Маладэчна: сталі вядомыя альтэрнатыўныя кандыдаты
Пакуль улады не спяшаюцца рэгістраваць ці проста рассякрэчваць сваіх кандыдатаў, апазіцыя заяўляе аб намеры прыняць удзел у парламенцкіх выбарах у Маладэчне.
13 ліпеня ў Маладэчанскую гарадскую камісію заяву на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы падаў мінскі прадпрымальнік, былы сябра АГП Сяргей Балыкін. Аб намеры вылучыць сваю кандыдатуру заявіў таксама маладэчанскі актывіст руху “За Свабоду”, сябра Партыі БНФ Ян Лагвіновіч.
Па словах Сяргея Балыкіна, ён выдатна разумее ўсю супярэчлівасць беларускай выбарчай сістэмы, але лічыць, што досвед удзелу ў палітычных кампаніях можа стаць бескаштоўным тады, калі справядлівыя выбары ўрэшце адбудуцца. Напярэдадні выбараў, у чэрвені, спадар Балыкін напісаў заяву ад прыпыненні сяброўства ў АГП, бо вырашыў балатавацца і ісці да канца, што супярэчыць рашэнню з’езда партыі аб т.зв. абмежаваным удзеле – зняцці кандыдатаў.
Другі магчымы кандыдат – Ян Лагвіновіч – мае намер ісці як кандыдат ад Партыі БНФ. Ягоны досвед удзелу ў многіх выбарах у якасці кандыдата, даверанай асобы дэмакратычных кандыдатаў ці назіральніка – дазваляе таксама глядзець на гэтае мерапрыемства без ілюзіяў. Але ён разглядае ўдзел у парламенцкай кампаніі як працу на будучыню, “трэба быць аптымістамі” – лічыць Ян.
Ці будзе ён урэшце здымаць сваю кандыдатуру – залежыць ад сітуацыі і пазіцыі партыі.
Што датычыцца вядомасці дэмакратычных прэтэндэнтаў у кандыдаты – мінскі прадпрымальнік Сяргей Балыкін вядомы чытачам мясцовай “Рэгіянальнай газеты”, дзе друкаваўся як эканамічны эксперт, акрамя таго ён балатаваўся ў аблсавет па Маладэчанскай акрузе; на рахунку Яна Лагвіновіча – больш як 10-гадовы стаж актыўнага ўдзелу ў грамадска-палітычным жыцці Маладэчна, некалькі ўдалых мясцовых кампаній па вырашэнні лакальных праблемаў і двухразовае кандыдатства ў мясцовыя Саветы.
Абодва прэтэндэнты разглядаюць чарговы ўдзел у выбарах як сродак “раскруткі”, толькі Сяргей Балыкін кажа пра раскрутку асабістую, а Ян Лагвіновіч - “раскрутку” “Народнай праграмы” у прыватнасці і гуманістычных каштоўнасцяў увогуле”.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма