Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Суд Маларыцкага раёна падтрымаў забарону пікета “За сумленныя выбары”

Суд Маларыцкага раёна (Брэсцкая вобласць) прыняў рашэнне пра законнасць забароны пікета  “За сумленныя выбары” з боку Маларыцкага райвыканкама.

Заяўнік, сябра Брэсцкай аддзялення Праваабарончага цэнтра “Вясна” Уладзімір Малей, лічыць, што суд не быў аб’ектыўным пры прыняцці такога рашэння. На думку праваабаронцы, у дадзеным выпадку парушаны яго канстытуцыйныя правы, гарантаваныя таксама і Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, -  на распаўсюд інфармацыі і на правядзенне мірных сходаў.

Уладзімір Малей меў намер правесці пікет “За справядлівыя выбары” ў шматлюдным месцы – на пляцоўцы непадалёк ад Дома культуры, дзе ў абедзены час праходзіць шмат людзей.

У рашэнні чыноўнікаў пра адмову паведамлялася, што ў Доме культуры размешчаны аддзел культуры і ЗАГС - а гэта ўжо дзяржаўныя структуры. Згодна з законам аб масавых мерапрыемствах, масавыя мерапрыемствы ля іх можна праводзіць на адлегласці не меней за 50 метраў. Атрымалася, што Малею не хапіла 25 метраў. Але ён лічыць, што ён як адзіны ўдзельнік пікету ў працоўны дзень не мог нанесці шкоды і не ўяўляе сабою небяспеку для аддзела культуры і ЗАГСа.

Праваабаронца мае намер давесці гэтую справу да ААН, калі ў вышэйшых судовых інстанцыях Рэспублікі Беларусь не ўдасца абараніць свае канстытуцыйныя правы.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма