Бабруйскі гарвыканкам тлумачыць пратэст рабочых “перадвыбарнай дзейнасцю” апазіцыі
Бабруйскія чыноўнікі адрэагавалі на адмову працаваць рабочых завода Трактарных дэталяў і агрэгатаў (ТДіА) тлумачэннямі на гарвыканкамаўскім сайце.
Нагадаем, 9 ліпеня вячэрняя змена зборкі трактароў адмовілася працаваць - з-за пазбаўлення 45-і адсоткаў заробку. Пры гэтым рабочыя сцвярджалі, што начальнік цэха заявіў ім: “я захацеў, я і пазбавіў”. Таксама адзін з прастэтуючых заявіў, што гэта не забастоўка.
Гэтая гісторыя выйшла далёка за межы горада, што, верагодна, падштурхнула мясцовых ідэолагаў на “супакойванне” бабруйчан. Яны надрукавалі на сайце гарвыканкама артыкул з назвай “Достойный труд - достойная оплата или как "половина завода бастовала”, у якім спісваюць забастоўку на “перадвыбарчую дзейнасць пэўных структур па зарабленню палітычных дывідэндаў”. Яны, нібыта, і зрабілі “бясплатны піяр” заводу, калі растыражыравалі навіну пра адмову брыгады працаваць.
У артыкуле сцвярджаецца, што рабочыя абралі, ці ім параілі, тэхналогію “італьянскай забастоўкі”, і тлумачыць, што гэта такое. “Усё гэта прыводзіць да спаду прадуктыўнасці працы, аб'ёмаў вытворчасці і даходаў прадпрыемствы, такім чынам - агульнага зніжэння заработнай платы работнікаў ўсяго прадпрыемства”, - піша аўтар. І супакойвае, што “у дадзены момант канфліктная сітуацыя вырашылася”.
Таксама ў артыкуле распавядаецца пра дасягенні і моц ТДіА, сцвярджаецца, што гэты завод у ліку лідэраў па росту заробкаў. Тут жа цытуюцца словы Лукашэнкі і фразы кшталту “сёння сацыяльна-эканамічнае развіццё роднага прадпрыемства, горада і краіны залежыць ад кожнага чалавека на сваім працоўным месцы”, ці “асобная адказнасць кладзецца на кіраўніцтва калектываў”… Яно, на думку аўтара, мусіць патрабаваць выконваць план, і наладзіць канструктыўны дыялог з працоўнымі.
Гэтая гісторыя з ТДіА “нарадзіла” і гісторыю са звальненем галоўнага ідэолага завода – Пятра Слабадчука. “Вы мяне выбачайце, я не магу вам даць ніякай інфармацыі, таму што я больш там не працую. Усё, да пабачэньня, хлопцы. Больш мне не тэлефануйце з вашымі пытаньнямі”, - заявіў чыноўнік журналістам Радыё Свабода. Але працоўныя ТДіА мяркуюць, што ідэолаг напэўна пажартаваў, бо і сёння працягвае працаваць у звыклым рэжыме.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"
Каментароў пакуль няма