далучацца да дзейнасці дэмакратычных сіл Магілёўшчыны.
Старшыня Каардынацыйнай рады Юрый Новікаў кажа, што прадстаўнікі дэмакратычных арганізацый Магілёўшчыны ўсё ж будуць вылучаць кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў:
“Зараз дэмакратычныя арганізацыі вобласці абмяркоўваюць кандыдатуры тых людзей, якія будуць вылучацца ў якасці кандыдатаў на выбарах. Шэраг кандыдатаў будуць вылучаныя палітычнымі партыямі, некаторыя будуць вылучацца пры дапамозе збору подпісаў выбаршчыкаў. Агульную лічбу пакуль назваць цяжка, бо хтосьці перадумаў ісці на выбары, іншыя, наадварот, вырашылі прыняць удзел у кампаніі толькі зараз. Дакладна вядома адно - кандыдаты ў дэпутаты, якіх падтрымае кааліцыя, будуць агітаваць выбаршчыкаў не ўдзельнічаць у галасаванні. Мы разглядаем удзел у выбарах, у першую чаргу, як удзел у інфармацыйнай кампаніі, праз якую можна данесці да выбаршчыкаў праўду аб сапраўднай сітуацыі ў краіне”, - кажа Юрый Новікаў.
Дэмакратычныя арганізацыіі Магілёўшчыны таксама збіраюцца вылучаць сваіх прадстаўнікоў у склад акруговых выбарчых камісій. Пакуль дакладна вядома, што партыя і Рух БНФ у Магілёўскай вобласці вылуча ў склад гэтых камісій 10 чалавек, сваіх сяброў плануюць накіраваць і іншыя дэмакратычныя арганізацыі. Усяго ў вобласці створана 13 выбарчых акруг па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу.
Заява
Каардынацыйнай Рады Магілёўскай абласной кааліцыі дэмакратычных сіл
г. Магілёў 28.06.2012г.
Беларускія ўлады аб’явілі аб правядзенні 23 верасня так званых “выбараў” дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь. Мы, прадстаўнікі дэмакратычных сіл Магілёўскай вобласці, канстатуем, што беларускімі ўладамі не было выканана ніводнага патрабавання, вылучанага дэмакратычнымі сіламі Беларусі аб умовах правядзення свабодных выбараў. Па-ранейшаму знаходзяцца за кратамі беларускія палітвязні, грамадскія актывісты пазбаўляюцца працы і адлічваюцца з навучальных устаноў за свае перакананні. У выбарчае заканадаўства не ўнесены нават касметычныя змены, захоўваюцца ўсе перадумовы для фальсіфікацыі выбарчага працэсу. Не створаны рэальныя магчымасці для забеспячэння кантролю і вядзення назірання за ходам галасавання і падлікам галасоў. Дзейнасць незалежных сродкаў масавай інфармацыі знаходзіцца пад пільным кантролем з боку выканаўчай улады, пастаяннаму ціску і пераследу падвяргаюцца беларускія праваабаронцы.
Зыходзячы з гэтага і кіруючыся рашэннем Канферэнцыі дэмакратычных сіл Магілёўскай вобласці ад 5 сакавіка 2011 года, Каардынацыйная рада Магілёўскай абласной каліцыі дэмакратычных сіл заяўляе:
У Рэспубліцы Беларусь не створаны ўмовы для правядзення свабодных выбараў, таму маючыя адбыцца выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу, не могуць лічыцца дэмакратычнымі, празрыстымі і справядлівымі.
Мы патрабуем правядзення ў Рэспубліцы Беларусь свабодных выбараў усіх узроўняў і абвяшчаем аб пачатку супольнай кампаніі па непрызнанню “парламенцкіх выбараў” 2012 года.
Мы заклікаем усіх грамадзян нашай краіны і ўсіх жыхароў Магілёўскай вобласці, якія маюць права прыняць удзел у выбарах, не ўдзельнічаць у галасаванні і далучацца да дзейнасці дэмакратычных сіл Магілёўшчыны.
Толькі сумесна мы зможам зрабіць нашу краіну сапраўды свабоднай і незалежнай!
Каардынацыйная Рада
Магілёўскай абласной кааліцыі
Дэмакратычных сіл.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"
Каментароў пакуль няма