Чаму прадстаўнікі АГП не трапілі ў акруговыя камісіі Віцебшчыны?
Партыйная арганізацыя вылучыла 8 прадстаўнікоў – прэтэндэнтаў у акруговыя выбарчыя камісіі Віцебскай вобласці. Дакументы ў Віцебскі аблвыканкам былі дасланыя поштай 5 ліпеня. Аднак іх не зарэгістравалі.
Сітуацыю патлумачыў кіраўнік абласной структуры АГП Генадзь Ананьеў:
"Адпраўляючы дакументы заказнымі лістамі, мы патэлефанавалі ў аблвыканкам. У адказ на наша пытанне, ці не познімся мы з тэрмінамі – вылучэнне завяршалася 6-га ліпеня, нас пераконвалі, што ўсё будзе добра. Маўляў, у аблвыканкаме ёсць дзяжурны, ен атрымае лісты ў пятніцу, 6 ліпеня, нават па сканчэнні працоўнага дня. Але сёння, калі мы пачалі дазнавацца пра лес нашых вылучэнцаў, нам заявілі іншае: дзяжурных на выходныя ў нас не застаецца, таму дакументы былі атрыманыя зранку 9 ліпеня. Наш аргумент пра тое, што мы не спазніліся – выслалі ж яшчэ 5-га, быў аспрэчаны: сказалі, што паштовы штэмпель на квітанцыі пра адпраўку – гэта не доказ, і што "правільным часам" лічыцца час атрымання".
Віцебскія сябры АГП спрабуюць аспрэчыць пазіцыю аблвыканкаму, які не зарэгістраваў дакументы вылучэнцаў.
Між тым, на сайце аблвыканкаму ўсе выходныя "правісеў" спіс вылучаных прэтэндэнтаў з пазнакай "на 12 гадзін дня", нібыта пасля гэтага часу дакументаў ад ахвотных трапіць у камісіі ўжо не чакалася.
Сябраў АГП, вядома, не было ні ў гэтым спісе, ні ў тым, што з'явіўся на сайце зранку 9 ліпеня з пазнакай "канчатковая інфармацыя".
Уладзімір Юржыц, аршанскі сябар АГП, адкаментаваў інцыдэнт наступным чынам:
"Вядома, улады скарыстаюцца любой магчымасцю, каб дапусціць у камісіі паменей прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў".
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"
Каментароў пакуль няма