Хоцімскі прэтэндэнт у кандыдаты заяўляе пра ціск на сваю ініцыятыўную групу
Прэтэндэнт на вылучэнне ў кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў кардынатар кампаніі “Гавары праўду” па Хоцімскім раёне Валерый Каранкевіч кажа пра тое, што на сябраў яго ініцыятыўнай групы аказваецца ціск з боку супрацоўнікаў праваахоўных органаў і мясцовых уладных структур.
“Апошнім часам цэлы шэраг нашых актывістаў наведалі супрацоўнікі праваахоўных органаў і прымусілі падпісаць паперы аб адказнасці за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях, - кажа Валерый Каранкевіч. – Са мной асабіста на працягу двух гадзін гутарылі ў пракуратуры на гэты конт. Кіраўніка майго перадвыбарчага штаба Пятра Басейку супрацоўнік КДБ наведваў спачатку дома, а пасля завітаў і да яго на працу. Раённая газета “Шлях кастрычнік” без усялякага чынніка надрукавала вытрымку з Закона аб СМІ і Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях аб адказнасці за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ, што яўна накіравана супраць распаўсюджваемай намі згодна закона маланакладнай газеты “Беларускі Усход”. Адным словам, на людзей ідзе пастаянны ціск. Я звязваю гэты непрыхаваны ціск з маім намерам балатавацца ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Крычаўскай выбарчай акрузе № 83, чаму супрацоўнікі праваахоўных органаў і мясцовыя ўлады старанна спрабуюць перашкодзіць”.
Валерый Каранкевіч кажа, што запалохаць яго не ўдасца, і ўжо сёння ён падае дакументы на рэгістрацыю сваёй ініцыятыўнай групы ў акружную выбарчую камісію.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"
Каментароў пакуль няма