Выбаршчыкі асабліва цікавяцца незалежным назіраннем
Удзельнічаць у парламенцкіх выбарах гатовыя 50,7% апытаных у чэрвені НІСЭПД беларусаў. Выбаршчыкі асабліва цікавяцца незалежным назіраннем на выбарах. Большасць з іх (63,7%) лічаць, што незалежнае назіранне садзейнічае большай сумленнасці і аб'ектыўнасці выбараў.
19,4% нашых грамадзян не збіраюцца браць удзел у галасаванні, а 29,9% яшчэ не вырашылі. Станоўча да байкоту гэтых выбараў ставяцца 14,2%, адмоўна - 29,5%, абыякава - 28%, а 28,3% нічога пра гэта не чулі.
Колькасць людзей, якія аддаюць перавагу галасаваць за альтэрнатыўных кандыдатаў, прыкметна ўзрасла за час, які прайшоў з мінулых выбараў у парламент. Калі чатыры гады таму за прыхільнікаў Аляксандра Лукашэнкі збіраліся галасаваць 39,6%, за апанентаў - 17,7% і 31,4% - за іншых кандыдатаў, то сёння адпаведна - 27,6%, 28,2% і 27,4%.
Разам з тым, стаўленне беларусаў да парламенцкіх выбараў як да шляху, які вядзе да пераменаў, прыкметна трансфармуецца, адзначаюць сацыёлагі. Так, толькі 36,8% апытаных думаюць, што гэтыя выбары будуць свабоднымі і справядлівымі, а 39,6% прытрымліваюцца супрацьлеглага меркавання. Толькі 36,7% лічаць, што вынікі выбараў залежаць ад іх галасоў, а 54,5% у гэта не вераць. 39,1% лічаць, што на гэтых выбарах будзе адбывацца рэальная барацьба, а 46,9% апытаных - што ў верасні будзе толькі імітацыя барацьбы, а размеркаванне месцаў загадзя вызначана ўладамі.
Сацыёлагі НІСЭПД адзначаюць, што такое скептычнае стаўленне да парламенцкіх выбарах з'яўляецца вынікам не толькі палітыкі ўладаў, але і несфармуляваная ідэі апазіцыі. Толькі 37,7% апытаных лічаць, што ў кандыдатаў ад апазіцыі будуць рэальныя праграмы па паляпшэнні жыцця ў краіне, а 40,1% з гэтым не згодныя. У гэтых умовах выбаршчыкі асабліва цікавяцца незалежным назіраннем на выбарах. Большасць з іх (63,7%) лічаць, што незалежнае назіранне за ходам выбараў садзейнічае большай сумленнасці і аб'ектыўнасці выбараў.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма