Прафсаюзу РЭП адмоўлена ў разглядзе скаргі на вынікі фармавання акруговых камісій
Брэсцкі абласны суд адмовіў ва ўзбуджэнні грамадзянскай справы па скарзе рэспубліканскага савета Беларускага прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці на рашэнне Прэзідыума Брэсцкага аблсавета і аблвыканкама аб стварэнні акруговых выбарчых камісій па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў пятага склікання.
Пра гэта паведамляе прававы інспектар Берасцейскага абласнога аддзялення прафсаюза РЭП Уладзімір Малей.
Нагадаем, скарга была накіравана ў суд у сувязі з тым, што ў камісіі не былі ўключаны чатыры прадстаўнікі незалежнага прафсаюза – у той час як ад праўладных прафсаюзаў прайшлі ўсе вылучэнцы.
Прычынай для адмовы з боку суда стала тое, што скаргу падпісаў не старшыня прафсаюза РЭП, а яго намеснік, і пры гэтым не былі прадстаўлены дакументы, якія пацвярджаюць паўнамоцтвы намесніка падпісваць і пацвярджаць заявы.
Уладзімір Малей з такім рашэннем не згодны, таму падрыхтаваў прыватную скаргу ў Вярхоўны суд РБ. На думку юрыста, суддзя Брэсцкага абласнога суда парушыў артыкул 60 Канстытуцыі РБ, у якім замацавана права грамадзянаў звяртацца ў суд па абарону сваіх правоў і інтарэсаў. У Вярхоўны суд пры гэтым будзе прадастаўлена даведка аб паўнамоцтвах намесніка старшыні прафсаюза РЭП і статут аб’яднання.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"
Каментароў пакуль няма