Брэст: партыйцы просяць перагледзець рашэнне пра месцы для пікетаў
Брэсцкія прадстаўнікі
трох палітычных партый накіравалі ў аблвыканкам зворот, у якім просяць абавязаць
ўлады горада перагледзець спіс месцаў у абласным цэнтры, дзе забаронена ладзіць
пікеты для збору подпісаў па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты Палаты
прадстаўнікоў пятага склікання.
Кіраўнікі мясцовых партыйных суполак Уладзімір
Вуек (АГП), Ігар Маслоўскі (БСДП (Г)), Людміла Дзенісенка (“Справядлівы
свет”) адзначаюць у сваім звароце, што абмежаванні, уведзенныя Брэсцкім
гарвыканкамам напярэдадні этапу збору подпісаў у часе цяперашняй выбарчай
кампаніі, неабгрунтаваныя. “Выклікае поўнае здзіўленне прыведзеная матывіроўка,
дзе гаворыцца, што мэтай гэтага рашэння ёсць стварэнне роўных магчымасцяў па
зборы подпісаў выбаршчыкаў па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты Палаты
прадстаўнікоў, - адзначаюць аўтары звароту. – Зусім незразумела, якім чынам
можна стварыць роўныя магчымасці і каму, калі з ліку дазволеных у Брэсце выключаны
такія месцы, як бульвар Касманаўтаў, бульвар Шаўчэнкі, вуліцы Леніна, Гогаля,
Міцкевіча, Маскоўская”. У лік забароненых месцаў для збору подпісаў трапіла
таксама пешаходная вуліца Савецкая, што таксама негатыўна успрымаюць
прадстаўнікі палітычных партый, бо пікетаванне на гэтай вуліцы нікому не
стварала перашкодаў падчас мінулых выбарчых кампаній самых розных узроўняў.
Аўтары звароту лічаць, што рашэнне Брэсцкага гарвыканкама №1362 абмяжоўвае
правы ініцыятыўных групаў пры правядзенні пікетаў за вылучэнне кандыдатаў у
дэпутаты, і просяць аблвыканкам у адпаведнасці з Канстытуцыяй РБ, артыкуламі 61
і 65 Выбарчага кодэкса РБ абавязаць гарадскія ўлады ўнесці змены ў сваё
рашэнне.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"
Каментароў пакуль няма