Гомельская вобласць, Мазыр, Пружаны, Брэст, Івацэвічы, Полацк. Акруговымі камісіямі кіруюць прадстаўнікі выканкамаў (дадаецца)
Гомельская вобласць
Аналіз паказаў, што ўзначальваюць акруговыя камісіі ў Гомельскай вобласці ці намеснікі старшынь райвыканкамаў, ці ідэолагі, ці дырэктары буйных прадпрыемстваў. На крайні выпадак – начальнікі аддзелаў арганізацыйна-кадравай працы выканкамаў.
Варта заўважыць, што на большасці сайтаў райвыканкамаў вобласці нельга знайсці інфармацыю пра склад акруговых камісій. Сайты выканкамаў змяшчаюць, як пад капірку, толькі агульную інфармацыю пра выбары, і зрэдку – пра месцы, забароненыя для пікетаў.
Намеснік галавы адміністрацыі Савецкага раёна Гомеля Алена Герашчанка ўзначаліла акруговую камісію Гомельскай-Савецкай акругі №34, сакратаром будзе працаваць галоўны бухгалтар упраўлення сацыяльнай абароны адміністрацыі Наталля Сачыловіч.
Старшынёй акруговай камісіі Гомельскай-Прамысловай акругі №35 абрана начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай працы Ала Андрушчанка, намеснікам старшыні — дырэктар школы Інна Цімашэнка, сакратаром — галоўны спецыяліст аддзела адукацыі адміністрацыі Наталля Шапарава.
Выбарчую акруговую камісію Калінкавіцкай акругі №41 ўзначаліў Алег Макушынскі – намеснік старшыні райвыканкаму. Намеснікам старшыні камісіі стаў дырэктар упраўлення капітальнага будаўніцтва Калінкавіцкага раёна Дзмітрый Гайкевіч, а сакратаром – начальнік аддзелу арганізацыйна-кадравай працы Алена Дзергач.
Начальнік аддзела адукацыі Хойнікскага райвыканкаму Людміла Кулакоўская ўзначаліла акруговую камісію Хойніцкай акругі №47.
Старшынёй акруговай камісіі Рагачоўскай акругі №45 стаў намеснік старшыні райвыканкаму Васіль Каральчук, намеснікам старшыні камісіі абралі дэпутата раённага савету, дырэктара філіялу «Гомельаблгаз» Васіль Баранаў, а сакратаром – начальніка аддзелу арганізацыйна-кадравай працы Ірына Шаціла.
Мазыр
Прайшло першае арганізацыйнае паседжанне акруговай камісіі Мазырскай выбарчай акругі №42. Старшынёй камісіі абраны кіраўнік справамі Мазырскага райвыканкама Міхаіл Пашынскі. Ён вылучаны ад беларускага прафсаюза супрацоўнікаў дзяржаўных і іншых устаноў. Такім чынам, камісіяй будзе кіраваць кіраўнік выканаўчага органу, што пазбаўляе камісію незалежнасці ад выканаўчай улады.
Уладзімір Целяпун, мазырскі праваабаронца, меркаваў, што ў склад камісіі, як і раней, будзе ўключана Тамара Брэль, дырэктар мазырскай швейнай фабрыкі “Надэкс”. Аднак, замест яе намеснікам кіраўніка выбарчай камісіі стаў Аляксандр Шульга ад беларускага прафсаюза працаўнікоў будоўлі і прамысловасці будаўнічых матэрыялаў, генеральны дырэктар Мазырсельбуд. Сакратаром з’яўляецца начальнік аддзелу арганізацыйна-кадравай працы райвыканкама Вераніка Байкова, абраная ад групы грамадзян. У створаную Мазырскую акруговую выбарчую камісію амаль цалкам увайшлі яе пастаянныя сябры. У склад камісіі ўваходзіць трынаццаць чалавек.
Уладзімір Целяпун, які падаваў заяву ад групы грамадзян разам з рэзюмэ аб сваёй грамадскай дзейнасці, не ўвайшоў у склад выбарчай камісіі. Пры гэтым грамадзяне атрымалі ліст-адказ, са зместу якога не вынікае матываваных прычын, па якіх было адмоўлена ва ўключэнні іх прадстаўніка ў склад акруговай камісіі.
Акрамя Целяпуна ў склад Мазырскай акруговай выбарчай камісіі вылучаўся, але атрымаў адмову сябра Партыі левых “Справядлівы свет” - В. Бокаў.
Акруговай камісіяй быў разгледжаны шэраг пытанняў: зацверджаны план працы акруговай камісіі, былі ўзгоднены межы сарака ўчасткаў, а таксама іх нумарацыя.
Мясцовая газета “Жыццё Палесся”, орган мазырскага райвыканкама і райсавета, своечасова праінфармавала чытачоў пра стварэнне акруговай камісіі і надрукавала рашэнне Мазырскага райвыканкама “Аб вызначэнні ў Мазырскім раёне месцаў, забароненых для пікетавання з мэтай збора подпісаў выбаршчыкаў па вылучэнню кандыдатаў у дэпутаты ПП НС …”.
Пружаны
На прэзідыўме Брэсцкага аблсавета і аблвыканкама старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар аб’явіў, што адбіралі ў сябры камісіі людзей вопытных, якія будуць плённа працаваць. Склад акруговай камісіі Пружанскай выбарчай акругі № 9 таму прыклад.
З 13 прадстаўнікоў камісіі 11 набіраліся вопыту ці ўмацоўвалі яго на прэзідэнцкіх і мясцовых выбарах 2010 году. 12-ты сябра - ад Сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Мікола Папека меў практыку сяброўства ў акруговай камісіі падчас выбараў у Палату прадстаўнікоў у 2008 годзе. У склад камісіі ўваходзяць 3 работнікі Бярозаўскага і Пружанскага райвыканкамаў, 5 кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый.
З грамадскіх арганізацый і партый акрамя прадстаўнікоў праўладных партыі - КПБ і Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці, па аднаму сябру з апазіцыйных партый: “Справядлівы свет” і Сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). Грамадскія арганізацыі спрэс дзяржаўнага кшталту: Белая Русь, БРСМ, дзяржаўны прафсаюз, Беларускае грамадзкае аб’яднанне ветэранаў; «Беларускі фонд міру»
Старшынёю камісіі абраны Анатоль Лаптановіч, накіраваны ад грамадскага аб’яднання «Белая Русь», дырэктар дзяржаўнай установы адукацыі «Пружанскі міжшкольны вучэбна-вытворчы камбінат працоўнага навучання і прафесійнай арыентацыі вучняў» У 2010 годзе падчас прэзідэнцкіх выбараў меў такую ж пасаду раённай выбарчай камісіі. У 2010 годзе намеснікам ў яго быў Сачэўка Іван Васільевіч, вылучаны зараз ад Камуністычнай партыі Беларусі, старшыня раённага камітэту Беларускага прафсаюзу працаўнікоў адукацыі і навукі. Так і засталося. Толькі цяпер ужо ў акруговай камісіі. Не разбіваць жа спрацаваную між сабой пару.
Сакратара камісіі вырашылі таксама не мяняць. Святлана Яфімава -галоўны спецыяліст аддзелу арганізацыйна-кадравай працы Пружанскага райвыканкаму. З кіраўніцтва атрымаўся своеасаблівы трыўмвірат з вопытам працы у выбарчых камісіях.
Брэст
Упершыню пад адным дахам падчас цяперашняй выбарчай кампаніі будуць знаходзіцца адразу тры акруговыя камісіі. Размова ідзе пра Брэсцкую-Цэнтральную №2, Брэсцкую-Усходнюю №3 і Брэсцкую-Памежную №4 выбрачыя акругі, месцам знаходжання якіх вызначаны будынак адміністрацыі Маскоўскага раёну гэтага абласнога цэнтру. Цікава, што калі службовыя тэлефоны у кожнай камісіі адрозніваюцца, дык факс будзе адзіны на ўсіх.
Што тычыцца размеркавання пасадаў у акруговых выбаркамах Брэста, дык тут таксама можна заўважыць некаторыя асаблівасці. Старшыню акругі №2 на мінулых выбарах у Палату прадстаўнікоў Марыю Колбік і сакратара Ірыну Хазей зараз абралі на такія самыя пасады ўжо у акруговую камісію №3. У сваю чаргу ранейшая старшыня выбаркама у камісіі №3 Галіна Янголенка разам з сакратаркай Інай Акімавай працуюць на гэтых пасадах у выбарчай акруге №2.
Застаецца дадаць, што Колбік і Акімава з’яўляюцца галоўнымі спецыялістамі аддзелу адукацыі адміністрацыі Маскоўскага рёну Брэста, а Янголенка і Хазей таксама працуюць у адукацыйнай сферы. Акрамя таго, Брэсцкую-Заходнюю выбарчую акругу №1 узначаліла былая кіраўніца справамі адміністрацыі Ленінскага раёну, а зараз пенсіянерка Таццяна Наумавец, Брэсцкую-Памежную акругу №4 – Надзея Зайцава, якая таксама зусім яшчэ нядаўна працавала на пасадзе кіраўніцы справамі адміністрацыі Маскоўскага раёну (цяпер займае пасаду намесніка старшыні раённай камісіі па справах непаўнагадовых).
Івацэвічы
У Івацэвіцкую акруговую выбарчую камісію № 11 з 13 сябраў камісіі падаўляючую можна назваць прадстаўнікамі ад улады. Напрыклад, старшыня камісіі Уладзімір Бурдзь –дырэктар Івацэвіцкага філіяла ЖКГ “Райводаканал”, намеснік старшыні камісіі Ірына Бачкалевіч – работніца Івацэвіцкага райвыканкама, бяззменны сакратар акруговай камісіі Алена Лакішык -- юрыст Івацэвіцкага райвыканкама. Сябрамі камісіі сталі кіраўнікі Івацэцкіх райветстанцыі і санэпідстанцыі– Сяргей Дзяжора і Вікенцій Койпаш.
Бяроза таксама не падвяла: накіравала сябрамі акруговай камісіі вопытнейшых у працы падобных камісій таварышаў: Алену Муратаву – работніцу райвыканкама, Аляксандра Неліповіча – нядаўняга работніка райвыканкама па справах моладзі, які цяпер узначальвае Бярозаўскі дзяржаўны прфесійна-тэхнічны каледж № 109 будаўнікоў, Яўгена Шымчука – старшыню СВК “Вінец”.
З грамадскіх арганізацый трапілі прадстаўнікі дзяржаўнага прафсаюза аграпрамысловага комплекса, БРСМ, ад партый - Сяргей Чэшка (КПБ), і партыі “Справядлівы мір” Генадзь Жураўлёў.
Полацк
«Полацкі веснік» апублікаваў першую мясцовую інфармацыю аб маючых адбыцца парламенцкіх
выбарах. Палачане і жыхары Полацкага раёна могуць азнаёміцца са складам акруговых
выбарчых камісій і даведацца, якім чынам былі вылучаны абраныя ў іх грамадзяне.
Месца працы і пасады сябрамі камісыі не пазначаныя. Тут жа размешчана інфармацыя
аб першым пасяджэнні камісій і абраных старшыні, яго намесніку і сакратары.
Склад акруговай камісіі (усяго 13 сяброў) ад выбараў да выбараў у Полацку
традыцыйна мяняецца вельмі нязначна. Так, у склад цяперашняй камісіі ўвайшло 9
чалавек, якія працавалі на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года. Старшынствуе ў
камісіі традыцыйна кіраўнік справамі Полацкага гарвыканкама Лёдзій
Аляксандравіч Лысёнак. Намеснік старшыні
- Вольга Уладзіміраўна Ждановіч - вылучана ў камісію ад Беларускага грамадскага
аб'яднання ветэранаў, да нядаўняга часу яна таксама працавала ў Полацкім гарвыканкаме.
Упершыню на гэтых выбарах у склад акруговай камісіі ўключаны прадстаўнік апазіцыйнай
Партыі БНФ.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма