Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Рэчыца: сам прапанаваў, сам прагаласаваў

  • Пётр Шостак, старшыня Рэчыцкага райвыканкама
    Пётр Шостак, старшыня Рэчыцкага райвыканкама

Першае паседжанне Рэчыцкай акруговай выбарчай камісіі прайшло пад пільным наглядам старшыні райвыканкама. Ён і вёў паседжанне, і прапанаваў, каго абраць старшынём камісіі, і нават галасаваў. Пры гэтым сам Пётр Шостак у камісію не ўваходзіць.

Пра гэта распавёў старшыня Гомельскай абласной Рады Партыі БНФ Валерый Пуціцкі, які накіраваны ў камісію ў якасці назіральніка ад групы грамадзян:

– Старшыня райвыканкама Пётр Шостак вёў паседжанне. І кажа, што трэба абраць старшыню камісіі. Я чакаў, што хто-небудзь з камісіі скажа, каго маўляў, прапаную абраць старшынём.

Але і кандыдатуру на пасаду старшыні прапанаваў сам Пётр Шостак. А затым і прагаласаваў за яе.

– Прапаную, кажа, абраць старшынём Віталя Атаманчука – гэта намеснік старшыні райвыканкама па ідэалогіі, які і раней неаднойчы ўзначальваў выбарчыя камісіі, – працягвае Валерый Пуціцкі. –  І сам першы падняў руку, галасуючы. Хоць ён не ўваходзіць у камісію. І астатнія прагаласавалі.

Акруговыя выбарчыя камісіі па выбарах у Палату прадстаўнікоў фарміраваліся абласнымі ўладамі. Уся камісія складаецца з людзей, падабраных уладай. Нікога з апазіцыі не ўключылі, а былі вылучаны трое: Васіль Гулай ад Аб'яднанай грамадзянскай партыі, Уладзімір Шэін ад партыі «Справядлівы свет» і Алег Карбалевіч ад Партыі БНФ.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма