Выбаршчыкі ўстрывожаныя знікненнем Бярозаўскай выбарчай акругі
На сёлетніх парламенцкіх выбарах не будзе Бярозаўскай выбарчай акругі - упершыню за ўсю гісторыю выбарчых кампаній. Адна яе частка адышла да Пружанскай акругі, другая - да Івацэвіцкай. І гэта нягледзячы на тое, што ў Бярозаўскім раёне пражывае амаль 67 тысяч насельніцтва, а ў Пружанскім і Івацэвіцкім – 52 і 57 тысяч адпаведна.
Найбольш актыўныя выбаршчыкі Бярозаўшчыны ўстрывожаныя такім становішчам справаў, а таму пацікавіліся ў арганізацыйна-прававым аддзеле Цэнтральнай камісіі па выбарах, чаму так зроблена.
Намеснік начальніка гэтага аддзела Галіна Мкртычан “супакоіла”, паведаміўшы, што падзел на акругі не залежыць ад колькасці насельніцтва раёна і зроблены па прапанове Берасцейскага аблвыканкама. Яна запэўнівала, што не трэба перажываць, калі не будзе дэпутата з Бярозы, бо для дапамогі насельніцтву абіраюцца абласныя і мясцовыя дэпутаты, а дэпутаты Палаты прадстаўнікоў займаюцца законатворчай дзейнасцю. Хоць з іншага боку, па словах Мкртычан, жыхарам Бярозаўскага раёна пашчасціла: цяпер тут будуць два дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.
Апазіцыйныя дэпутаты ад Бярозаўскага раёна такога аптымізму не падзяляюць - лічаць, што ўлада добра прадумала, як мінімізаваць шансы для апазіцыі. Як адзначыў мяркуемы кандыдат цяпер ужо па Івацэвіцкай выбарчай акрузе Валянцін Лазарэнкаў, мясцовыя ўлады загадзя ў яго цікавілася, ці будзе ён балатавацца. Па словах Лазарэнкава, ніякіх пераменаў у акругах, дзе няма апазіцыйных кандыдатаў, не адбылося.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"
Каментароў пакуль няма