Бабруйчане выбары байкатуюць, па мясцовай акрузе будзе балатавацца прэтэндэнт з Магілёва
Бабруйскія прадстаўнікі дэмсілаў амаль адзінагалосна прыйшлі да высновы байкатаваць парламенцкія выбары. У выбарчыя акругі збіраюцца вылучацца ўсяго некалькі чалавек, ствараемая партыя БХД прапануе актыўную кампанію байкоту.
Лідэр бабруйскай суполкі АГП Віктар Бузінаеў расказаў, што яго аднапартыйцы выступаюць за байкот, але два чалавекі ўсё ж будуць спрабаваць вылучыцца ў акруговыя выбарчыя камісіі. Затое “агпшнікі” абяцаюць зладзіць у горадзе актыўнае назіранне.
Мясцовыя сябры Сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” пакуль не маюць у планах прымаць у выбарах хоць нейкі ўдзел.
-Мы за актыўны байкот, - расказала старшыня бабруйскай суполкі стваранай партыі БХД Таісія Кабанчук. – Такое рашэнне было прынятае бабруйчанамі адзінагалосна. Будзем канешне ўдзельнічаць і ў назіранні за выбарамі, але асноўная наша мэта - данесці да людзей ідэю байкота. Будзем падаваць ужо з наступнага тыдня заўкі ў гарвыканкам на правядзенне пікетаў, рыхтаваць улёткі.
Бабруйскія прадстаўнікі кампаніі “Гавары праўду” таксама падтрымліваюць байкот.
– Нямя зменаў у заканадаўстве, палітвязні дасюль знаходзяцца ў турмах, пра якія выбары можа ісці размова? – мяркуе Вольга Піманава. – Мы вырашылі не браць у гэтых выбарах ніякага ўдзелу.
Негледзячы на тое, што бабруйскія “праўдаўцы” байкатуюць кампанію, іх калега з Магілёва плануе ўзяць у ёй самы непасрэдны ўдзел. Маладая кіраўнічка кампаніі “Гавары праўду” па Магілёўскай вобласці, магілёўчанка Аксана Самуйлава, хоча пазмагацца за дэпутацкі мандат на выбарчай акрузе № 79 Бабруйска.
-Па дамоўленасці, Аксану Самуйлаву ў Бабруйску будуць падтрымліваць сябры нашай партыі, - расказаў бабруйскі лідэр “Справядлівага свету” Альберт Секержыцкі. – Акрамя таго мы будзем вылучаць нашых людзей у акруговыя і ўчастковыя камісіі – агулам чатыры чалавекі, і будзем браць удзел у назіранні.
Таксама аб сваім жаданні вылучацца ў АВК заяўляюць яшчэ некалькі бабруйскіх грамадскіх актывістаў.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма