Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Сябры камісіі Маладэчанскай гарадской акругі ведаюць “сакрэты” ўжо не адных выбараў

На выбарах у Маладэчанскім раёне будуць працаваць дзве акруговыя камісіі: на Маладэчанскай гарадской і сельскай акругах.

Найбольш адказнай, відаць, будзе праца ў камісіі Маладэчанскай гарадской выбарчай акругі №72, дзе, хутчэй за ўсё, ва ўладнага кандыдата будзе канкурэнт. Таму яна ў асноўным складаецца са старых, правераных не аднымі выбарамі, кадраў: 10 чалавек з 13-ці.

З першага погляду падаецца – гэта камісія сфармавана выключна на дэмакратычных прынцыпах: у складзе, акрамя начальнікаў, ідэолагаў і працаўнікоў выканкаму, ёсць просты лабарант установы адукацыі, пенсіянеркі і нават вартаўнік. Але на справе лабарант Апяцёнак Аксана аказваецца сакратаром БРСМаўскай пярвічкі, пенсіянерка Жаўняровіч Ніна – былы ідэолаг СПК “Краснае”, а пенсіянерка Арловіч Люцыя – наогул былая старшыня мясцовага савета дэпутатаў, былая старшыня акруговых камісіяў некалькіх выбараў, да якой у мясцовых праваабаронцаў накапілася шмат пытанняў наконт яе ўдзелу ў фальсіфікацыях. А просты вартаўнік Людміла Мястоўская – гэта былы вядучы спецыяліст па ахове дзяржаўных сакрэтаў былога завода-гіганта “Спадарожнік”, якая таксама захоўвае сакрэты ўжо не адных выбараў.

Больш элітарным складам вылучаецца камісія Маладэчанскай сельскай выбарчай акругі №73. З 13 сябраў камісіі – 12 дзейсных ці былых начальнікаў і працаўнікоў выканкамаў. Прычым амаль ўсе яны патрапілі ў камісію шляхам збору подпісаў грамадзянаў.

Прадстаўніцтва грамадскіх арганізацый у абедзвюх камісіях – стандартны набор: “БРСМ”, “Белая Русь”, “Чырвоны крыж”, Беларускае грамадскае аб’яднанне ветэранаў і прафсаюзы.

Адзінай прадстаўніцы Партыі БНФ, якая жадала працаваць у акруговай камісіі, даверу аказана не было.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма