Дзе будуць забароненыя пікеты па зборы подпісаў: рэгіянальны зрэз (дадаецца)
ВІЦЕБШЧЫНА
У рэгіёнах
вобласці вызначылі месцы, забароненыя для арганізацыі пікетаў дзеля збору
подпісаў за вылучэнне кандыдатаў.Пра гэта інфармуюць афіцыйныя сайты мясцовай
выканаўчай улады. Але – апрача Полацкага і Наваполацкага гарвыканкамаў, якія на
сваіх сайтах нічога не паведамляюць пра абмежаваньні ў арганізацыі пікетаў.
Інфармацыя пра месцы, забароненыя для арганізацыі пікетаў дзеля збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў, з'явілася нават на сайце Гарадоцкага райвыканкаму. Хаця да мінулага тыдня на гэтым сайце не было нават рубрыкі прысьвечанай парламенцкай выбарчай кампаніі.
У Гарадоцкім раёне забароны традыцыйныя: пікеты нельга ладзіць на аб'ектах транспарту, на алегласці, меншай за 50 метраў, ад адміністрацыйных будынкаў выканкамаў, суду і пракуратуры, міліцыі, МНС, навучальных і дашкольных установаў, установаў аховы здароўя і на тэрыторыі вайсковай часткі 94017. Праўда, на Гарадоччыне папярэджваюць, што яшчэ забаронена пікетаваць у такім нетрадыцыйным для гэтае мэты месцы, як тэрыторыі вайсковых пахаванняў…
Што да іншых забаронаў раённых уладаў, то ў Шаркоўшчыне і ў Паставах нельга пікетаваць на плошчы Леніна. Гэтаксама ў Паставах ды Ушачах забаронена ладзіць збор подпісаў на кірамашах.
Лепельскі райвыканкам выказаўся няпэўна і непісьменна: вырашыў забараніць збор подпісаў "у месцах, якія перашкаджаюць руху транспарту і людскіх плыняў".
Верхнядзвінскі райвыканкаў забараніў збіраць подпісы на адлегласці, меншай за 50 метраў, ад аддзелу памежнай службы, пагранзаставаў "Бігосава" і "Савейкі", а таксама паблізу мясцовага аддзелу КДБ.
Бешанковіцкі райвыканкам распісаў усе забароны падрабязней за ўсіх: тут і "прадпрыемствы гандлю і грамадскага харчавання", і структуры ЖКГ, у тым ліку прадпрыемствы электрасетак і кацельняў. Да раённай бальніцы ў Бешанковічах пікетоўцам забаронена набліжацца на адлегласць 100 метраў, а да рэдакцыі газеты "Зара" і мясцовага радыёвузлу мусіць быць не менш як 200 метраў. Таксама забаронены збор подпісаў у парку Камсамольцаў.
Самым нешматслоўным аказаўся міёрскі райвыканкам. Не кажучы нічога канкрэтнага, тут вырашылі "вызначыць на тэрыторыі раёна месцы, забароненыя для пікетавання а) на аб'ектах чыгуначнага трансарту; б) на тэрыторыі арганізацый аховы здароўя.
Віцебскі гарвыканкам вызначыў і паведаміў пра забарону арганізоўваць пікеты ў самых цэнтральны і шматлюдных месцах абласнога цэнтру. Гэта плошчы Перамогі, Леніна, Свабода, 1000-годдзя Віцебску, у парках Пераможцаў і імя Шмырова, а таксама бліжэй як 150 метраў ад адміністрацыйных будынкаў органаў улады, суду, пракуратуры і арганізацый, якія забяспечваюць жыццядзейнасць насельніцтва і бяспеку дзяржавы. Гэтаксама ў Віцебску нельга збіраць подпісы на аб'ектах аховы здароўя, у падземных пераходах, на месцы правядзення кірмашоў, спартовых і культурніцкіх мерапрыемстваў, у тым ліку на “Славянскім базары”.
МІНШЧЫНА
Мінск
Мінгарвыканкам апублікаваў спіс месцаў, забароненых для пікетаў па зборы подпісаў.
На сайце Мінскага
гарвыканкама апублікаваны спіс месцаў у сталіцы, забароненых для правядзення
пікетаў з мэтай збору подпісаў выбаршчыкаў па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты
Палаты прадстаўнікоў.
У
параўнанні з прэзідэнцкай кампаніяй 2010 года, месцаў для збору подпісаў у
сталіцы стала менш.
Так,
у спісе забароненых месцаў:
-
тэрыторыі галоўных гарадскіх плошчаў: Кастрычніцкай, Прывакзальнай, плошчы Незалежнасці
і плошчы Перамогі;
-аб'екты
метрапалітэна (за выключэннем падземных пешаходных пераходаў), чыгуначнага і
паветранага транспарту;
-
на адлегласці менш за 200 метраў ад будынкаў рэзідэнцыі прэзідэнта РБ, Нацыянальнага
сходу і Савета Міністраў;
-
на адлегласці менш за 50 метраў ад будынкаў рэспубліканскіх органаў
дзяржкіравання, мясцовых прадстаўнічых, выканаўчых і распарадчых органаў,
дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў, судоў, органаў
пракуратуры, тэрыторый арганізацый, якія забяспечваюць абароназдольнасць,
бяспеку дзяржавы і жыццядзейнасць насельніцтва (грамадскі транспарт,
прадпрыемствы вода-, цепла-і
энергазабеспячэння, установы дашкольнай адукацыі, установы агульнай сярэдняй
адукацыі, арганізацыі аховы здароўя);
-
на адлегласці менш за 300 метраў ад тэрыторый ядзерных установак, аб'ектаў,
прызначаных для вытворчасці або захоўвання радыеактыўных рэчываў і матэрыялаў,
у тым ліку захоўвання ядзерных матэрыялаў, адпрацаваўшых ядзерных матэрыялаў i
эксплуатацыйных радыеактыўных адходаў, і ў санітарна-ахоўных зонах гэтых
аб'ектаў;
-
на адлегласці менш за 200 метраў ад будынкаў рэдакцый тэлевізійных і
радыёвяшчальных сродкаў масавай інфармацыі, а таксама радыётэлевізійных
перадаючых станцый і радыёперадаючых станцый.
Пікетаванне
можна праводзіць у Мінску з 8 да 22 гадзін.
Рашэнне
дзейнічае з 15 ліпеня па 13 жніўня і павінна быць апублікавана ў газетах
«Вячэрні Мінск» і «Мінскі кур'ер».
Смалявічы
Рашэннем Смалявіцкага райвыканкама забарона на правядзенне на тэрыторыі раёна пікетаў па зборы подпісаў выбаршчыкаў па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты ПП НС пятага склікання распаўсюджваецца не толькі на аб'екты чыгуначнага транспарту, але і водаахоўных зон.
Абмежаванне ў 50 метраў дзейнічае ў дачыненні да будынкаў органаў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, суда і органаў пракуратуры, тэрыторый арганізацый, якія забяспечваюць абароназдольнасць, бяспеку дзяржавы і жыццядзейнасць насельніцтва (грамадскі транспарт, прадпрыемствы вода-, цепла-і энергазабеспячэння, бальніцы, паліклініка, дзіцячыя дашкольныя ўстановы, школы, ліцэй).
Іншыя абмежаванні і забароны на тэрыторыі раёна не прадугледжаныя.
Барысаў
Рашэнне Барысаўскага раённага выканкама аб забароне месцаў для правядзення
пікетаў па зборы подпісаў за кандыдатаў у дэпутаты ПП НС аказалася нечакана
лаяльным.
Так, пад забарону не патрапілі прахадныя прамысловых прадпрыемстваў. Нельга
ладзіць пікеты на аб'ектах чыгуначнага транспарту і на адлегласці менш за 50
метраў ад будынкаў прадстаўнічых, выканаўчых і распарадчых органаў, судоў,
пракуратуры, тэрыторый прадпрыемстваў, якія забяспечваюць абароназдольнасць,
бяспеку дзяржавы і жыццядзейнасць насельніцтва (грамадскі транспарт,
прадпрыемствы вода-, цепла-і энергазабеспячэння, установы дашкольнай адукацыі і
агульнай сярэдняй адукацыі, аховы здароўя).
Затое пікетоўцам нельга будзе займацца зборам подпісаў на адлегласці менш за
200 метраў ад будынкаў, у якіх размяшчаюцца рэдакцыі тэлевізійных і
радыёвяшчальных сродкаў масавай інфармацыі, а таксама радыётэлевізійныя станцыі.
Жодзіна
Рашэннем Жодзінскага гарвыканкама вызначаны месцы, у якіх забаронена
правядзенне пікетавання з мэтай збору подпісаў выбаршчыкаў па вылучэнні
кандыдатаў у дэпутаты ПП НС, а таксама дзейнічаюць абмежаванні па адлегласці
ўстаноўкі пікетаў.
Забароненымі месцамі з'яўляюцца чыгуначны вакзал і прыпыначны пункт
«Жодзіна-Паўднёвае». Нельга набліжацца пікетоўцам на адлегласць менш за 50
метраў да будынкаў Жодзінскага гарвыканкама, суда і пракуратуры, ГАУС,
Жодзінскай ЦЭЦ, аўтастанцыі «Жодзіна», а таксама аўтобусным прыпынкам.
Нельга ўсталёўваць пікеты па зборы подпісаў за кандыдатаў на адлегласці менш за
сто метраў ад прахадных буйных прамысловых прадпрыемстваў горада, да якіх адносяцца
ААТ "БелАЗ", ААТ «Свiтанак» і ААТ «Кавальскі завод цяжкіх штамповак».
Акрамя таго, пад гэта абмежаванне падпалі ўстановы аховы здароўя і адукацыі.
Салігорскі раён
13 ліпеня 2012 году на сайце Салігорскага райвыканкаму змешчана рашэнне “Аб вызначэнні месцаў, забароненых для правядзення пікетавання з мэтай збору подпісаў выбаршчыкаў”, прынятае яшчэ 10 ліпеня 2012 году.
Гэтым рашэннем выканаўчы камітэт забараняе правядзенне пікетаванні з мэтай збору подпісаў выбаршчыкаў па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь V склікання на аўтавакзалах гарадскога пасёлка Чырвоная Слабада і горада Салігорска, на чыгуначным вакзале Салігорска, а таксама на адлегласці менш за 50 метраў ад будынкаў мясцовых прадстаўнічых, выканаўчых і распарадчых органаў, суда, пракуратуры, тэрыторый арганізацый, якія забяспечваюць абараназдольнасць і бяспеку дзяржавы.
Асобным пунктам рашэння газеце “Шахцёр” прадпісваецца апублiкаваць гэтую інфармацыю. Аднак у свежым нумары афіцыйнага выдання ад 12 ліпеня спіс месцаў забароненых для пікетавання так і не з’явіўся, хоць зацверджаны ён быў за два дні да выхаду штотыднёвіка.
Слуцк
Слуцкі райвыканкам рашэннем ад 6 ліпеня 2012 вызначыў на тэрыторыі раёна месцы, забароненыя для правядзення пікетавання з мэтай збору подпісаў выбаршчыкаў па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты.
У спіс трапілі:
- чыгуначны вакзал;
- месцы на адлегласці менш за 50 метраў ад будынкаў раённага і сельскіх выканаўчых камітэтаў, суда, пракуратуры, тэрыторый арганізацый, якія забяспечваюць абароназдольнасць, бяспеку дзяржавы і жыццядзейнасць насельніцтва раёна (аўтавакзал, аўтобусныя прыпынкі, установы агульнай сярэдняй і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, дзіцячыя дашкольныя ўстановы, прадпрыемствы вода-, цепла-і энергазабеспячэння);
- месцы на адлегласці менш за 100 метраў ад будынкаў ўстановы аховы здароўя «Слуцкая цэнтральная раённая бальніца», сельскіх участковых бальніц, урачэбных амбулаторый, фельчарска-акушэрскіх пунктаў, аптэк, ДУ «Слуцкі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі»;
Рашэнне выканкама размясціў сайт раённай газеты “Слуцкі край”.
МАГІЛЁЎШЧЫНА
Магілёў
Паводле рашэння Магілёўскага гарвыканкаму збіраць подпісы за вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь забаронена на галоўных плошчах горада – Леніна і Савецкай.
Акрамя таго, пад забарону патрапілі аб’екты чыгуначнага транспарта і падземныя пешаходныя пераходы. Пікеты можна выстаўляць не бліжэй за 200 метраў да “падземак”.
Пікеты не дазваляецца праводзіць на адлегласці меней 50 метраў ад будынкаў мясцовых прадстаўнічых, выканаўчых і распарадчых органаў, судоў, пракуратуры, тэрыторый арганізацый, якія забяспечваюць абароназдольнасць, бяспеку дзяржавы і жыццядзейнасць насельніцтва.
Нельга выстаўляць пікеты бліжэй чым за 100 метраў да будынкаў арганізацый аховы здароўя і за 200 метраў ад будынкаў арганізацый, на якія ўскладзены функцыі рэдакцый тэлевізійных і радыёапавяшчальных сродкаў масавай інфармацыі.
Праваабаронца Барыс Бухель кажа, што месцы для пікетавання нармальныя, галоўнае каб былі жадаючыя ўдзельнічаць у гэтых пікетах і правапрымяняльная практыка з боку праваахоўных органаў адпавядала заканадаўству.
Круглянскі раён
Круглянскі райвыканкам забараніў пікетаванне з мэтай збору подпісаў у падтрымку кандыдатаў практычна ва ўсіх людных месцах.
12 ліпеня на сайце Круглянскага райвыканкама з’явілася рашэнне ад 10 ліпеня 2012 № 7-23 “Аб вызначэнні месцаў, забароненых для правядзення пікетавання”.
Паводле гэтага рашэння збіраць подпісы выбаршчыкаў забараняецца:
- У адміністрацыйных будынках і на адлегласці меней за 50 метраў ад будынкаў: Круглянскага раённага выканаўчага камітэта; сельскіх выканаўчых камітэтаў Круглянскага раёна; суда і пракуратуры Круглянскага раёна; аддзела ўнутраных спраў Круглянскага раённага выканаўчага камітэта; выпраўленчай установы адкрытага тыпу №46 г.п.Круглае; Круглянскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях; Круглянскага раённага ваеннага камісарыята; Круглянскага раённага вузла электрычнай сувязі Магілёўскага філіяла РУП"Белтэлекам"; Круглянскага раённага вузла паштовай сувязі Магілёўскага філіяла РУП "Белпошта";
- На адлегласці меней за 50 метраў ад тэрыторыі: Круглянскага філіяла Аўтапарк №24 ААТ “Магілёўаблаўтатранс”; Круглянскага УКП “Жылкамгас”; РУП “Магілёўэнерга” філіяла Магілёўскіх электрычных сетак Круглянскага раёна электрычных сетак; медычных амбулаторый, фельчарска-акушэрскіх пунктаў, паліклінікі і бальніцы, якія ўваходзяць у структуру ўстановы аховы здароўя "Круглянская цэнтральная раённая бальніца; дзіцячых дашкольных і агульнаадукацыйных устаноў Круглянскага раёна; устаноў культуры;
- На адлегласці меней за 50 метраў ад прахадных арганізацый Круглянскага раёна.
Кантроль за выкананнем гэтага рашэння ўскладзены на намесніка старшыні райвыканкама Тамару Аксёнаву.
Як падкрэсліла жыхарка г.п. Круглае Зінаіда Мілешчанка, якая з’яўляецца патэнцыйнай кандыдаткай ад партыі “Справядлівы свет” па Шклоўскай выбарчай акрузе № 90, райвыканкам забараніў збор подпісаў практычна ва ўсіх людных месцах: “Фактычна ў раёне подпісы за вылучэнне кандыдатаў, згодна рашэння, можна збіраць толькі там, дзе няма людзей, якія гэтыя подпісы павінны ставіць. Навошта ўладам прымаць такое дзіўнае рашэнне, калі яны збіраюцца праводзіць чэсныя і справядлівыя выбары, мне абсалютна незразумела”.
Глускі раён
Глускі райвыканкам вынес рашэнне, паводле якога нельга будзе збіраць подпісы ў падтрымку кандыдатаў на адлегласці менш за 50 метраў ад наступных будынкаў: Глускага райвыканкама, раённага суда, пракуратуры, аддзела ўнутраных спраў, мясцовага аддзела Дэпартамента аховы МУС , дзіцячых дашкольных і агульнаадукацыйных устаноў, устаноў аховы здароўя.
Таксама нельга будзе набліжацца на тую ж адлегласць да прахадных прадпрыемстваў і арганізацый Глускага раёна.
Кантраляваць дзеянні зборшчыкаў подпісаў будуць намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Анцюшэня і начальнік аддзела унутраных спраў Аляксандр Белабароды.
Бабруйск
10 ліпеня Бабруйскі гарвыканкам вызначыўся з месцамі, якія будуць забароненыя для правядзення пікетавання з мэтай збору подпісаў.
Цалкам нельга будзе разгарнуць пікет на дзвюх цэнтральных плошчах горада - імя Леніна і Перамогі.
Таксама нельга будзе збіраць подпісы у месцах на адлегласці менш за 200 метраў ад будынкаў, у якіх знаходзяцца рэдакцыі СМІ (то бок, пад забарону аўтаматычна трапляе і зручная пляцоўка ля тэатра, якая знаходзіцца побач з рэдакцыяй газеты гарвыканкама “Бабруйскае жыццё”), радыё і тэлестанцыі.
Адлегласць у 50 метраў вызначаная для вакзалаў, станцый, прыпыначных пунктаў. Сюды ж падпадаюць будынкі прадстаўнічых, выканаўчых і распарадчых органаў, судоў, пракуратуры, МНС, міліцыі, войска, аўтапаркаў, прадпрыемстваў вода-цепла-энергазабеспячэння, дзіцячых садкоў, установаў агульнай сярэдняй адукацыі.
Бліжэй чым на 100 метраў нельга будзе ладзіць пікеты ля будынкаў арганізацый аховы здароўя.
Бялыніцкі раён
Бялыніцкая раённая газета “Зара над Друццю” у № 52 ад 11 ліпеня 2012 года апублікавала спіс месцаў, дзе, згодна рашэння райвыканкама № 14-5, арганізацыя пікетавання і збор подпісаў забараняецца. Адпаведнае рашэнне Бялыніцкага райвыканкама з’явілась таксама і на яго інтэрнэт-сайце.
На Бялыніччыне арганізацыю пікетавання і збор подпісаў за асобаў, прапаноўваемых у якасці кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў забаранілі:
- На адлегласці менш за 50 метраў ад будынкаў і унутры памяшканняў мясцовых
выканаўчых і распарадчых органаў улады, суда, пракуратуры, ваеннага
камісарыята, органаў унутраных спраў, органаў і падраздзяленняў МНС, тэрыторый
арганізацый, якія забяспечваюць жыццядзейнасць насельніцтва (грамадскі
транспарт, установы аховы здароўя і адукацыі, прадпрыемствы вада-, цепла- і
энергазабеспячэння), раённага Цэнтра культуры.
- Унутры памяшканняў аб’ектаў гандлю і бытавога абслугоўвання насельніцтва,
устаноў культуры, “Бялыніцкага цэнтра фізкультурна-аздараўленчай работы.
Па сутнасці, за аснову ўзята папярэдняе рашэнне Бялыніцкага райвыканкама, якое вызначала месцы, забароненыя для правядзення пікетавання пры зборы подпісаў за прэтэндэнтаў у кандыдаты ў прэзідэнты падчас прэзідэнцкіх выбараў 2010 года.
Кіраўск
Хто ўвайшоў у склад акруговай камісіі, “адказнай” за горад Кіраўск, пакуль невядома. Горад уваходзіць у Асіповіцкую выбарчую акругу № 89, і сайты абодвух райвыканкамаў на гэтую тэму пакуль маўчаць.
Затое ў Кіраўску яшчэ 4 ліпеня вызначыліся з месцамі, якія будуць забароненыя ў горадзе для пікетавання з мэтай збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты. Па традыцыі, гэта самыя шматлюдныя кропкі.
Такім чынам, збіраць подпісы нельга будзе на плошчы імя Кірава, на адлегласці менш за 50 метраў ад будынкаў райвыканкама, сельскіх выканкамаў, суда і пракуратуры Кіраўскага раёна, аддзела унутраных спраў, аддзела па НС, Дэпартамента аховы МУС, ваеннага камісарыята. Нельга будзе стаяць у пікетах менш за 100 метраў ля аўтастанцыі, аўтапарка, установаў адукацыі, медыцынскіх установаў.
Кантраляваць пікетоўшчыкаў прызначаны намеснік старшыні райвыканкама Вольга Гаршкова і начальнік аддзела ўнутарных спраў Аляксандр Шункевіч.
Па ўсім відаць, праблема забаронаў першачарговая і для Асіповіцкага райвыканкама. Падобнае рашэнне чыноўнікаў з пералікам забароненых для пікетавання месцаў нібыта з’явілася і на яго сайце, - але тут ёсць толькі назва, сам дакумент не адкрываецца.
ГОМЕЛЬШЧЫНА
Гомель
Гомельскі гарвыканкам выдаў рашэнне №736 ад 6 ліпеня аб вызначэнні месцаў, забароненых для правядзення пікетаў па збору подпісаў выбарцаў па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.
Уладамі вырашана «вызначыць для правядзення пікетаў любыя прыгодныя для гэтага месцы, за выключэннем тэрыторый, размешчаных на адлегласці менш за 50 метраў ад будынкаў выканкамаў, тэлерадыёцэнтраў, судоў, пракуратуры, прыпынкаў грамадскага транспарту, прадпрыемстваў вада-, цеплазабеспячэння, дзіцячых садкоў і школ». Таксама ў Гомелі можна праводзіць пікеты па збору подпісаў на адлегласці больш за 100 метраў ад будынкаў арганізацый аховы здароўя, а таксама - «месцаў, дзе функцыянаванне пікетаў будзе ствараць перашкоды дзейнасці арганізацый ці ўяўляць небяспеку для жыцця і здароўя удзельнікаў пікетаў». Вось у дадзеным пункце рашэння гарадскія ўлады пакінулі месца для манеўраў, бо калі будзе задача перашкодзіць пікетаванню, то, спасылаючыся на дадзены пункт і якія-небудзь скаргі грамадзян ці арганізацый, якім перашкаджае пікет, міліцыі можна будзе разагнаць масавае мерапрыемства ці забраць яго ўдзельнікаў у аддзел.
Мазыр
У рашэнні Мазырскага райвыканкама пра месцы для пікетаў ёсць пункт, які дазваляе чыноўнікам адвольна трактаваць – дзе можна дазволіць пікетаванне, а дзе забараніць. Так мяркуе мазырскі праваабаронца Уладзімір Целяпун.
Мазырскі райвыканкам прыняў рашэнне “Аб вызначэнні ў Мазырскім раёне месцаў, якія забаронены для правядзення пікетавання з мэтай збору подпісаў выбаршчыкаў па вылучэнню кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 5-га склікання”.
Сярод іншага, у рашэнні ёсць і такое абмежаванне: пікеты забараняецца ставіць у месцах, дзе іх функцыянаванне будзе “перашкаджаць дзейнасці арганізацый альбо ўяўляць небяспеку для жыцця і здароўя ўдзельнікаў пікетаў”.
“Канкрэтна гэтыя месцы не называюцца. Таму любы пікет у любым месцы можна забараніць з гэтае прычыны”, – лічыць Уладзімір Целяпун, прадстаўнік грамадскай кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” ў Мазырскім раёне.
Незразумела таксама, хто і якім чынам будзе вырашаць – перашкаджае пікет “дзейнасці арганізацыі”, ці не.
У астатнім рашэнне райвыканкама пералічвае “стандартны” набор месцаў, дзе пікеты не дазволены. Іх нельга праводзіць бліжэй 50 метраў ад будынкаў выканкамаў, суда, пракуратуры і СМІ. Такая самая адлегласць вызначана ад прыпынкаў грамадскага транспарту і тэрыторый арганізацый, “якія забяспечваюць абароназдольнасць, бяспеку дзяржавы і жыццядзейнасць насельніцтва” – менавіта ад тырыторый, а не будынкаў. А для арганізацый аховы здароўя выканкам вырашыў адлічваць адлегласць ад будынкаў – не бліжэй 100 метраў.
Рагачоў і Жлобін
Рагачоўскі і Жлобінскі раённыя выканаўчыя камітэты апублікавалі на сайтах районных выданняў рашэнні аб вызначэнні месцаў, дзе будуць забароненыя пікеты з мэтай збору подпісаў выбаршчыкаў па вылучэнню кандыдатаў у дэпутаты на парламенцкіх выбарах.
Напрыклад, у Рагачове збіраць подпісы можна будзе ў любых месцах у раёне, акрамя тэрыторый, якія знаходзяцца менш як за 50 метраў ад будынкаў мясцовых прадстаўнічых, выканаўчых і распарадчых органаў – будынкаў упраўленняў і аддзелаў Рагачоўскага раённага выканаўчага камітэта, сельскіх выканаўчых камітэтаў; суда, пракуратуры Рагачоўскага раёна, тэрыторый арганізацый, якія забяспечваюць абароназдольнасць, бяспеку дзяржавы і жыццядзейнасць насельніцтва (прадпрыемствы вода-, цепла-і энергазберажэння, грамадскі транспарт, установы дашкольнай адукацыі, установы агульнай сярэдняй адукацыі, каледжаў і вучылішча), прыпыначных пунктаў грамадскага транспарту; тэрыторый, размешчаных на адлегласці менш за 100 метраў ад будынкаў устаноў аховы здароўя; месцаў, дзе функцыянаванне пікетаў будзе перашкаджаць дзейнасці арганізацый або прадстаўляць небяспеку для жыцця і здароўя ўдзельнікаў пікетаў.
Рашэнне апублікавана ў раённай газеце “Свабоднае слова”.
Прыкладна тое ж самае датычыцца і Жлобінскага раёна. Да 100-метровай адлегласці тут, праўда, удакладняецца спіс гэтых будынкаў. Гэта паліклінікі № 1, № 2, медыка-санітарная частка БМЗ, ФАП, Цэнтр алімпійскага рэзерву па хакею з шайбай і плаванню. Рашэнне з’явілася 9 ліпеня на сайце раённай газеты “Новы дзень”.
– У прынцыпе, гэтага патрабуе закон, і я не думаю, што падчас выбараў выканкам будзе падводзіць пад гэтыя патрабаванні любое месца, дзе б можна было забараніць пікеты, – кажа кіраўнік жлобінскай раённай арганізацыі партыі левых “Справядлівы свет” Валеры Рыбчанка. – На выбарах 2010 года наогул ніякіх забаронаў не было. Тут, напрыклад, калі мы не зможам выставіць пікет каля Цэнтра алімпійскага рэзерву, то гэта не будзе вялікай нязручнасцю. З такім жа поспехам мы паставім пікет насупраць, каля крамы “Дняпроўскі”. І хай выканкам вылічвае, колькі там метраў – 99 ці 101.
БРЭСТЧЫНА
Брэст
У спіс месцаў, забароненых для правядзення пікетавання з мэтай збору подпісаў выбаршчыкаў па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў у Брэсце, паводле адпаведнага рашэння гарвыканкама трапілі: плошча Леніна, плошча Свабоды, праспект Машэрава, бульвар Касманаўтаў, бульвар Шаўчэнкі, вуліцы Леніна, Савецкая, Гогаля, Міцкевіча, Маскоўская, тэрыторыя мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой” і мясцовага аўтавакзалу, сквер імя Іконнікава, аб'екты чыгуначнага і воднага транспарту.
Акрамя таго, нельга збіраць подпісы на адлегласці менш за 200 метраў ад будынка РУП “Тэлерадыёкампанія “Брэст”; на адлегласці менш за 50 метраў ад будынкаў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, мясцовых прадстаўнічых, выканаўчых і распарадчых органаў, дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў, судоў, органаў пракуратуры, тэрыторый воінскіх часцей і арганізацый, якія забяспечваюць абароназдольнасць, бяспеку дзяржавы і жыццядзейнасць насельніцтва (грамадскі транспарт, прадпрыемствы вода-, цепла-і энергазабеспячэння, установы дашкольнай адукацыі, установы агульнай сярэдняй адукацыі); на адлегласці менш за 100 метраў ад будынкаў арганізацый аховы здароўя.
Брэсцкі раён
Рашэннем Брэсцкага райвыканкама вызначаны месцы, дзе забаронена ладзіць пікеты з мэтай збору подпісаў выбаршчыкаў па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.
Такім чынам, забарона тычыцца тэрыторыі, якая знаходзіцца на адлегласці менш за 50 метраў ад адміністрацыйных будынкаў органаў мясцовага кіравання і самакіравання, арганізацый і ўстаноў, якія забяспечваюць абароназдольнасць, бяспеку дзяржавы і жыццядзейнасць насельніцтва (воінскія часткі, памежныя пераходы, установы аховы здароўя, адукацыі, аддзяленні банкаў і паштовай сувязі), вытворчых тэрыторый прадпрыемстваў і арганізацый. Акрамя таго, нельга збіраць подпісы на прыпынках грамадскага і чыгуначнага транспарту, скрыжаваннях, пешаходных пераходах і мастах, каля помнікаў архітэктуры, гісторыі, культуры, воінскіх пахаванняў (у радыусе 50 метраў ад іх), а таксама на тэрыторыі культавых будынкаў рэлігійных суполак.
Баранавічы
Афіцыйны сайт Баранавіцкага гарвыканкама паведамляе, што 9 ліпеня гарвыканкам прыняў рашэнне “Аб вызначэнні месцаў у горадзе Баранавічы, забароненых для правядзення пікетавання з мэтаю збора подпісаў выбаршчыкаў па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага схода пятага склікання”.
У гэтым рашэнні паведамляецца, што з мэтаю стварэння роўных магчымасцяў па збору подпісаў выбаршчыкаў і ў адпаведнасці з Выбарчым кодэксам забараняецца праводзіць падпісныя пікеты на адлегласці меньш як за 50 метраў ад будынкаў органаў мясцовага кіравання (самакіравання), тэрыторый арганізацый, якія забяспечваюць абароназдольнасць і бяспеку дзяржавы, а таксама жыццяздольнасць насельніцтва (прадпрыемствы вода-, цепла- і энэргазабеспячэння).
Такім чынам, у Баранавічах камандам кандыдатаў, найперш апазіцыйных партый і арганізацый, цяжка будзе наладзіць збор подпісаў з дапамогай пікетаў – усе людные месцы трапілі пад наўпростую забарону.
Афіцыйная газета Баранавіцкага гарадскога выканаўчага камітэта “Наш край” пакуль не надрукавала рашэнне гэтае рашэнне гарвыканкама.
Пінск
Пінскі гарадскі выканаўчы камітэт прыняў рашэнне №765, у якім вызначыў месцы, дзе забаронена праводзіць пікеты для збору подпісаў. Рашэнне апублікавана ў газеце “Пінскі веснік” і на афіцыйным сайце гарвыканкама.
Так, на тэрыторыі горада пікеты можна праводзіць паўсюль, за выключэннем памяшканняў прадпрыемстваў і арганізацыяў. Акрамя таго, забаронена збіраць подпісы на адлегласці менш за 50 метраў ад будынкаў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, суда, пракуратуры, міліцыі. Таксама нельга збіраць подпісы бліжэй за 50 метраў ад будынкаў прадпрыемстваў, установаў, арганізацыяў, аб’ектаў грамадскага харчавання і гандлю, гатэляў, інтэрнатаў, на прыпынках грамадскага транспарту, плошчах і іншых месцах, якія забяспечваюць жыццядзейнасць насельніцтва.
То бок, фактычна - паўсюль і нідзе. І сябрам ініцыятыўных групаў кандыдатаў, каб знайсці ўдалае месца для пікета і не парушыць рашэнне выканкама, трэба будзе прыкласці вялікія намаганні, ці проста заняцца пакватэрным абыходам выбаршчыкаў.
У рашэнні Пінскага гарвыканкама дадзена ўказанне супрацоўнікам ГАУС прыняць меры па папярэджанні збору подпісаў у неадведзеных для гэтага месцах.
Пінскі раён
Пінскі раённы выканаўчы камітэт прыняў рашэнне забараніць правядзенне “падпісных пікетаў” на адлегласці меньш як 50 метраў ад будынкаў Лагішынскага пасялковага і сельскіх выканкамаў, установаў адукацыі раёна, аўтастанцыі “Лагішын”, пасадачных пляцовак чыгуначных станцыяў, аўтобусных прыпынках, пешаходных пераходах, мастоў, помнікаў архітэктуры, гісторыі і культуры, вайсковых могілкаў, тэрыторыяў культавых будынкаў.
Таксама нельга ладзіць пікет бліжэй за 100 метраў ад установаў аховы здароўя Пінскага раёна. І іншых месцах, дзе функцыяванне пікета будзе перашкаджаць дзейнасці прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў, ці ўяўляць небяспеку для жыцця і здароўя ўдзельнікаў пікетаў.
Такім чынам у Пінскім раёне камандам кандыдатаў цяжка будзе наладзіць збор подпісаў з дапамогай пікетаў – усе людные месцы трапілі пад наўпростую забарону. А, непазначаныя у рашэнні месцы трапляюць пад фармулёўку магчымай перашкоды дзейнасці прадпрыемстваў, арганізацыяў і ўстановаў, ці ёсць такая перашкода хутчэй за ўсё будуць вырашаць іхнія кіраўнікі.
Сваё рашэнне Пінскі райвыканкам абвесціць праз газету “Полесская правда” і радыёпраграме “Сельская піншчына” праваднога радыё.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"
Каментароў пакуль няма