Мазырская акруговая камісія: дырэктары ішлі ад прафсаюзаў
У Мазыры дырэктарскаму корпусу аказаны давер ісці ў акруговую выбарчую камісію ад праўладных прафсаюзаў. Таксама ў першых шэрагах – супрацоўнікі райвыканкама.
Ад грамадзян шляхам збору подпісаў вылучыліся толькі начальніца аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Вераніка Байкова (яна ў чарговы раз стала і сакратаром камісіі) і начальнік раённага аддзела Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Аляксандр Чыгер.
Актыўна пайшлі ў камісію вылучэнцы ад прафсаюзаў. Дырэктар швэйнай фабрыкі Тамара Брэль – ад прафсаюза лёгкай прамысловасці, рэктар педагагічнага ўніверсітэта Валянцін Валетаў – ад прафсаюза адукацыі, упраўляючы аддзяленнем БПС-Сбербанка Мікалай Дзегцяроў – ад прафсаюза банкаўскіх работнікаў. Дырэктар гасцінічнага комплексу “Прыпяць” Наталля Усікава вылучана прафсаюзам камунальна-бытавых устаноў, а генеральны дырэктар “Мазырсельбуда” Аляксандр Шульга – прафсаюзам будаўніцтва.
Разнастайнай актыўнасцю вылучаецца галоўны рэдактар раённай дзяржаўнай газеты Ларыса Чорная. На прэзідэнцкіх выбарах 2010 г. яна ўваходзіла ў камісію ад “Беларускага саюза жанчын”. А цяпер ёй аказаў давер прафсаюз аграпрамысловага комплексу.
Адзіным прафсаюзным вылучэнцам не з дырэктарскага корпусу з’яўляецца Міхаіл Пташынскі. Ён – кіраўнік справамі райвыканкама. Але менавіта ён, вылучэнец яшчэ аднаго праўладнага прафсаюза – работнікаў дзяржаўных устаноў, у чарговы раз стаў старшынёй камісіі. Намесніцай яго будзе дырэктар фабрыкі Тамара Брэль.
Ёсць у камісіі і партыйны вылучэнец – Эдуард Раманоўскі, генеральны дырэктар райжылкамгаса (ад праўладнай партыі камуністаў). А з грамадскіх арганізацый, якія падтрымліваюцца ўладамі, у камісію ўвайшлі таксама кіраўнік мясцовага аддзялення “Белай Русі” Ігар Барысаў (галоўны ўрач цэнтральнай паліклінікі), першы сакратар райкама БРСМ Ганна Казакевіч і прадстаўніца Беларускага аб’яднання ветэранаў Анастасія Кашэўнікава.
Дададзім, што з 13 чалавек, уключаных у камісію, чацвёра – члены райвыканкама: В. Байкова, В. Валетаў, М. Пташынскі і М. Чорная.
Вылучаліся ў камісію і людзі не ад улады: ад партыі “Справедлівы свет” – сп. Бокаў, а ад грамадзян шляхам збору подпісаў – Уладзімір Целяпун. Але аблсавет і аблвыканкам іх не ўключылі ў камісію.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"
Каментароў пакуль няма