Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Магілёў: БНФ абскарджвае неўключэнне сваіх сябраў у акруговыя камісіі

  • Зміцер Салаўёў, старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі ПБНФ
    Зміцер Салаўёў, старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі ПБНФ

Адпаведную скаргу актывісты ПБНФ накіравалі ў Магілёўскі абласны суд.

Яны просяць суд прызнаць рашэнне Прэзідыума Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў і Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта “Аб стварэнні акруговых выбарчых камісій па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання” незаконным і неабгрунтаваным.

Сябры БНФ таксама просяць прыняць новае рашэнне аб утварэнні акруговых выбарчых камісій - з уключэннем у іх прадстаўнікоў БНФ.

Кіраўнік магілёўскай абласной арганізацыі партыі БНФ Зміцер Салаўёў лічыць, што неўключэнне ў склад акрыговых камісій сябраў партыі сведчыць пра тое, што выбары зноўку будуць непразрыстымі.

“Можна смела казаць, што ўлады зноўку ўзяліся за старое і ўключаюць у склад камісій мінімальную колькасць прадстаўнікоў дэмакратычных партый. Яны баяцца адкрытасці, каб нашы актывісты бачылі як усё адбываецца. Станоўчага рашэння ад абласнога суду не чакаю, бо суд у нас таксама залежны ад вертыкалі ўлады і рашэнне будзе прынятае не на нашу карысць”, - кажа Салаўёў.

Нагадаем, што ПБНФ на Магілёўшчыне вылучыла ў акруговыя выбарчыя камісіі 9 сваіх прадстаўнікоў, аднак ніхто з іх не быў уключаны у іх склад. У Магілёўскай вобласці ў акруговыя камісіі прайшлі толькі тры дэмакраты: два ад партыі “Справядлівы свет” і адзін ад Аб’яднанай Грамадзянскай партыі.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма