Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Магілёў: ці дапусцяць дэмакратаў на паседжанні па фармаванні акруговых камісій?

  • Зміцер Салаўёў, старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі ПБНФ
    Зміцер Салаўёў, старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі ПБНФ

У панядзелак, 9 ліпеня, у Магілёўскім аблвыканкаме адбудзецца сумеснае паседжанне прэзідыума Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў і Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта па пытанні утварэння акруговых выбарчых камісій па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь 5 склікання. Па словах старшыні Каардынацыйнай рады Магілёўскай абласной кааліцыі дэмакратычных сіл Юрыя Новікава, за ходам паседжання будуць назіраць прадстаўнікі кааліцыі.

Заявы з просьбай дазволіць назіраць за ходам паседжання па стварэнні акруговых выбаркамаў падалі старшыні абласных арганізацый апазіцыйных партый - Зміцер Салаўёў (БНФ), Уладзімір Шанцаў (АГП) і Валерый Беразіенка (“Справядлівы свет”).

Падчас прэзідэнцкіх выбараў 2010 года прадстаўнікі дэмакратычных сіл Магілёўшчыны змаглі прысутнічаць на паседжанні па ўтварэнні абласной выбарчай камісіі і назіраць за працэсам прыняцця рашэнняў. Тады ў склад камісіі быў уключаны прадстаўнік АГП Уладзімір Парфёнаў.

“Калі прадстаўнікі абласных уладаў хочуць паказаць, што яны хоць у нечым прытрымліваюцца літары закона, то яны дапусцяць прадстаўнікоў дэмакратычных сіл на сумеснае паседжанне прэзідыума аблсавета і аблвыканкама, каб гэтыя прадстаўнікі маглі пабачыць, якім чынам будуць прымацца рашэнні аб фармаванні акруговых камісій”, - кажа старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі партыі БНФ Зміцер Салаўёў.

 "Праваабаронцы за свабодныя выбары"

 

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма