Маладэчна: назіральніку адмовілі ў атрыманні інфармацыі
Маладэчанскі праваабаронца Эдуард Баланчук, які зарэгістраваны ў якасці назіральніка ад Беларускага Хельсінскага камітэта ў Маладэчанскай гарадской выбарчай акрузе №72, паведаміў, што ўжо атрымаў з боку прадстаўнікоў акружной камісіі першую адмову ў прадастаўленні яму неабходных звестак.
У суботу 14 ліпеня Эдуард Баланчук даведаўся, што ў Маладэчанскую гарадскую камісію была пададзена першая заява на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы прэтэндэнта ў кандыдаты. Каб спраўдзіць гэта, а таксама атрымаць звесткі пра асобу, якая мае намер вылучацца, Эдуард прыехаў у камісію і папрасіў прадаставіць яму адпаведную інфармацыю.
У той час там дзяжурыла прадстаўніца камісіі Кастусік Ларыса, і не знайшоўшы ніякіх журналаў аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп і адпаведных дакументаў, яна патэлефанавала сакратару камісіі. Сакратар – Людміла Мястоўская – дала загад ніякіх звестак назіральніку не прадастаўляць. Эдуарду Баланчуку параілі прыйсці ў панядзелак, маўляў, можа тады яму чым-небудзь дапамогуць.
У панядзелак павінна адбыцца другое паседжанне камісіі.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма