Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Актыўнасць па вылучэнні ў акруговыя камісіі розная: рэгіянальны зрэз (дадаецца)

Брэстчына 

У акруговыя выбаркамы Брэсцкай вобласці вылучана 330 чалавек.

Як нагадаў начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай працы Брэсцкага аблвыканкама Аляксандр Каляда, у рэгіёне на выбарах у Палату прадстаўнікоў будуць сфармаваныя 16 выбарчых акругаў. І менавіта такую кольскасць сваіх прадстаўнікоў (па 16) вылучылі мясцовыя суполкі ГА «Белая Русь», БРСМ, Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў, а таксама Камуністычнай партыі Беларусі. На аднаго прадстаўніка менш прапануе Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, па 13 чалавек вылучылі Беларуская партыя левых “Справядлівы свет” і Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці, па 7 - Партыя БНФ і Аб'яднаная грамадзянская партыя , 3 - Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), 1 - Ліберальна-дэмакратычная партыя. Шляхам падачы заявы вылучана 89 чалавек, ад працоўных калектываў - 63 чалавекі.

Па словах Каляды, больш за ўсё чалавек (29) прэтэндуюць на ўключэнне ў склад Брэсцкай-Заходняй выбарчай акругі №1, найменшая колькасць прэтэндантаў (16 чалавек) назіраецца напярэдадні фармавання выбаркама Днепра-Бугскай выбарчай акругі №10.

Сумеснае пасяджэнне прэзідыума абласнога савета дэпутатаў і аблвыканкама па фармаванні акруговых выбарчых камісій на Брэстчыне пройдзе 9 ліпеня.

Гарадзеншчына

Па Гарадзенскай вобласці прадстаўнікі дэмакратычных партый вылучылі 26 прадстаўнікоў у акруговыя выбарчыя камісіі, якіх налічваецца трынаццаць.

Беларуская партыя левых “Справядлівы свет” прапаноўвае ў камісіі 10 сваіх прадстаўнікоў, Партыя Беларускі Народны Фронт – 9, Аб’яднаная Грамадзянская Партыя – 7. Цікава, што ўсе гэтыя партыі не прамінулі вылучыць сваіх сябраў па гарадзенскіх гарадскіх акругах.

Яшчэ адна партыя, якая актыўна ўдзельнічала ў вылучэнні сваіх прадстаўнікоў у акруговыя і ўчастковыя камісіі ў час апошняй прэзідэнцкай кампаніі 2010 году – абласная арганізацыя Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады, прыняла прынцыповае рашэнне не браць удзелу ў бягучай кампаніі. Рэгіянальная структура БСДГ лічыць, што паколькі дзяржаўная вярхоўная ўлада не зрабіла ніякіх крокаў па лібералізацыі заканадаўства і не выпусціла палітвязняў, удзел у такіх выбарах немажлівы.

Слонім

У акруговыя выбарчыя камісіі Слоніма вылучаны 4 прэтэндэнты ад Партыі БНФ, а ўсяго па Гарадзенскай вобласці – 9. Пра гэта паведаміў кіраўнік Слонімскай суполкі партыі Іван Шэга.  

Гарадская структура партыі “Справядлівы свет”, па інфармацыі яе кіраўніка Міхася Караткевіча, у склад акруговых выбарчых камісій вылучыла 6 чалавек. “Толькі хто з іх туды патрапіць — невядома. Праўда, падчас выбараў у Гродзенскі абласны Савет у камісіі ад нашай партыі трапілі два чалавекі. Сёлета ў гэта мала верыцца”, — выказвае сумнеў спадар Караткевіч.

Ці  будуць уключаны гэтыя вылучэнцы ў склад акруговых выбарчых камісій, стане вядома 9 ліпеня.

Барысаў

Мінская абласная арганізацыя Аб'яднанай грамадзянскай партыі вылучыла дваіх актывістаў у барысаўскія акруговыя выбарчыя камісіі.

Праваабаронца Алег Мацкевіч і сябра АГП Рэгіна Вільтоўская тэарэтычна могуць патрапіць у акруговыя камісіі. Усе неабходныя дакументы былі пададзеныя імі ў тэрмін.

Праўда, вопыт прэзідэнцкіх выбараў 2010 года не дае асаблівых надзей на тое, што дэмактывісты змогуць працаваць у выбаркамах. Тады ні адзін з прадстаўнікоў дэмакратычнай грамадскасці ў выбарчыя камісіі не патрапіў.

Салігорск

У сталіцы шахцёраў некалькі прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў маюць намер патрапіць у агруговыя выбарчыя камісіі.

Па аднаму свайму прадстаўніку ў Салігорскую гарадскую выбарчую камісію №68 і Салігорскую сельскую выбарчую камісію №69 накіравала партыя “Справядлівы свет”. Пра гэта мясцовым праваабаронцам паведаміў прадстаўнік партыі ў рэгіёне Казімір Кавецкі.

Выбарцы Салігорскай сельскай акругі шляхам збору подпісаў накіравалі ў акруговую выбарчую камісію вядомага грамадскага актывіста Салігоршчыны Уладзіміра Шылу. Цяпер актывіст мае намер 9 ліпеня патрапіць на сумеснае паседжанне прызідыюма Мінскага абласнога Савета дэпутатаў і Мінаблвыканкаму, на якім будзе вызначацца склад агруговых выбарчых камісій.

Мясцовыя прадстаўнікі іншых дэмакратычных партыяў і арганізацый інфармацыю аб вылучэнні сваіх кандыдатураў у агруговыя камісіі Салігоршчыны не пацьвердзілі.

Аршаншчына

Суб’ектамі, што вылучылі сваіх прадстаўнікоў у акруговыя камісіі праз партыйныя пратаколы, на Аршаншчыне сталі партыя “Справядлівы свет”, Партыя БНФ, АГП. Шляхам збору подпісаў вылучыла свайго прадстаўніка грамадзянская кампанія “Гавары праўду”.

Па сцвярджэнні прадстаўнікоў апазіцыі, ніякіх істотных праблем падчас вылучэння не ўзнікала.

20 чэрвеня старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец прыняў распараджэнне № 202р “Аб парадку прыёма дакументаў па вылучэнні прадстаўнікоў у склад акруговых выбарчых камісій”. Гэтым распараджэннем былі ўстаноўленыя адказныя асобы за прыём дакументаў і іх рэгістрацыю, а таксама за аказанне кансультатыўна-метадычнай дапамогі суб’ектам, што валодаюць правам вылучэння прадстаўнікоў у склад акруговых камісій.

На думку палітычных суб’ектаў, гэта можна расцэньваць як пэўны прагрэс у выбарчай кампаніі, бо ніколі раней такіх пастановаў не прымалася.

Орша

Партыя левых "Справядлівы свет" трывала перахапіла пальму першынства сярод апазіцыйных партый па вылучэнні прадстаўнікоў у склад акруговых выбарчых камісій на Аршаншчыне.

Рашэннем Цэнтральнага камітэта ў камісію Лепельскай акругі № 23 прапанаваны Фёдар Кірэйкаў, у камісію Аршанскай гарадской акругі № 26 Васіль Кабачэўскі, у камісію Аршанскай Дняпроўскай акругі № 27 Уладзімір Баршчэўскі, і нарэшце ў камісію Сенненскай акругі № 30 Мікалай Петрушэнка.

У цэлым па Віцебскай вобласці налічваецца 14 акругаў. У 11 з іх "Справядлівы свет" накіраваў прапановы сваіх прадстаўнікоў у склад камісій.

 

Рагачоў

Прадстаўнікі дэмакратычных сіл Рагачова не сталі вылучаць сваіх прадстаўнікоў у акруговыя выбарчыя камісіі, якія будуць працаваць на парламентскіх выбарах-2012. Пра гэта распавёў доўгатэрміновы назіральнік Рагачоўскай выбарчай акругі Яўген Ястрэмскі.

–Па сутнасці, не было сэнсу гэтага рабіць, таму што кожны раз у гэтыя камісіі трапляюць адны і тыя ж людзі, – патлумачыў Яўген. – Гэта, можна сказаць, правераныя мясцовымі ўладамі прадстаўнікі розных дзяржаўных устаноў, прадпрыемстваў. Прадстаўнікоў дэмакратычных партый і арганізацыяў, традыцыйна, у акруговыя камісіі Гомельскі аблвыканкам не ўключыў бы. Ды і сам гэты працэс, наколькі мне вядома, праходзіў даволі незразумела і ўтойліва.

Назіральнік кажа, што ўжо ў панядзелак стане вядома, хто трапіў у спісы акруговай выбарчай камісіі. Яўген Ястрэмскі мяркуе, што ў іх будуць тыя ж самыя прозвішчы, што і на мінулых выбарах. 

Жлобін

У Жлобіне ў акруговую камісію вылучаны прадстаўнік “Справядлівага свету” Валянцін Яўзрэзаў. Рашэнне вылучыць спадара Яўрэзава было прынята на пленуме ЦК партыі.

– Падчас выбараў 2010 года мы спрабавалі вылучыць нашага прадстаўніка ў склад выбарчай камісіі, але Жлобінскі райвыканкам адмовіў нам у гэтым, – кажа кіраўнік жлобінскай районнай арганізацыі партыі “Справядлівы свет” Валер Рыбчанка. – Таму і зараз у нас няма ніякіх ілюзій на гэты конт.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма