Гомельшчына: апазіцыя вылучыла сваіх прадстаўнікоў у акруговыя камісіі
У Гомельскай вобласці ў акруговыя выбарчыя камісіі вылучаны прадстаўнікі шэрагу апазіцыйных партый. Актыўнасць праявілі Аб’яднаная грамадзянская партыя, Партыя БНФ і партыя левых “Справядлівы свет”.
Калінкавіцкая, Рэчыцкая і Светлагорская выбарчыя акругі размешчаны па суседству адна з другой. Як паставіліся тут да вылучэння сваіх сябраў у акруговыя выбарчыя камісіі апазіцыйныя партыі?
Аб’яднаная грамадзянская партыя вылучыла прадстаўнікоў у камісіі ва ўсіх трох акругах.
– Дзяніс Рабянок вылучаны ў Калінкавіцкай выбарчай акрузе № 41, Васіль Гулай – у Рэчыцкай выбарчай акрузе № 44, Таццяна Наскова – у Светлагорскай выбарчай акрузе № 46, – паведаміў старшыня Гомельскай абласной арганізацыі АГП Васіль Палякоў.
Жадае мець сваіх прадстаўнікоў у камісіях праявіла і партыя левых “Справядлівы свет”. Па словах першага сакратара Гомельскага абласнога камітэта гэтай партыі Уладзіміра Сякеркі (на здымку), у Калінкавіцкай акрузе ад яго партыйнай арганізацыі вылучана Ганна Забурунава, у Рэчыцкай – Уладзімір Шэін, у Светлагорскай – Генадзь Жулега. Уладзімір Сякерка адзначыў таксама, што сябры партыі ўдзельнічаюць у грамадскай кампаніі “За справядлівыя выбары”.
Партыя БНФ таксама не засталася ў баку.
– Ад нашай партыі вылучаны прадстаўнік у камісію Рэчыцкай акругі – Алег Карбалевіч, – кажа Валерый Пуціцкі, старшыня Гомельскай абласной партыйнай арганізацыі.
Прадстаўнік Управы Партыі БНФ Аляксандр Каліта дапоўніў, што партыяй вылучаны актывіст і ў камісію Калінкавіцкай акругі – Мікалай Бельскі.
Паводле заканадаўства, акруговыя камісіі па выбарах у Палату прадстаўнікоў будуць фарміравацца абласнымі ўладамі. Ці ўключаць каго-небудзь з апазіцыі ў камісіі на Гомельшчыне? У саміх прадстаўнікоў апазіцыйных партый на гэты конт спадзяванняў няма.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма