Магілёўскія ўлады запэўніваюць у высокай яўцы на выбарах
Са словаў начальніка ўпраўлення арганізацыйна-кадравай працы Магілёўскага аблвыканкама Аляксандра Сіваева, насельніцтва вобласці заўсёды дэманстравала на выбарах высокую культуру і дакладную выбарчую пазіцыю, што будзе і на гэтых выбарах.
“Думаю, што і ў гэтым годдзе жыхары Магілёўшчыны будуць актыўна галасаваць на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання. Тым болей, што сацыяльных перадумоваў байкатаваць іх няма. У нашай краіне стабільная палітычная і эканамічная абстаноўка, паступова ўзвышаецца ўзровень жыцця і дабрабыт людзей”, - адзначыў Аляксандр Сіваеў.
Праваабаронца Барыс Бухель лічыць, што чыноўнік выдае жадаемае за сапраўднае.
“Ягоныя словы азначаюць, што і на гэтых выбарах людзей зноўку строем пагоняць на выбарчыя ўчасткі і, перш-наперш, на датэрміновае галасаванне. Як паказвае незалежнае назіранне, на шматлікіх выбарчых участках Магілёва выбары не адбываюцца, бо яўка выбаршчыкаў на мясцовых і парламенцкіх выбарах вельмі нізкая. Аднак у пратаколах пішуць усё, што патрэбна ўладзе. Мы і ў гэтым годзе будзем выяўляць і фіксаваць усе такія парушэнні і інфармаваць аб гэтым грамадскасць”, - кажа Барыс Бухель.
Трэба адзначыць, што артыкул пра высокую яўку выбаршчыкаў з каментаром Аляксандра Сіваева быў змешчаны на ўсіх дзяржаўных магілёўскіх сайтах і ў шэрагу газет Магілёўшчыны.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"
Каментароў пакуль няма