Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Дзяржвыданне выключыла выбаршчыкаў з выбарчага працэсу

Кампаніі па выбарах дэпутатаў Палады прадстаўнікоў дзяржаўная газета Брэсцкай вобласці “Заря” прысвяціла артыкул з красамоўным загалоўкам ”Байкот… байкоту”. Пры гэтым аўтар публікацыі Яўген Літвіновіч, спрабуючы адказаць на пытанне, колькі прадстаўнікоў апазіцыйных палітычных партый трапяць у новы склад беларускага парламенту, чамусьці робіць выснову, што вырашаць гэта не выбаршчыкам, а …самім сябрам апазіцыі.

Увогуле ж артыкул у газеце, заснавальнікамі якой з’яўляюцца Брэсцкі аблвыканкам і абласны Савет дэпутатаў, мае на мэце засведчыць, што спробы некаторых палітычных сілаў байкатаваць гэтую выбарчую кампанію не дадуць выніку і большасць людзей абавязкова пойдзе галасаваць. Пры гэтым Яўген Літвіновіч сцвярджае, што “адмаўляючыся падпісваць заяву аб прызнанні нелегітымнасці будучых парламенцкіх выбараў, большая частка апазіцыі, тым самым, дэ-факта прызнае легітымнасць дзеючай улады, бо другое аўтаматычна вынікае з першага: у недэмакратычным дзяржаве немагчымыя законныя выбары”.

Аўтар старанна абыходзіць пытанне, наколькі свабодна і празрыста адбываецца сам працэс галасавання ў нашай краіне ўсе апошнія гады. Журналіст дзяржаўнага выдання заўважае, што для Беларусі ўласцівы нейкі асаблівы тып “рацыянальнай (дэмакратычнай) легітымнасці, якая ўзнікае ў выніку прызнання людзьмі справядлівасці тых рацыянальных і дэмакратычных працэдур, на аснове якіх фарміруецца сістэма ўлады”. Такім мудрагелістым выразам спрабуе пераканаць чытачоў, што пры цяперашнім раскладзе “ўлада - народная, абраная, а не навязаная звонку шляхам рознакаляровых рэвалюцый”.

“Дык колькі ж прадстаўнікоў апазіцыйных палітычных партый увойдзе ў будучы склад ніжняй палаты беларускага парламента? Адказ могуць даць толькі самі дэмакраты. Дзяржава прадаставіла ім максімальна шырокі калідор для далейшых дзеянняў”, - такім дзіўным тлумачэннем заканчвае свой артыкул Яўген Літвіновіч. Атрымлімваецца, што не самі грамадзяне, што пойдуць галасаваць, маюць дачыненне да пытання, хто стане дэпутатам. Маўляў, гэта вырашаць апазіцыянеры, ды яшчэ пры падтрымцы дзяржавы… Ці ведае пра такія “выбары” Цэнтрвыбаркам?     

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

 

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма