Магілёўскага актывіста Уладзіміра Трызунова прымушаюць звольніцца з працы
Актывіст дэмакратычнага руху працуе простым грузчыкам на заводзе №4 РУПП “Магілёўхлебрам”, аднак ужо меў дзве сустрэчы з ідэолагам прадпрыемства спадаром Драздом.
“11 ліпеня мяне выклікалі ў кабінет дырэктара, дзе разам з ім знаходзіліся начальнік цэха, старэйшы майстар і ідэолаг. Ідэолаг расказаў мне, што я рухаюся не ў тым напрамку, у якім неабходна рухацца, і займаюся не тым, чым трэба. Ён сказаў, што ведае пра мяне ўсё, у тым ліку, чым я займаюся ў свой вольны час”, - распавядае Уладзімір Трызуноў.
Актывіст адзначае, што ідэолаг прапанаваў яму звольніцца па асабістым жаданні, тым самым разарваць працоўны кантракт, аднак Уладзімір ад гэтай прапановы адмовіўся.
“Ідэолаг казаў, што мяне выкарыстоўваюць дэмакратычныя лідэры як марыянетку і такім чынам зарабляюць на мне грошы, а я, вось такі нехарошы, не разумею гэтага. Акрамя таго на мяне нібыта ўсе скардзяцца і са мной ніхто не хоча працаваць”, - дадае актывіст.
Наступная сустрэча Уладзіміра Трызунова з ідэолагам Драздом адбылася 12 ліпеня.
“На яе я прыйшоў узброены вытрымкай з Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і паказаў таварышу Дразду артыкул 4, паводле якога дэмакратыя ў краіне здзяйсняецца на падставе разнастайнасці палітычных інстытутаў, ідэалогій і думак. Адна ідэалогія не можа ўсталёўвацца для грамадзян у якасці абавязковай.
Ідэолаг быў здзіўлены, аднак сказаў, што ведае пра гэты артыкул Канстытуцыі. Ён зноўку распачаў тэму аб маім звальненні па ўласнай ініцыятыве з 1 жніўня. Ён сказаў, што лічыць мяне прыстойным чалавекам і што я сам звольнюся без усялякіх праблем, і параіў, каб я ўжо пачынаў шукаць сабе новае месца працы”, - працягвае Уладзімір Трызуноў.
Тым часам, па яго словах, працоўны кантракт у яго з прадпрыемствам заключаны на адзін год і скасоўваць яго з 1 жніўня, як таго жадае ідэолаг Дрозд, ён не збіраецца.
“Я нікому не дазволю ўмешвацца ў сваё ўласнае жыццё, будзь ці то Дрозд, ці хто-небудзь іншы, і буду да апошняга змагацца за свае грамадзянскія правы, бо мне неабыякавы лёс маёй краіны, я хачу, каб яна стала сапраўды дэмакратычнай, падабаецца гэта ідэолагам ці не, і прыкладу для гэтага ўсе свае намаганні”, - кажа Уладзімір Трызуноў.
Актывіст лічыць, што ціск на яго звязаны з пачаткам выбарчай кампаніі.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"
Каментароў пакуль няма