Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Менск: АГП вылучае 10 сябраў у выбарчыя акругі, “Рух “За свабоду” - не вылучае

Нягледзячы на высокі прафесіяналізм кандыдатаў, партыйцы сумняюцца, што ўсіх іх уключаць у склад акруговых выбаркамаў.

Сябры АГП вылучаныя ў палову з 20 выбарчых акругаў Менска. Паводле намесніка старшыні Менскай гарадской арганізацыі АГП Дзмітрыя Кавалгіна, пры адборы кандыдатаў акцэнт рабілі на досвед. “Большасць з абраных сябраў партыі ўжо некалькі разоў уваходзілі ў склад выбарчых камісій рознага ўзроўню, а некаторыя нават узначальвалі выбарчыя камісіі. Сярод іх нямала прафесійных юрыстаў, як, напрыклад, намеснік старшыні АГП Антаніна Кавалёва”, - адзначаецца на сайце партыі.

Але нягледзячы на высокі прафесіяналізм кандыдатаў, Кавалгін сумняецца ў тым, што большасць вылучэнцаў ад АГП будзе ўключана ў склад акруговых выбаркамаў. “Уладам патрэбныя не актыўныя прафесіяналы, а масоўка згоднікаў”, - мяркуе намеснік старшыні Менскай гарадской арганізацыі АГП.

Тым часам “Рух “За свабоду” прыняў рашэнне не вылучаць кандыдатаў на выбары і таксама не праводзіць мэтавую кампанію па вылучэнні сваіх сябраў у склад выбарчых камісіяў. Намеснік старшыні Юрась Губарэвіч адзначыў, што рух будзе актыўна ўдзельнічаць у інфармацыйнай і агітацыйнай кампаніі падчас выбараў, прысутнічаць на сустрэчах з выбаршчыкамі і падтрымліваць незалежных кандыдатаў, якія будуць балатавацца і якія па сваіх ідэях і поглядах блізкія да “Руху “За свабоду”.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма