У Магілёве звесткі пра “неўключэнцаў” у акруговыя камісіі – праз 30 дзён
Удзельнік кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Васіль Ліпскі спрабаваў даведацца звесткі пра людзей, якія не былі ўключаны ў склад акруговай выбарчай камісіі Магілёўскай сельскай выбарчай акругі №88, аднак у прадастаўленні такіх звестак яму было адмоўлена.
“Я пайшоў у арганізацыйна-кадравый аддзел і вусна папрасіў прадаставіць мне такія звесткі, аднак мне адмовілі. Сказалі, што проста грамадзянам такія звесткі не даюць. Пасля гэтага я папрасіў даць звесткі аб непрайшоўшых у склад камісіі людзях пісьмова. Мая заява была зарэгістравана, пасля чаго мне сказалі, што адказ дадуць цягам 30 дзён”, - кажа Васіль Ліпскі.
Праваабаронца Барыс Бухель адзначае, што Выбарчы кодэкс прадугледжвае кароткія тэрміны разгляду толькі для скаргаў.
“Васіль Ліпскі звярнуўся ў аблвыканкам з заявай даць яму інфармацыю. Гэты момант Выбарчы кодэкс не рэгулюе, таму прадстаўнікі ўлады вырашылі яму даць адказ на падставе закона “Аб звароце грамадзян”. Аднак, гэты закон прадугледжвае адказ цягам 15 дзён, калі не патрэбна праводзіць разбіральніцтва ці раследванне. 30 дзён для адказу па такому пытанні – гэта вельмі шмат. У гэтым выпадку можа быць згублена актуальнасць гэтай інфармацыі”, - кажа Барыс Бухель.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма