Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Дзяржвыданне: пры фармаванні акруговых камісій будуць «пакрыўджаныя»

Супрацоўнік гомельскай газеты «Савецкі раён» закрыў інфармацыйную дзірку на тэму парламенцкіх выбараў чарговым «крытычным» артыкулам пра апазіцыю. Аляксандр Яўсеенка звыкла, у які ўжо раз, выказаўся, што «да будучай палітычнай барацьбы (выбараў) наша апазіцыя ў чарговы раз не падрыхтавана». Прычым журналіст не тлумачыць, на якіх высновах грунтуецца такое меркаванне, як і тое, што апазіцыя знаходзіцца ў «разгубленасці і нерашучасці». «А пакуль тыя судзяць ды радзяць, у краіне ўжо пачалося вылучэнне прадстаўнікоў у склад акруговых камісій... Так што часу для пустой балбатні... практычна не застаецца», - нагадвае аўтар артыкулу.

Ён не сумняваецца, што пры фармаванні акруговых камісій будуць «пакрыўджаныя». «Органы, якія ўтвараюць акруговыя камісіі, маюць паўнамоцтвы суб'ектыўнага выбару ў тых выпадках, калі лік жадаючых стаць іх членамі будзе перавышаць устаноўлены законам ліміт у 9-13 чалавек», - намякае супрацоўнік газеты.

Ён піша, што выбарчае заканадаўства дае права прадстаўнікам партый і рухаў пазмагацца за права «знаходзіцца ў самай гушчы працэсу». Але, па версіі Аляксандра Яўсеенка, для заваявання такога права «трэба мець сапраўдны аўтарытэт у грамадстве». «І не варта на грамадства наракаць, калі раптам нешта не атрымаецца. Пустой балбатнёй, агульным крытыканствам... даверу ў цяперашняга абывацеля не набудзеш», - павучае карэспандэнт.

Вылучаць у камісію могуць сваіх прадстаўнікоў палітычныя партыі, грамадскія аб'яднанні, сходы працоўных калектываў, выбарцы – не менш за 10 чалавек. Дзе прапісаны крытэры, не выкананне якіх пагражае не ўключэннем ў камісію – кшталту «адсутнасць сапраўднага аўтарытэту ў грамадстве»?

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

 

 

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма