Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

У Бярозаўскім раёне людзі не збіраюцца на выбары – з падачы ўладаў

Дзеянні мясцовых уладаў у Бярозаўскім раёне не спрыяюць жаданню жыхароў ісці на выбары.

Так, жыхары горада Белаазёрска выказваюць незадавальненне будаўніцтвам завода свінцовых сплаваў побач з горадам: не параіўшыся з народам, улады далі дабро на яшчэ адну шкодную вытворчасць. Бярозаўскі раён і без таго лічыцца раёнам экалагічнага бедства. У 2006 годзе практычна ў межах горада было адкрыта прадпрыемства па вырабу пестыцыдаў “Франдэса”. На той час ні мясцовая ўлада, ні прэзідэнт таксама не прыслухаліся да пратэстаў насельніцтва, а было сабрана 9 тысяч подпісаў супраць гэтага прадпрыемства. На сёння, паводле афіцыйнай статыстыкі, толькі 17 % працаздольнага насельніцтва Бярозаўскага раёна лічыцца здаровым.

Шмат хто з выбаршчыкаў кажуць, што на выбары не пойдуць - маўляў, такія дэпутаты, як цяпер, ім не патрэбныя. Людзі ўпэўненыя, што ўлада зробіць, як ёй трэба, і без іх. Прызначалі б адразу, кажуць, каб не марнаваць грошы, якіх і так не  хапае.

Многія жыхары мястэчка Малеч не задаволеныя тым, што Бярозаўскі раён падчас парламенцкай кампаніі падзелены на часткі: адна з іх ўвайшла ў Пружанскую выбарчую акругу №9, а другая, у тым ліку і Малеч, які значна бліжэй да Пружанаў, - у Івацэвічскую акругу № 11. Па словах мясцовага праваабаронцы Анатоля Сахарушы, незадаволеныя абвясцілі, што на выбары не пойдуць. І нават на ягоную заўвагу – што праз тры месяцы вас так апрацуюць, нагадаюць пра працоўныя кантракты і т.д., што вы яшчэ ўсе датэрмінова прагаласуеце - абяцалі не адрачыся ад цяперашняга абурэння.

Па прызнаннях насельніцтва раёна, ім не дадае жадання галасаваць і падвышэнне коштаў на тавары і паслугі.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма