Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Хто прайшоў у акруговыя камісіі? (дадаецца)

МАГІЛЁЎСКАЯ ВОБЛАСЦЬ

Страшыня Магілёўскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Зміцер Салаўёў паведаміў, што ў склад акруговых камісіяў не патрапіў ніводны з 9 вылучаных прадстаўнікоў партыі.

Прадстаўнікі ўладаў патлумачылі гэта пенсійным узростам некаторых кандыдатур, адсутнасцю досведа працы ў выбарчых камісіях і Зміцеру Салаўёву персанальна - "не займаецца грамадскай дзейнасцю".

Паседжанне праходзіла больш за гадзіну. Удзельнікі змаглі задаць пытанні прэзідыуму. Галасаванне праходзіла па спісе.

Трэба адзначыць, што ў склад 13 акруговых выбарчых камісій былі вылучаны 251 чалавек. Ад дэмакратычных сіл вылучаліся 32 чалавекі. Прайшло ў склад камісій з ліку дэмакратаў усяго тры чалавекі.

У выбарчыя акругі патрапілі 2 з 10 вылучаных прадстаўнікоў "Справядлівага свету" і 1 з 8 вылучаных прадстаўнікоў АГП. Ва ўдзеле адмовілі Партыі БНФ (9 вылучаных прадстаўнікоў), партыя "Зялёныя" (1 вылучаны прадстаўнік), Магілёўскаму правабарончаму цэнтру (2 вылучаныя прадстаўнікі). Больш за усё вылучана прастаўнікоў ад грамадзян (70), Федэрацыі прафсаюзаў (14), працоўных калектываў (26), БРСМ (12), "Белая Русь" (12), Камуністычная партыя Беларусі (9). Агулам было створана 13 выбарчых акругаў, па 13 сябраў увойдуць у кожную з іх.

Усяго ж, па звестках начальніка ўпраўлення арганізацыйна-кадравай працы магілёўскага гарвыканкама Аляксандра Сіваева, ад палітычных партый у склад камісій было вылучана 40 чалавек, ад грамадскіх арганізацый 88 чалавек, ад працоўных калектываў 26 чалавек і 97 чалавек было вылучана шляхам збору подпісаў. 

Бабруйск

Сябра бабруйскай суполкі партыі “Справядлівы свет” Святаслаў Дзядовіч прайшоў у акруговую выбарчую камісію. Ён будзе працаваць на Ленінскай акрузе № 78. Варта адзначыць, што гэты актывіст ўжо мае вопыт працы ў выбарчых камісіях. Таксама вядома, што ў склад камісій не прайшоў ні адзін з мясцовых сябраў АГП, іншыя прадстаўнікі дэмсілаў не пажадалі вылучацца, бо падтрымліваюць ідэю байкота. 

Мясцовыя афіцыйныя выданні на дадзены момант не далі інфармацыі па фармаванню акруговых камісій.

 

БРЭСЦКАЯ ВОБЛАСЦЬ

На паседжанне, якое працягвалася 30 хвілінаў, дапусцілі ўсіх жадаючых, якія папярэдне пакідалі заяўкі. Такім чынам, прысутнічалі прадстаўнікі СМІ (у тым ліку незалежных), палітычных партыяў, грамадскіх арганізацыяў і проста актыўныя грамадзяне.

Удзельнікі паседжання задалі шэсць пытанняў прэзідыуму, сярод якіх было пытанне аб пераглядзе забароненых для подспісаў раёнаў горада Брэста. Справа ў тым, што паводле рашэння мясцовых уладаў забаронена збіраць подпісы ў Ленінскім раёне горада - а гэта самы цэнтр горада. Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Канстанцін Сумар паабяцаў вынесці гэтае пытанне на дадатковае і абмеркаванне і перагледзіць дадзенае рашэнне, як гэта было зроблена і падчас прэіздэнцкай выбарчай кампаніі-2010.

Апроч таго, Сумар прапанаваў перагледзець падрыхтаваны спіс чальцоў выбарчых акругаў і дадаткова далучыць 6 прадстаўнікоў апазіцыі: 3 ад "Справядлівага свету", 2 ад АГП і 1 ад БНФ. Агулам у выбарчыя акругі патрапілі 8 з 13 вылучаных прадстаўнікоў "Справядлівага свету", 2 з 3 вылучаных прадстаўнікоў БСДП "Грамада", 3 з 7 вылучаных прадстаўнікоў АГП, 2 з 7 вылучаных прадстаўнікоў БНФ. Апроч таго, вылучана 10 прадстаўнікоў ад Камуністычнай партыі Беларусі, 10 - ад Рэспубліканскай  партыі працы і справядлівасці, 15 - ад РГА "Белая Русь", 15 - ад Федэрацыі прафсаюзаў, 13 - ад БРСМ. Агулам сфарміравана 16 акругаў, па 13 чальцоў у кожнай з іх.

У трох акруговых выбарчых камісіях, што створаны на тэрыторыі Брэсцкай вобласці падчас выбараў у Палату прадстаўнікоў, няма ніводнага прадстаўніка апазіцыйных палітычных партый.

Размова ідзе пра Баранавіцкую-Усходнюю акругу №6, дзе ў выбаркам уключаны па аднаму прадстаўніку лаяльных да цяперашняй улады Камуністычнай партыі Беларусі і Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці, а таксама пра Пінскую сельскую акругу №15 і Столінскую акругу №16: тут сярод уключаных партыйцаў - толькі прадстаўнікі КПБ (адпаведна Святлана Казлова і Уладзімір Вярэніч).

Цікавы расклад назіраецца ў Белавежскай акрузе №8, якая аб’ядноўвае адразу тры раёны -Камянецкі, Жабінкоўскі і Маларыцкі. Ад партыйных вылучэнцаў у акруговую камісію трапіў толькі сябра БНФ Петр Андрыевіч, затое сюды уключаны адразу восем чалавек, што вылучаны шляхам збору подпісаў грамадзян. Ёсць яшчэ адна акруга – Кобрынская №12, дзе ў выбаркаме прысутнічае адзіны прадстаўнік, якога прапаноўвала палітычная партыя (сябра АГП Сяргей Магонаў).       

 

Баранавічы

Толькі прадстаўнікі партыі левых “Справядлівы свет” Эдуард Карапетаў (Баранавіцкая-Заходняя выбарчая акруга № 5) і Марыя Ланкіна (Баранавіцкая сельская выбарчая акруга № 7) трапілі ў склад акруговых выбарчых камісій.

Не былі ўключаны ў склад акруговых выбарчых камісій ад партыі левых “Справядлівы свет” Віктар Цяпін (Баранавіцкая-Усходняя выбарчая акруга № 6) і прадстаўніца АГП Анжаліка Камбалава (Баранавіцкая сельская выбарчая акруга № 7).

Бяроза

З Бярозаўскага раёна, які ўпершыню за выбарчыя кампаніі падзелены на 2 акругі, не трапіў ні адзін прадстаўнік ад дэмакратычнай супольнасці ў акруговыя выбарчыя камісіі. Хаця было накіравана 6 вельмі вопытных чалавек: 2 ад Аб’яднанай грамадзянскай  партыі – Аляксандр Касевіч і Андрэй Міхнюк, ад Партыі БНФ – Зміцер Траццяк і тры чалавекі шляхам збору подпісаў: Сяржук Русецкі, Тамара Шчапёткіна і Анатоль Сахаруша.  Начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы Берасцейскага аблвыканкама Аляксандр Каляда лічыць, што гэтыя людзі не спрыялі б працы камісій. Па ягоных словаха, камісіі трэба каб працавалі, а не высвятлялі адносіны.

Па словах доўгатэрміновага назіральніка за выбарамі Уладзіміра Вялічкіна, да крытэру адбору прадстаўнікоў у акруговыя камісіі было падключана УУС Берасцейскага аблвыканкаму. Гэтую інфармацыю яму асабіста агучыў Аляксандр Каляда.

 

ВІЦЕБСКАЯ ВОБЛАСЦЬ

На сумесным паседжанні прэзідыума аблсавета і Віцебскага аблвыканкама, у адрозненні ад паседжанняў астатніх аблсаветаў, агучваліся прозвішчы вылучэнцаў у акруговыя камісіі, а не прымаліся загадзя падрыхтаваныя спісы.

Было сфармавана 14 акруговых камісій, па 13 сябраў у кожнай з іх. Было заяўлена 243 кандыдатуры на 162 вакантныя месцы, 61 чалавеку адмовілі. Па словах Паўла Левінава, ніхто з прэзідыуму не патлумачыў, па якім прынцыпе фармаваўся канчатковы спіс, чаму менавіта гэтаму 61 чалавеку адмовілі ва ўключэнні ў спіс. Хоць само галасаванне праходзіла не па спісах, а індывідуальна па кожнай кандыдатуры. У лік "61 недазволеных" увайшоў і сам Павал Левінаў, які вылучаўся ад групы грамадзянаў па Чкалаўскай акрузе №18. "Я не пачуў ад прэзідыума абмеркавання маёй кандыдатуры.Таму сёння ад грамадзянаў, якія мяне вылучалі, рыхтуецца скарга ў Віцебскі абласны суд".

Калі казаць пра прысутнасць прадстаўнікоў апазіцыйных партыяў, то ў склад акруговых камісій трапілі партыйцы БНФ і "Справядлівага свету". 

Прэтэндэнтаў ад гэтых партый уключылі ў 6 акруговых камісій, якіх усяго на Віцебшыне 14. Гэтаксама ў склад акруговых камісій былі ўключаныя прадстаўнікі КПБ (9 чалавек) і Партыі працы і справядлівасці (2 чалавекі). Ад васьмі грамадскіх аб'яднанняў у камісіі  трапілі пераважна вылучэнцы ад Федэрацыі прафсаюзаў і РГА "Белая Русь".

Ад Партыі БНФ у камісіі трапілі Святлана Магучая з Віцебску (выбарчая акруга №17) і Алена Сом з Полацку (выбарчая акруга №28).

Прадстаўнікі  Партыі левых "Справядлівы свет" уключаныя ў камісіі Віцебскай-Чыгуначнай выбарчай акругі (Андрэй Андрэеў),  Віцебскай-Кастрычніцкай выбарчай акругі №20 (Галіна Барэйка), Лепельскай выбарчай акругі №24 (Фёдар Кірэйкаў) і Аршанскай-Дняпроўскай выбарчай акругі №27 (Андрэй Баршчэўскі).    

 

 МІНСК

Усяго ў Мінску сфармавана 20 акруговых камісіяў, у іх склад уключана 260 чалавек. Ад апазіцыі - толькі 14 прадстаўнікоў. А менавіта: 7 чалавек (з 20 вылучаных) ад Беларускай партыі левых "Справядлівы свет", 4 чалавекі (з 12 вылучаных) ад БНФ, 1 (з 10 вылучаных) ад Аб'яднанай грамадзянскай партыі , 1 прадстаўнік ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) і 1 ад Беларускай партыі "Зялёныя".

Большасць складу акруговых камісій, як і на папярэдніх выбарах, прадстаўлена такімі партыямі і арганізацыямі, як Партыя камуністаў Беларусі, Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя, Беларуская рэспубліканская партыя працы і справядлівасці, РГА "Белая Русь", БРСМ, Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа, Федэрацыя прафсаюзаў і інш. Гэтым разам у выбарчых акругах не прадстаўленыя сябры ГА "Беларускі саюз жанчынаў", якія на папярэдніх выбарах актыўна вылучаліся. Сёлета яго прадстаўніцы чамусьці вылучаліся  ад грамадзянаў - шляхам збору подпісаў. У склад акруговых выбарчых камісій увайшлі тры ганаровыя грамадзяніна Мінска - знакаміты спартсмен Аляксандр Мядзведзь, спявак Анатоль Ярмоленка і былы старшыня Мінскага гарвыканкама Уладзімір Ярмошын. Усе яны вылучаліся ад грамадзянаў шляхам збору подпісаў.

Па інфармацыі назіральнікаў, на абмеркаванне вынеслі толькі аднаго чалавека - прадстаўніка рэспубліканскага камуністычнага Грамадскага аб'яднання “За дэмакратыю, сацыяльны прагрэс і справядлівасць” 1923 года нараджэння. Менавіта праз сталы ўзрост яму адмовілі ва ўдзеле ў працы камісіі. Абмеркавання астатніх кандыдатураў не было. Галасаванне адбывалася па спісах, а не персанальна. Паседжанне праходзіла 45 хвілінаў.

МІНСКАЯ ВОБЛАСЦЬ

У Мінскай вобласці ў акруговыя выбарчыя камісіі зацвердзілі толькі двух прадстаўнікоў БНФ. Усяго партыя заяўляла аб сямі кандыдатурах, але пяці сябрам ПБНФ на абласным паседжанні адмовілі.

Як паведаміў прадстаўнік партыі Павел Батуеў, галоўным крытэрам адбору былі “дзелавыя якасці прэтэндэнтаў і іх досвед працы ў камісіях”. Па яго словах, усе акруговыя камісіі па Мінскай вобласці былі створаныя ўсяго за 20 хвілінаў. Прычым чыноўнікі не выдалі назіральнікам спісы тых, хто пажадаў патрапіць у акруговыя камісіі.

Па словах прадстаўніцы БХК Наталлі Манькоўскай, у выбарчыя акругі прайшлі таксама прадстаўнікі партыяў “Справядлівы свет” і АГП. Але найбольш прадстаўнікоў – ад праўладнай Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

***

Мінскі абласны выканаўчы камітэт апублікаваў на сваім сайце персаналізаваны склад акруговых камісіяў рэгіёну. Адметнасцю сёлетняга дакумента з’яўляецца публічнае пазначэнне месца працы чальцоў камісій і шлях, якім яны вылучаліся ў яе склад. У астатнім жа ніякіх зменаў у лепшы бок не назіраецца.

Слуцк 

У акруговую выбарчую камісію Слуцкай выбарчай акругі № 67 быў самы высокі конкурс па вобласці. Як адзначыла Юлія Аскерка, першы намеснік начальніка ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы Мінаблвыканкама, на 13 месцаў у камісіі прэтэндавалі 22 чалавекі.

Сярод тых, каго не ўключылі ў склад камісіі, - па адным прадстаўніку ад БРСМ, БНФ і працоўнага калектыву, а таксама шасцёра - ад грамадзян шляхам падачы заявы. Па словах Юліі Аскерка, людзі, якія вылучаліся ад грамадзян шляхам падачы заявы, дапусцілі памылкі. У прыватнасці, у спісах людзей, якія іх вылучалі, былі жыхары іншых акругаў.

- Усіх ўключыць у склад камісіі мы не маглі. Мы раіліся з раёнамі. Верагодна, тыя, хто не ўвайшоў у акруговую камісію, будзе працаваць ва ўчастковай, - заявіла Юлія Аскерка.

З 13 чалавек, якія ўвайшлі ў склад камісіі, па адным чалавеку прадстаўляе працоўныя калектывы і прафсаюзы. Шасцёра былі вылучаны ад грамадзян шляхам падачы заяў. Пяцёра з'яўляюцца прадстаўнікамі раённых арганізацый палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў. Сярод іх - Камуністычная партыя Беларусі, Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане, Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа, Беларускае грамадскае аб'яднанне ветэранаў, Рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне «Белая Русь».

Сямёра членаў раней працавалі ў складзе Слуцкай акруговай выбарчай камісіі на прэзідэнцкіх выбарах. У іх ліку - Аляксандр Андрушкевіч, дырэктар Слуцкага філіяла дзяржаўнага прадпрыемства “Мінаблпаліва” (ад грамадзян шляхам падачы заявы), Аксана Васілевіч, старшыня Слуцкай раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі (ад Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі), Андрэй Кунцэвіч, дырэктар СУП “Аграсэрвіс-СБК” ААТ “Слуцкі цукроварафінадны камбінат” (ад Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Белая Русь»), Аляксандр Ліхтар, слесар МВУ «Слуцкмежрайгаз» (ад працоўнага калектыву службы эксплуатацыі МВУ «Слуцкмежрайгаз»), Зінаіда Міраненка, пенсіянерка (ад Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў), Генадзь Пац, начальнік Слуцкага раёна электрычных сетак філіяла «Слуцкія электрычныя сеткі» РУП «Мінскэнерга» (ад грамадзян шляхам падачы заявы), Юрый Скрыган, загадчык юрыдычнага сектара Слуцкага райвыканкама (ад грамадзян шляхам падачы заявы).

Упершыню ў склад камісіі ўключылі Пятра Даўгучыца. Пенсіянер, які раней працаваў намеснікам старшыні Слуцкага райвыканкама па ідэалогіі, быў вылучаны ў АВК ад Камуністычнай партыі Беларусі.

Таксама ў складзе камісіі будуць працаваць Ларыса Гілеўская, начальнік ЖЭУ-1 КУП «Слуцкае ЖКГ», Людміла Гындзіна, намеснік старшыні раённай камісіі па справах непаўналетніх Слуцкага райвыканкама, Вольга Жогла, намеснік дырэктара ДУ “Слуцкі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва”, Іван Русакевіч, дырэктар СШ № 5 г. Слуцка, і Іна Цяцерская, начальнік Слуцкага раённага вузла паштовай сувязі Мінскага філіяла РУП «Белпошта».

Салігорск

Прадстаўнікі салігорскіх дэмсілаў здолелі патрапіць на сумеснае паседжанне прызідыума Мінскага абласнога Савета дэпутатаў і Мінаблвыканкаму па фармаванні акруговых камісій.  

За працэсам назіралі вылучаны ў якасці прадсткаўніка ад партыі БНФ у склад Салігорскай гарадской выбарчай камісіі №68 Павел Батуеў, а таксама мясцовы грамадскі актывіст Уладзімір Шыла, вылучаны шляхам збору подпісаў у якасці прадстаўніка ад групы грамадзян у склад Салігорскай сельскай выбарчай камісіі №69. Вынікі назірання несуцяшальныя.

- Ніякага фармавання на паседжанні не было. Спісы былі падрыхтаваныя чыноўнікамі загаддзя, а зараз адбылося толькі іх фармальнае зацьверджанне. Склад усіх 17 акруговых камісій вобласці быў разгледжаны літаральна за 20 хвілін, - распавядае Павал Батуеў. - У асноўным гэта прадстаўнікі праўладных структураў кшталту “Белай Русі”, БРСМ, ветэранскай арганізацыі ды прадстаўнікі працоўных калектываў. Нейкім чынам былі ўключаны нават сябры “Чырвонага крыжа”.

Агульная колькасць сяброў акруговых выбарчых камісій па краіне перебольшвае лічбу ў 1000 чалавек. Прадстаўнікоў апазіцыйных партый сярод іх літаральна некалькі чалавек, сярод якіх партыйцы з АГП, БНФ ды “Справядлівага свету”. Зрэшты, персанальны склад камісій падчас іх зацверджання не агучваўся, таму нават прысутныя прадстаўнікі дэмсілаў не змаглі даведацца, ці патрапілі яны ў склад акруговых выбарчых камісій.

- Па-першае, агучвалася толькі інфармацыі аб тым, прадстаўнікі якіх структураў ці якім шляхам вылучаны ў камісію. Па-другое, усё гэта адбывалася ў такім тэмпе, што нешта пракантраляваць не ўяўлялася магчымым. Па-трэцяе, я нават ня змог даведацца ці патрапіў у склад камісіі, бо прозвішчы тых, хто вылучаўся шляхам збору подпісаў не агучваліся. Больш за тое, нават на мой запыт па маёй акрузе гэтую інфармацыю мне не далі, - кажа Уладзімір Шыла. - Персанальны склад камісій, сказалі чноўнікі, будзе апублікаваны 12 ліпеня, бо яшчэ “неабходна канчаткова ўсё праверыць”.

На пытанне прадстаўнікоў дэмсілаў аб крытэрах адбору сябраў акруговых камісій прадстаўнікі ўлады паведаміл, што найперш “глядзелі на практычны досвед працы ў выбарчых камісіях, а таксама на іх аўтарытэт у рэгіёне”. 

***

Аналіз складу камісіяў Салігорскай гарадской выбарчай акругі №68 і Салігорскай сельскай выбарчай акругі №69 дазваляе з сумамам канстатаваць - падлічваць галасы выбарцаў па пратаколах з участкаў будуць правераныя, адданыя ўладам кадры. З 26 сябраў па адбодвух камісіях кіраўнікоў мясцовых дзяржпрадпрыемстваў ды арганізацый альбо іх намеснікаў налічваецца больш за палову. Практычна ўсе яны вылучаліся ад працоўных калектваў або шляхам збору подпісаў.

Яшчэ дзевяць чалавек былі вылучаны праўладнымі структурамі кшталту “Белай Русі”, БРСМ, праўладнымі партыямі КПБ ды РПТС, а таксама “кішэннымі” прафсаюзамі. Варта адзначыць, што сярод гэтых асобаў найменш пяцёра з’яўляюцца прафесійнымі ідэолагамі.

На думку мясцовых праваабаронцаў, падобны падыход уладаў пры вызначэнні складу Салігорскіх акруговых выбарчых камісій у вялікай ступені змяншае магчымасці дэмакратычных сілаў па кантролі за выбарчым працэсам.  Як следства, паўстае першае сур’ёзнае пытанне аб верагоднаці прызнання вынікаў выбараў на дадзеных акругах як дэмакратычных і справядлівых.

 

ГРОДЗЕНСКАЯ ВОБЛАСЦЬ

Па інфармацыі старшыні Гродзенскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Вадзіма Саранчукова, паседжанне праходзіла прыкладна 27 хвілінаў. Праводзіў яго старшыня абласнога савета дэпутатаў Андрэй Наумовіч. Ён паведаміў, што 89% зацверджаных кандыдатураў маюць папярэдні досвед працы ў выбарчых камісіях. Па меркаванні Саранчукова, гэта адразу звужае магчымасці патрапіць у камісіі для прадстаўнікоў апазіцыйных партыяў і арганізацыяў.

Колькасны і прадстаўнічы склад АВК быў зацверджаны ўсяго за 10 хвілін.

Кандыдатуры на паседжанні не абмяркоўваліся. Былі агучаны толькі агульныя лічбы – у склад 13 акруговых камісій, якія ўтвораны на тэрыторыі вобласці, было прапанавана 243 чалавекі. З іх у склад камісій уключана 169 чалавек, то бок, у кожнай камісіі па 13 чалавек.

Прадстаўнік БХК Раман Юргель хацеў азнаёміцца з матэрыяламі вылучэння ў склад АВК, але яму такой мажлівасці не далі. Прадстаўнікі ж дэмакратычных партый, якія вылучалі сваіх сябраў у акруговыя камісіі не ведаюць, ці трапіў хто з іх вылучэнцаў у іх склад.

Галасаванне праходзіла за сфармаваны спіс, аднак прозвішчы, якія знаходзяцца ў гэтым спісе, чыноўнікі агучваць адмовіліся. На ўсе пытанні назіральнікаў і прадстаўнікоў партыяў, адказвалі: “Чытайце “Гродзенскую праўду”.

Пазней стала вядома, што ніводны з 9 вылучаных прадстаўнікоў ад Партыі БНФ не ўвайшоў у склад выбарчых акругаў вобласці.

Ад беларускай партыі левых “Справядлівы свет” у склад акруговых выбарчых камісій уключаны тры прадстаўнікі. Пра гэта паведаміў намеснік старшыні гарадзенскай абласной арганізацыі партыі Павел Станеўскі. Па Гродзенскай Цэнтральнай акрузе - Іосіф Нячай, па Лідскай – Павел Самадзелаў, па Наваградскай – Галіна Жарый. Уключаныя ў камісіі Нячай і Самадзелаў на ранейшых выбарах таксама траплялі ў склад камісій. Усяго “Справядлівы свет” вылучаў па вобласці 10 сваіх прадстаўнікоў.

 

ГОМЕЛЬСКАЯ ВОБЛАСЦЬ

На сумесным паседжанні прэзідыуму Гомельскага аблвыканкаму і савету дэпутатаў, якое адбылося 9 ліпеня, былі сфармаваны 17 акруговых выбарчых камісій, у якія ўвайшоў 221 чалавек – па 13 у кожнай камісіі. «Паседжанне доўжылася роўна 13 хвілін. Начальнік упраўлення арганізацыйна-кадравай працы Дзмітрый Ражкоў паведаміў, што была створана рабочая група, якая і займалася падрыхтоўкай да фармавання камісій, ён ўнёс прапанову – галасаваць па кожнай акруговай камісіі, ці агулам, за ўвесь спіс. Прагаласавалі за ўвесь спіс, і паседжанне скончылася», - адзначыў праваабаронца Анатоль Паплаўны, які прысутнічаў на паседжанні.

Прэтэндавала на ўключэнне ў камісіі 434 чалавекі, уключылі 221, то бок «конкурс» быў амаль два чалавекі на месца. Ад палітычных партый у камісіі ўвайшлі 20 чалавек (прыкладна 10%), прычым праўладныя камуністы (КПБ) занялі ў камісіях 10 месцаў, 6 месцаў атрымалі сябры Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці, 1 месца – сябра Сацыяльна-дэмакратычнай партыі народнай згоды. Ад партыі левых «Справядлівы свет» у акруговыя камісіі ўключылі дваіх чалавек, і аднаго – ад партыі БНФ.

Варта заўважыць, што ад АГП не ўключылі ні аднаго сябра, хоць прэтэндавалі на працу ў складзе камісій восем чалавек. «Справядлівы свет» прапаноўваў на працу ў складзе акруговых камісій 17 чалавек – па аднаму ў кожную акругу, але трапілі толькі два. Ад партыі БНФ прэтэндавалі на ўключэнне ў камісіі чатыры чалавекі.

Таксама ў акруговыя камісіі трапілі 99 прадстаўнікоў грамадскіх аб'яднанняў, такіх, як «БРСМ», «Белая Русь», ветэранскія, прафсаюзныя арганізацыі, «Чырвоны Крыж».

Ужо сёння і заўтра, 10 ліпеня, акруговыя камісіі збяруцца на першыя паседжанні, дзе будуць абраныя старшыні камісій.

Рагачоў

У склад Рагачоўскай акруговай камісіі трапілі шэсць сябраў са складу камісіі, якая працавала падчас мінулых прэзідэнцкіх выбараў. У іх ліку - былая старшыня камісіі Святлана Сямкова (была вылучана ад грамадзян шляхам падачы заявы), былы намеснік старшыні камісіі Васіль Баранаў (вылучаны ад Беларускага прафесійнага саюза работнікаў нафтавай і газавай прамысловасці) , Уладзімір Кручкоў (вылучаўся ад працоўнага калектыву цэнтральнай аптэкі №17), Міхаіл Чэванькоў (Беларускі прафсаюз работнікаў аграпрамысловага комплексу) , Ірына Шаціла (Беларускі прафесійны саюз работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў)  і Жанна Шабашава (вылучалася ад “Белай Русі”). Сярод астатніх сямі сябраў – настаўнікі, прадстаўнікі сферы гандлю і інш.

Сярод сябраў, трапіўшых у камісію Рагачоўскай акругі, няма ніводнага прадстаўніка дэмакратэчных партый.

– У прынцыпе, мы і не збіраліся кагосьці вылучаць у склад акруговых камісій, – кажа доўгатэрміновы назіральнік па Рагачоўскай выбарчай акрузе Яўген Ястрэмскі. – Ну а спіс, як бачым, традыцыйны – шэсць з трынаццаці прозвішчаў перайшлі сюды з мінулых выбараў. Гэта добра правераныя мясцовымі ўладамі людзі.

Тым не менш, назіральнік плануе зарэгістравацца і па магчымасці трапіць на першае паседжанне камісіі, якое пройдзе на гэтым тыдні. 

Жлобін

Паводле афіцыйнай інфармацыі на сайце Гомельскага аблвыканкама, у склад Жлобінскай акругі трапіў толькі адзін прадстаўнік праўладнай Камуністычнай партыі Беларусі - Уладзімір Шапавалаў.

Сярод сябраў акруговай камісіі – прадстаўнікі “Белай Русі”, БРСМ, райвыканкама, настаўнікі і дырэктар мясцовага краязанўчага музея. Цікава, што галоўны ідыёлаг раёна Валянціна Няхай была вылучана ад ГА “Беларускі фонд міру”, а кіраўнік па справах райвыканкама Вольга Ярашава – ад грамадзян шляхам падачы заявы.

Напомнім, ад дэмакратычных сіл у акруговую камісію спрабаваў трапіць прадстаўнік “Справядлівага свету” Валянцін Яўзрэзаў. Раней Яўзрэзава не ўключалі ў склад выбарчай камісіі на выбарах 2010 году. Партыя спрабавала аспрэчыць гэтае рашэнне праз суд.

– Вынікі для нас не сталі нечаканымі, – кажа кіраўнік раённай партыі левых “Справядлівы свет” Валеры Рыбчанка. – Мы, канешне, параімся на гэты конт, але хутчэй за ўсё не будзем абскарджваць гэтае рашэнне праз суд. Будзе нейкая заява ад партыі, мы яе агучым крыху пазней. Што ж датычыцца спіса, то тут амаль усе тыя самыя прозвішчы, што былі і раней у складзе мінулых камісій.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма