Прыхаваная агітацыя на Салігоршчыне ўжо ідзе
З набліжэннем выбараў у салігорскай раёнцы “Шахцёр” часцей пачалі з’яўляцца дзеючыя дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад Салігоршчыны Яўген Абаленскі і Ганна Лаўрукевіч. Дагэтуль рэдкія госці на старонках мясцовых выданняў салігорскія дэпутаты за апошні час фігуравалі ўжо па некалькі разоў запар.
У канцы красавіка дэпутаты правялі сустрэчы з выбаршчыкамі, пасля чаго далі газеце “Шахцёр” некалькі вялікіх інтэрв’ю. У адным з іх дэпутат ад Салігорскай гарадской выбарчай акругі Яўген Абаленскі ўжо практычна распачаў сваю перадвыбарчую агітацыю:
- Выбіраючы новы склад Парламента, нашы грамадзяне адначасова будуць прымаць рашэнне пра шлях далейшага развіцця Беларусі... Так званая апазіцыя спрабуе пераканаць народ, што адмова ад дзейснага курсу дазволіць адразу вырашыць усе праблемы. Аднак ніякіх зразумелых пазітыўных праграм яна не прапаноўвае... Шлях рэвалюцый - гэта шлях у нікуды. А нам як ніколі патрэбныя стабільнасць і ўпэўненасць у будучыні. Гэта можа забяспечыць толькі моцная дзяржаўная ўлада, якая зыходзіць з інтарэсаў народа, а не купкі палітыканаў або алігархаў.
Апошняя вялікая гутарка Яўгена Абаленскага са штатным прапагандыстам газеты “Шахцёр”, які хаваецца пад псеўданімам Вікторыі Раманавай, была апублікавана ў свежым нумары. І хоць усё інтэрвію прысвечана выключна абмеркаванню новага Жыллёвага кодексу, такая звышактыўнасць па актуальных праблемах у апошні час не пакідае сумневу ў дэпутацкіх амбіцыях спадара Абаленскага на набліжаючыхся парламенцкіх выбарах. Зрэшты, падвышаная актыўнасць магчымых кандыдатаў у перадвыбарчы перыяд з’яўляецца рэччу натуральнай. Ненатуральным з’яўляецца выкарыстоўванне для гэтага адміністратыўнага рэсурсу ў выглядзе дзяржаўнай прэсы.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма