Партыя БНФ падае ў суд
Скарга датычыцца адмовы ва ўключэнні сябраў ПБНФ у акруговыя выбарчыя камісіі.
Агулам падрыхтавана 30 скаргаў: па 9 кандыдатурах - у Магілёўскі абласны суд, 7 - у Мінскі гарадскі суд, 5 – у Мінскі абласны суд і 9 - у Гродзенскі абласны суд.
Нагадаем, што партыя БНФ агулам вылучала 57 сваіх прадстаўнікоў, прайшло толькі 12 з іх.
Сярод прычынаў адмовы называўся сталы ўзрост кандыдатураў ад БНФ, адсутнасць досведу працы ў выбарчых камісіях, няправільна аформленыя дакументы заяўкі.
У адпаведнасці з арт.34 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь рашэнне органаў, якія ўтвараюць камісію, можа быць абскарджана ў трохдзённы тэрмін з дня яго прыняцця. Суд разглядае скаргу ў трохдзённы тэрмін, яго рашэнне з’яўляецца канчатковым.
Праваабаронца Валянцін Стэфановіч кажа, што практыка падобных абскарджванняў несуцяшальная. “Заканадаўча няма крытэраў, па якіх павінны фармавацца выбарчыя камісіі. З аднаго боку гэта дазваляе дзяржаўным органам суб’ектыўна фармаваць камісіі, з другога - абскардзіць такое рашэнне ў судзе складана”.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"
Каментароў пакуль няма