Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Слуцк: Выраз “новы дэпутат” з вуснаў старшыні камісіі гучаў двухсэнсоўна

  • Віталь Амяльковіч
    Віталь Амяльковіч

Назіральнік БХК Віталь Амяльковіч, які 12 ліпеня зарэгістраваўся ў Слуцкай акруговай выбарчай камісіі, прысутнічаў на другім яе паседжанні, дзе сабралася 11 сябраў з 13.  

Узначаліў камісію нязменны на працягу апошніх выбарчых кампаній Аляксандр Андрушкевіч, дырэктар Слуцкага філіяла дзяржаўнага прадпрыемства “Мінаблпаліва”. Былы намеснік старшыні Слуцкага райвыканкама па ідэалогіі пенсіянер Пётр Даўгучыц стаў намеснікам старшыні камісіі. Загадчык юрыдычнага сектара райвыканкама Юрый Скрыган абраны сакратаром камісіі, і абіраецца ён ў гэтай якасці з выбарчай кампаніі 2008 года.

На паседжанні камісія зацвердзіла па ўзгадненні з Слуцкім райвыканкамам падзел акругі на 56 выбарчых участкаў.

Аляксандр Андрушкевіч нагадаў пра абавязкі сябрам камісіі: ад рэгістрацыі ініцыятыўных групаў да ўручэння пасведчання новаму дэпутату. Пасля яго прамовы ў залі павісла цішыня. У сітуацыі, калі дзеючая дэпутат па Слуцкай акрузе Інэса Кляшчук адмаўляецца кантактаваць з прадстаўнікамі незалежнай прэсы, шырокай аўдыторыі пакуль не вядома, хто будзе прэтэндаваць на дэпутацкі мандат ад улады. Таму выраз “новы дэпутат” з вуснаў старшыні камісіі гучаў двухсэнсоўна.

Калі ў сябраў камісіі ўзнікла пытанне, якія памылкі сустракаюцца ў ініцыятыўных групаў прэтэндэнтаў у кандыдаты, слова ўзяў намеснік старшыні Пётр Даўгучыц. Высветлілася, што ён, хоць і ўпершыню працуе ў складзе камісіі, аказаўся вельмі дасведчаным у гэтай тэме.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма